Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазволена крытыкаваць уладу? Казус Ганны Севярынец


Ганна Севярынец, архіўнае фота
Ганна Севярынец, архіўнае фота

Ганну Севярынец звальняюць з працы зь вельмі адметнай матывацыяй: настаўніку нельга крытыкаваць уладу.

Сьцісла:

  • У беларускай сацыяльнай мадэлі людзі (найперш бюджэтнікі) - падданыя нават не дзяржавы, а ўладара.
  • Такая мадэль дзяржаўнага ладу сягае ў эпоху фэадалізму, сярэднявечча.
  • Такую мадэль лічыць прымальнай сам Лукашэнка, што ня дзіва. Але найбольш дзівіць тое, што гэтаксама лічаць і людзі, якія працуюць у дзяржаўных установах.

Ганну Севярынец звальняюць з працы ў гімназіі. Наўрад ці гэта для кагосьці стала нечаканым. Хутчэй зьдзіўляе тое, што яе так доўга трывалі.

Але больш за ўсё тут адметная і паказальная матывацыя рашэньня дырэктара гімназіі.

Вось як яна выглядае, паводле самой Ганны:

«[Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сыстэмы адукацыі, але я ня маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалёгію, якая ёсьць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць».

Тэзіс пра тое, што работнік дзяржаўнай, бюджэтнай установы ня мае права крытыкаваць уладу, — ідэя таталітарная, узятая з канцэпту карпарацыйнай дзяржавы.

Але ў беларускім варыянце, калі дзяржава атаясамліваецца зь «першай асобай», такая мадэль сягае ў эпоху фэадалізму, сярэднявечча. Як заявіла калісьці Натальля Качанава яшчэ ў статусе віцэ-прэм’ера, кажучы пра бюджэтнікаў: «Вы ўсе гасударавы людзі».

То бок падданыя нават не дзяржавы, а ўладара. Як у сярэднявеччы ўсё насельніцтва было падданым удзельнага князя ці караля. Прычым у эўрапейскім варыянце зь ягонай сыстэмай васалітэту існаваў мэханізм узаемных абавязаньняў і дамоўленасьцяў паміж сувэрэнам і васаламі. А ў Беларусі мы сутыкаемся зь нейкім усходнім варыянтам дзяржаўнага ладу, калі ўся краіна — уласнасьць валадара, а ўсё насельніцтва — ягоныя падданыя, абавязаныя толькі хваліць апошняга («абслугоўваць ідэалёгію, якая ёсьць»).

Тое, што ў такой мадэлі перакананы сам Лукашэнка, ня дзіва. Такія ягоныя ўяўленьні пра сьвет. Узгадваецца, як шмат хто абурыўся, калі Лукашэнка папракаў памерлых ад каранавірусу людзей за тое, што яны псуюць статыстыку. Маўляў, самі вінаватыя, бо не гуляюць у хакей, назьбіралі шмат хваробаў, набралі лішнюю вагу. З гледзішча нармальнай лёгікі гучыць дзікавата. Але калі глядзець на сытуацыю з гледзішча ўдзельнага князя эпохі фэадалізму, то ўсё становіцца на свае месцы. Ён жа валадар над жыцьцём і сьмерцю сваіх падданых. Вось і ўшчувае іх. Якія пытаньні?

Але найбольш дзівіць, што гэтаксама лічаць і людзі, якія працуюць у дзяржаўных установах. Пра гэта сьведчаць развагі дырэктара Смалявіцкай гімназіі. І ня толькі. Узгадайма, як пакорліва работнікі ўстановаў па ўсёй краіне падпісваліся ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі. Практычна без пратэсту. Усе абурэньні былі ананімнымі.

Вядомы тэарэтык лібэралізму Людвіг фон Мізэс у свой час прыйшоў да такой высновы: «Прадстаўнічая дэмакратыя ня можа існаваць, калі значная частка выбарнікаў атрымлівае плату ад дзяржавы».

Думаю, абсалютна зразумела, чаму Лукашэнка так трымаецца за існую сацыяльную мадэль з дамінаваньнем дзяржавы ўва ўсіх сфэрах і катэгарычна адмаўляецца ад якіх-хаця рэформаў у гэтым кірунку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Хто такая Ганна Севярынец?

Ганна Севярынец — настаўніца вышэйшай катэгорыі, ляўрэат конкурсу «Настаўнік году Менскай вобласьці — 2017» і фіналіст гэтага ж конкурсу ў 2020 годзе.

Вучні Севярынец станавіліся пераможцамі алімпіяд і конкурсаў.

Севярынец займаецца літаратурнымі дасьледаваньнямі. Яна знайшла архіў паэта Алеся Дудара і склала найбольш поўны збор яго твораў «Алесь Дудар. Выбраныя творы» (2017).

Ляўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» у 2017 годзе. Аўтарка і складальніца кніг «Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго» (2017), «Вакол Пятра Глебкі» (2019), «Тры Анегіны» (2020), «Янка Купала. Выбраныя творы» (2020). Аўтарка мастацкай прозы: «Вспоминая Вегас», «Дзень сьвятога Патрыка» (2017), «Гасьцініца „Бэльгія“» (2019).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG