Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства гандлю адхіліла прэтэнзіі да тэндэру на экранізацыю раману Марціновіча «Сфагнум»


Пастаноўка «Радзіва „Прудок”» у Купалаўскім тэатры
Пастаноўка «Радзіва „Прудок”» у Купалаўскім тэатры

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі не знайшло парушэньняў у працэдуры дзяржзакупак на здымкі мастацкага фільма паводле раману Віктара Марціновіча «Сфагнум».

Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Таксама няма прэтэнзій да тэндэру на здымкі стужкі «Дзесяць жыцьцяў Мядзьведзя», рэжысэрам якой заяўлены Андрэй Кудзіненка.

Скаргу на завышанасьць каштарысаў згаданых стужак даслаў «Тэлевізійны прадусарскі цэнтар». Раней Міністэрства культуры выбрала «Першую кінавідэакампанію» для здымак фільма паводле кнігі Андрэя Горвата «Радзіва „Прудок“», міні-сэрыяла «За паўгадзіны да вясны» пра Ўладзімера Мулявіна і біяграфічнага фільма «Дзесяць жыцьцяў Мядзведзя» пра алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Студыя «Дэмарш-фільм» выйграла тэндэр на экранізацыю рамана Віктара Марціновіча «Cфагнум».

Пасьля скаргі закупкі на вытворчасьць стужак «Сфагнум» і «Дзесяць жыцьцяў Мядзьведзя» былі прыпыненыя.

Асобную скаргу падрыхтаваў драматург і рэжысэр Андрэй Курэйчык, які ўдзельнічаў у конкурсе на экранізацыю кнігі Горвата. Курэйчык лічыць, што ягоная кампанія «Безбуслоў Артс» адзіная прапанавала сумленную цану — 165 тысяч даляраў. Аднак Міністэрства культуры выдаткавала двум прыватным вытворцам на парадак большыя сумы — 830 тысяч, 730 тысяч, 466 тысяч і 262 тысячы даляраў. Ён зьвярнуў увагу на адсутнасьць антыманапольных абмежаваньняў, у выніку чаго тры з чатырох лотаў дасталіся адной кампаніі.

Кампанія «Безбуслоў Артс» разьмясьціла скаргу на сайце дзяржаўных закупак. Працэдура закупкі на экранізацыю «Радзіва „Прудок“» была адмененая. Аднак Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адхіліла скаргу як неадпаведную патрабаваньням.

Такім чынам фармальныя перашкоды для экранізацыі «Радзіва „Прудок“» і «Cфагнум» пераадоленыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG