Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля канфіскацыі цішотак ПСІХО3% у краму Symbal.by прыйшлі з праверкай 


Цішотка symbal.by
Цішотка symbal.by

15 чэрвеня ў памяшканьне крамы symbal.by у 14.30 прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС і чатыры галоўныя падатковыя інспэктары Міністэрства па падатках і зборах па Менску, паведаміў у Фэйсбуку ўладальнік крамы Павал Белавус.

Чатыры гадзіны яны праводзілі праверку, аглядалі гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканьні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.

Супраць крамы ўжо завялі адміністрацыйную справу пасьля таго, як 12 чэрвеня міліцыянты забралі ў кур’ера Symbal.by каля 400 цішотках «ПСІХО3%», яшчэ разглядаецца варыянт завядзеньня адміністрацыйнай справы па факце парушэньня правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасьцяў (арт. 12.17 КаАП), паведаміў Павал Белавус. Цяпер праводзяць праверку.

«З нашага боку хочам публічна заявіць, што абсалютна ўся, у тым ліку і затрыманая, прадукцыя ў нашай краме прадаецца абсалютна легальна і мае дакумэнты, кожная капейка, атрыманая ад пакупнікоў, праходзіць праз касу і за яе сплочаныя ўсе падаткі», — напісаў Белавус.

З нагоды здарэньня крама запусьціла акцыю «Стыкер салідарнасьці», а таксама выклала дызайн «ПСІХОЗ%» для вольнага выкарыстаньня. Грошы, атрыманыя ад продажу стыкераў, накіруюць на працу адвакатаў і юрыстаў па справе, утрыманьне інфраструктуры крамы і разьвіцьцё сацыяльных сетак Symbal.by.

12 чэрвеня супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску канфіскавалі ў кур‘ера крамы Symbal.by Максіма Блізьнюковіча 419 цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%». Міліцыянты сказалі, што ім трэба забраць гэтыя цішоткі на праверку, і склалі пратакол выманьня. Копіяў пратаколу не далі і сказалі чакаць, калі з крамай зьвяжуцца. Паводле Белавуса, кур'ер не прысутнічаў пры падліку канфіскаваных цішотак, але ў пратаколе ўказаная большая іх колькасьць, чым фактычна паводле накладных вёз курʼер.

Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта такі адсотак папулярнасьці ў розных інтэрнэт-апытаньнях набраў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо распаўсюджаным інтэрнэт-мэмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG