Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго Лукашэнка зьбіраецца бараніць незалежнасьць, калі адносіны з Расеяй паляпшаюцца?


Кіраўнікі Беларусі і Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Кіраўнікі Беларусі і Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Паляпшэньне адносін паміж Менскам і Масквою разбурае ўсю перадвыбарчую піяраўскую канструкцыю аб пагрозе незалежнасьці з боку Расеі і вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту.

Сьцісла:

  • Тэма абароны незалежнасьці стала ляйтматывам выбарчай кампаніі Лукашэнкі. І пагроза бачыцца з боку Расеі.
  • Паводле афіцыйнай вэрсіі ўладаў, галоўнымі праявамі расейскага замаху на беларускую незалежнасьць стала вылучэньне Масквой ажно двух апанэнтаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах: Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.
  • Але якраз апошнім часам, калі, паводле лёгікі афіцыйнай прапаганды, адносіны паміж дзяржавамі мусілі б абвастрыцца, яны паляпшаюцца.
  • Камандзе Лукашэнкі не ўдаецца прапанаваць грамадзтву нейкі зразумелы, несупярэчлівы мэсыдж, галоўная тэма кампаніі размазваецца, разбураецца.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў на парад у Маскву з трыма сынамі. Маўляў, цяпер сябруем сем’ямі.

У той жа час усе апошнія выступы Лукашэнкі зводзяцца да таго, што галоўная праблема, якая цяпер паўстала перад краінай, — гэта абарона незалежнасьці. Гэтая тэма стала ляйтматывам ягонай выбарчай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы прэзэнтуе вобраз абаронцы Айчыны ад вонкавых ворагаў, якія замахваюцца на самае сьвятое, хочуць, каб беларусы «хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў».

Пакінем убаку тое, што ён зьвяртаецца да вельмі архаічных вобразаў (бізун, лапці), проста незразумелых большасьці грамадзян.

Таксама ня будзем задавацца пытаньнем, хто прывёў краіну да такога стану, што праз 30 гадоў сувэрэннага існаваньня раптам узьнікла пагроза страціць незалежнасьць, і хто той Іван Сусанін, які завёў Беларусь у балота.

У прапагандысцкіх схемах лёгікі заўсёды бракуе.

Тут узьнікае важнейшае пытаньне: адкуль пагроза, калі на ўвазе яны маюць найперш Расею.

Паводле афіцыйнай вэрсіі ўладаў, галоўнымі праявамі расейскага замаху на беларускую незалежнасьць стала вылучэньне Масквой ажно двух апанэнтаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах: Сяргея Ціханоўскага (маўляў, зразумела, адкуль тыя 900 тысяч даляраў, якія нібыта знайшлі ў ягонай хаце) і Віктара Бабарыкі (за якім стаяць «лялькаводы» з «Газпрому», а, можа быць, і вышэй«). Дарэчы, такая сытуацыя здараецца ўпершыню падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі. І дзеля перадухіленьня расейскай пагрозы давялося ісьці на беспрэцэдэнтны крок: захапіць, няхай і часова, іхны банк.

Праўда, апошнім часам ярлык, навешаны на Віктара Бабарыку афіцыйнай прапагандай, трансфармаваўся. Цяпер ён ужо ня гэтулькі «расейскі агент», колькі «злачынца» і «злодзей». Але гэта ўжо дэталі.

Такім чынам, калі ёсьць рэальная, сапраўдная пагроза незалежнасьці, вораг праявіў сябе так нахабна, то трэба было б абараняцца, рабіць нейкія відавочныя палітычныя крокі. Кшталту выхаду з «саюзнай дзяржавы», АДКБ, адмаўленьня ад расейскіх вайсковых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі і інш. Але гэтага ня робіцца.

Зь іншага боку, дачыненьні з той дзяржавай мусілі б рэзка пагоршыцца.

Але дзіўным чынам усё адбываецца наадварот. Якраз апошнім часам, калі паводле лёгікі, прапанаванай афіцыйнай прапагандай, адносіны паміж дзяржавамі мусілі б абвастрыцца, яны паляпшаюцца.

Расея ня стала абараняць ня толькі нібыта «свайго» прэтэндэнта ў прэзыдэнты, але фактычна нават свой банк. Быў разьвязаны цэлы шэраг застарэлых праблемаў у беларуска-расейскіх стасунках. Прычым менавіта Расея пайшла на саступкі.

Было нарэшце падпісанае доўгачаканае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў. Прычым Масква не патрабуе ад Беларусі адмовіцца ад 30-дзённага бязьвізу для грамадзянаў 74 дзяржаваў.

Расея паабяцала выплаціць Беларусі нафтавую кампэнсацыю ў памеры 60-70 млн даляраў.

Урад Расеі пайшоў насустрач Беларусі і пагадзіўся на льготы пры выплаце крэдыту за Астравецкую АЭС. І вось прыезд Лукашэнкі на парад у Маскву з сынамі.

То бок гэтае паляпшэньне адносінаў з Расеяй разбурае ўсю перадвыбарчую піяраўскую канструкцыю аб пагрозе незалежнасьці з боку РФ і вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту.

Нават з улікам таго, што ў прапагандзе асаблівай лёгікі шукаць ня варта, усё ж з гледзішча абываталя абдымкі, пацалункі, дружба сем’ямі з кіраўніцтвам Расеі неяк дрэнна стасуюцца з нагнятаньнем іміджу падступнага ворага, які імкнецца абуць беларусаў у лапці і ляснуць бізуном. І ў апалітычнай публікі складаецца ўражаньне нейкай несапраўднай, фальшывай гульні, таннага спэктаклю.

То бок камандзе Лукашэнкі не ўдаецца прапанаваць грамадзтву нейкі зразумелы, несупярэчлівы мэсыдж, галоўная тэма кампаніі размазваецца, разбураецца. Што сьведчыць пра сур’ёзны ідэйны крызіс.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG