Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр прэзыдэнт Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман, абаронца габрэйскай спадчыны


Якаў Гутман, Гомель, 2017 год.
Якаў Гутман, Гомель, 2017 год.

У Нью-Ёрку 15 ліпеня памёр прэзыдэнт Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў, ураджэнец Гомельшчыны Якаў Гутман. Сёлета яму споўнілася 75 гадоў.

Пра сьмерць Якава Гутмана напісаў ягоны ўнук Джош Котляр:

«З болем у душы паведамляю, што гэтай раніцай пайшоў з жыцьця мой дзядуля Яша. Ён быў добрым, шчодрым і клапатлівым чалавекам. Ён быў таксама адным з самых разумных і начытаных людзей, якіх я толькі ведаў. Ад яго я шмат даведаўся пра гісторыю нашай сям’і, пра СССР, пра юдаізм, а таксама пра навуку і пра шмат чаго іншага. Кожны тэлефонны званок рабіўся доўгай размовай, падчас якой мы абодва даведваліся нешта новае пра сьвет (а я пасьпяваў навучыцца нейкай новай фразе на ідыш).

Ён быў нястомны змагар за правы габрэяў у яго роднай Беларусі, гэтая барацьба пачалася яшчэ ў савецкія часы, дзе габрэям быў закрыты доступ у прэстыжныя ВНУ, дзе рэлігійныя абрады былі забароненыя, дзе зь ідыш цэнзура выкідала ўсе зьвязаныя з рэлігіяй словы і дзе нельга было гаварыць на іўрыце або вывучаць яго без дазволу спэцслужбаў».​

Продкі Якава Гутмана паходзілі з-пад Мазыра. У Другую сусьветную вайну многія габрэі загінулі. 31 жніўня 1941 году больш за 20 гараджанаў зьдзейсьнілі акт самаспаленьня, паўтарыўшы подзьвіг абаронцаў габрэйскай крэпасці Масаду ў 73 годзе нашай эры. Насуперак перашкодам мясцовых уладаў, Якаў Гутман дамогся ўсталяваньня ў Мазыры помніка беларускай Масадзе.

У перадачы «Галасы стагодзьдзя» на Радыё Свабода Якаў Гутман успамінаў:

«Найбольш значны факт, які паўплываў на ўсё маё жыцьцё, адбыўся ў кастрычніку 1991 году. За два стагодзьдзі да таго ў Валожыне пачала працу ешыва, якая стала маткаю для ўсіх ешываў Эўропы. Чатыры чалавекі з дынастыі рабінаў, якія яе заснавалі, пахаваныя на тамтэйшых могілках.

І вось тады ў кастрычніку мы закладалі першы камень у агароджу вакол гэтых могілак. Там была вельмі цікавая аўра. Прыехаў кардынал Сьвёнтак зь Пінску, дэпутаты Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў. Баршчэўскі пачаў сваю размову па-беларуску, а закончыў яе на ідыш. Ён па-беларуску казаў, што гэта немагчыма, каб у гэтым сьвятым месцы хадзілі козы, бараны. А потым гаварыў на ідыш. Гэта нас узрушыла, бо найвялікшая павага, якую ты можаш выказаць свайму суразмоўцу, гэта калі размаўляеш на яго мове».

Амаль два дзясяткі гадоў Якаў Гутман жыў у ЗША, аднак працягваў падтрымліваць дэмакратычныя арганізацыі на радзіме і абараняў габрэйскую спадчыну. У прыватнасьці, займаўся пытаньнем захаваньня нэкропаляў у беларускіх гарадах і мястэчках.

У свой апошні прыезд у Беларусь у 2017 годзе дамагаўся спыненьня руйнаваньня габрэйскіх могілак у Гомлі на вуліцы Сажоўскай. Улады перадалі пад забудову шматпавярховымі дамамі тэрыторыю старых пахаваньняў. Справа дайшла да суду.

Якаў Гутман
Якаў Гутман

На знак пратэсту супраць антыгабрэйскіх выказваньняў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Гутман ладзіў адзіночныя пікеты ля прэзыдэнцкай адміністрацыі, падчас аднаго зь іх у 2004 годзе быў затрыманы. Неўзабаве пасьля гэтага ён зьехаў у ЗША.

Свой ад’езд за акіян Якаў Гутман у камэнтары для Свабоды патлумачыў так:

«Я зьяжджаю туды, бо вырашаць нейкія габрэйскія пытаньні, седзячы ў Менску, сёньня немагчыма. Вырашаць пытаньне зьмены палітычнага рэжыму тут немагчыма. Я ня згодны з гэтым рэжымам, бо ён праводзіць дзяржаўную антысэміцкую палітыку. Я насамрэч хачу папрасіць прабачэньня ў беларускага народу, бо мы зрабілі свой унёсак у тое, што сёньня ёсьць у Беларусі, бо была магчымасьць спыніць і зацугляць. Я зрабіў усё, што мог, і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб гэты народ жыў ня горш за іншыя».

Яшчэ раней, у 1990-я, Якаў Гутман дапамагаў з выездам дзяцей, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, на лячэньне ў Ізраіль і Фінляндыю.

Гомельская гісторык і журналістка Марыя Булавінская ўспамінае Гутмана:

«Мы пазнаёміліся ў 2017 годзе, калі Якаў Гутман прыехаў у Гомель, каб бараніць габрэйскія могілкі. Ён бараніў габрэйскую спадчыну яшчэ з савецкіх часоў, пікетаваў у 2004 годзе адміністрацыю прэзыдэнта; яго затрымалі, ён трапіў у шпіталь. Ён абараніў шмат нэкропаляў, у тым ліку ў Мазыры габрэйскія могілкі. Гэта шчыры чалавек, які бараніў спадчыну; чалавек, які бараніў справядлівасьць, любіў родны край і верыў у перамены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG