Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыж Эўфрасіньні Полацкай можа знаходзіцца ў Расейскай праваслаўнай царкве, — генэрал-маёр КДБ у адстаўцы


Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Мастак Лазар Богша. 1161 год
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Мастак Лазар Богша. 1161 год

Генэрал-маёр Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў адстаўцы Іван Юркін расказаў на дзяржаўным тэлеканале СТВ, што славуты крыж Эўфрасіньні Полацкай можа знаходзіцца ў распараджэньні Расейскай праваслаўнай царквы.

«У нас былі відавочцы, што вывазам дакумэнтаў Магілёўскага абкаму займалася НКВД, — расказаў вэтэран КДБ. — Праз тры дні, як пачалася [Вялікая айчынная] вайна, прыйшоў цягнік у Магілёў, і частка дакумэнтаў была пагружаная ў пульманы спэцыяльныя і накіраваная ва Ўфу, а потым празь некаторы час тыя дакумэнты, што засталіся, былі вывезеныя машынамі.

І нібыта пры пагрузцы хтосьці бачыў гэты крыж. Мы прасачылі рух гэтых аўтамабіляў да Масквы, яны пасьпяхова туды прыбылі. У нас была здагадка, што калі яны адкрылі сэйф, дзе знаходзіўся гэты „Магілёўскі збор“, то яны маглі адправіць у архіў Сыноду».

Правяралі, кажа Юркін, і іншыя вэрсіі — што крыж Эўфрасіньні Полацкай і Магілёўскі збор маглі знаходзіцца ў асабістай калекцыі наркама ўнутраных справаў Лаўрэнція Бэрыі. Але на запыт у Маскве адказалі, што крымінальная справа супраць Бэрыі сакрэтная, сьпісы рэчаў зь яе выдаць ня могуць. Ды, кажа Юркін, «паводле папярэдніх дадзеных, там няма зьвестак пра крыж».

Юркін прыгадаў, што калі былы прэзыдэнт Расеі казаў, што «ў расейскіх запасьніках крыжу няма», то «ён вельмі двусэнсоўна сказаў, што той можа быць недзе ў рэлігійных». Зь беларускага боку ў Расею накіравалі шмат запытаў і атрымалі шмат адказаў пра крыж, але з Сыноду РПЦ няма адказу.

Эўфрасіньня Полацкая — князёўна паходжаньнем, дачка Ўсяслава Чарадзея, асьветніца і першая жанчына, кананізаваная ў сьвятыя.

У 1161 годзе на яе замову ювэлір Лазар Богша вырабіў крыж з кіпарысавага дрэва, пакрыты золатам і срэбрам, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і выявамі лікаў сьвятых. Вось ужо амаль тысячу гадоў рэліквія лічыцца ці не галоўнай духоўнай сьвятыняй Беларусі.

Нягледзячы на запавет, напісаны на тарцах, які забараняў выносіць крыж з манастыра, ён неаднаразова трапляў да іншаземцаў, якія шлі з войнамі празь беларускія землі. Але рознымі спосабамі яго ўдавалася вярнуць.

Пасьля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе крыж рэквізавалі разам зь іншымі дарагімі прадметамі культу і перадалі на захоўваньне ў полацкі фінаддзел. Яшчэ праз 10 гадоў яго перавезьлі ў краязнаўчы музэй Магілёва, дзе ён заставаўся да самай вайны. А летам 1941-га ў ліку тысяч памятак даўніны бясьсьледна зьнік падчас эвакуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG