Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмяніла паездку ў Беларусь». Праўнучка Ігната Дамейкі расказала пра свой карантын у Аўстраліі


Пас Дамейка ў Менску, 2018 год
Пас Дамейка ў Менску, 2018 год

82-гадовая Пас Дамейка жыве ў Сыднэі. У інтэрвію Свабодзе праўнучка філямата, навукоўца і Нацыянальнага героя Чылі апавяла, як праводзіць час у карантыне, па чым найбольш сумуе і якім, на яе думку, будзе сьвет пасьля пандэміі.

Пас — адна з больш як 200 прадстаўнікоў роду Дамейкаў, якія жывуць у Чылі, ЗША і Аўстраліі. Яна нарадзілася ў Аргентыне, у сям’і чылійскага дыплямата Хуана Дамейкі, унука «ліцьвіна» зь беларускай Мядзьведкі. Калі да ўлады ў Чылі прыйшоў сацыяліст і левы радыкал Сальвадор Альендэ, Пас, якая тады ўзначальвала Амэрыканскі культурны цэнтар, пачалі перасьледаваць. Так у 1972 годзе яна трапіла ў Сыднэй.

У 2017 і 2018 гадах яна наведала Беларусь разам са сваякамі. Сёлета зьбіралася прыехаць у Беларусь ізноў, але плянам перашкодзіла пандэмія каранавірусу.

«Аўстралійцы прадэманстравалі надзвычайную дысцыпліну»

— Пас, ці заразіўся хтосьці з вашых блізкіх або сваякоў каранавірусам?

— Ніхто з маёй сям’і ці сяброў не захварэў. У Аўстраліі 25 мільёнаў жыхароў, і толькі 6980 чалавек былі інфікаваныя, 98 памерлі. Амаль палову сьмерцяў выклікаў адзін круізны карабель, які высадзіў у Сыднэі пасярод ночы тысячы людзей, многія зь якіх ужо былі хворыя.

— Як Аўстралія спраўляецца з пандэміяй?

— Тут прынялі вельмі жорсткі закон аб локдаўне. Практычна ўсе прадпрыемствы закрыліся, усе паездкі паміж штатамі і ў астатні сьвет па сушы, паветры і морам забароненыя. Няма ніякіх публічных спартовых спаборніцтваў, школы закрытыя.

Але ў кожным зь сямі штатаў, зь якіх складаецца Аўстралія, маюцца і свае правілы. Цэнтральны ўрад, які знаходзіцца ў сталіцы Канбэры, мае толькі агульны кантроль. Людзі тут прадэманстравалі надзвычайную дысцыпліну ў выкананьні гэтых правілаў. Палітычныя партыі, якія звычайна сварацца, цяпер супрацоўнічалі, каб забясьпечыць краіне як мага больш нармальнае існаваньне. Цяпер, калі небясьпека зьмяншаецца, цярпіць і гэтае супрацоўніцтва, бо розныя людзі хочуць вырашаць праблемы па-рознаму. Мы яшчэ не гаруем, вядома, але цяжка прадказаць, што будзе ў наступныя некалькі месяцаў, калі жыцьцё пачне вяртацца да нармальнасьці.

«Падарыла ўнуку аўтамабіль»

Джэймс Дамейка, Горадня, 2018 год
Джэймс Дамейка, Горадня, 2018 год

— Як вы бавіце час у карантыне?

— Я на карантыне ўжо некалькі тыдняў, нікуды не выходжу, апроч прагулкі ў садзе свайго дома. Паколькі мне 82 гады і ў мяне ёсьць праблемы са здароўем, то я доўгі час нікуды не выходзіла. Але некалькі дзён таму небясьпека зьменшылася і я ўпершыню выйшла за межы двара. Мой унук Джэймс Дамейка прыйшоў да мяне ў госьці, ён займаўся купляй харчоў ды іншых неабходных рэчаў. Ён мой сапраўдны анёл-ахоўнік. У якасьці ўзнагароды я аддала яму свой аўтамабіль, якім я і так ня ў стане кіраваць. Я шмат чытаю, гляджу тэленавіны, тэлефаную сябрам у Аўстраліі і іншых краінах, пішу родным у Чылі і ЗША.

Усё гэта няпроста, бо я жыву адна. У будынку ў мяне ёсьць сябры, але праз абмежаваньні мы амаль ня бачымся. Цягам апошніх некалькі дзён меры аслабілі, дык мне ўдалося пагуляць па сваім раёне і самой купіць прадукты ды іншыя прадметы першай неабходнасьці. Але я ўсё яшчэ вельмі асьцярожная.

— Шмат хто ў сьвеце лічыць, што небясьпека гэтага віруса перабольшваецца і што сьвет сутыкнецца зь яшчэ большай праблемай — эканамічным крызісам у выніку локдаўну. Што вы пра гэта думаеце?

— Праблема эканамічнага крызісу ў выніку локдаўну, безумоўна, будзе велізарнай. Наш урад стварыў плян, каб усім выплачваць пэнсію і плаціць кампаніям, каб яны працавалі на працягу шасьці месяцаў. Каб і кампаніі, і работнікі мелі працу. Гэта скончыцца ў верасьні, і мы ня ведаем, што будзе пасьля гэтага. Аднак беспрацоўе застанецца вялікай праблемай яшчэ доўга.

Пас Дамейка ў Беларусі
Пас Дамейка ў Беларусі

— А ці ведаюць жыхары Аўстраліі, якую стратэгію выбрала Беларусь, і што вы думаеце пра яе?

— У аўстралійскай прэсе Беларусь згадваецца рэдка. Нядаўна пісалі пра футбол і беларускую каманду.

Я ведаю, што Беларусь ня робіць жорсткіх захадаў у барацьбе з каранавірусам, але я ведаю гэта таму, што люблю Беларусь і цікаўлюся ёю. Цяжка казаць, правільна гэта ці не, бо я ня ведаю, што будзе празь некаторы час з Аўстраліяй. Урад мецьме шмат даўгоў. На шчасьце, да гэтага ён знаходзіўся ў вельмі добрым фінансавым становішчы. Аўстралійцы даволі дысцыплінаваныя і даволі добра падпарадкоўваюцца строгім правілам. Але наперадзе цяжкія часы; нягледзячы на намаганьні ўраду, у краіне будзе шмат беспрацоўя.

Аўстралія і Новая Зэляндыя, якія зьяўляюцца вельмі блізкімі суседкамі, дамаўляюцца пра стварэньне «бурбалкі». Гаворка пра тое, каб дапамагчы адна адной, каб паміж дзьвюма краінамі адбываліся паездкі, розныя абмены пры дапамозе турызму, рэйсаў. Сотні тысяч новазэляндцаў жывуць у Аўстраліі, таму паміж дзьвюма краінамі выдатныя адносіны, якія прыносяць узаемную карысьць.

«Хацела запрасіць у Беларусь сястру і ўнука»

Пас Дамейка з дочкамі
Пас Дамейка з дочкамі

— Чаго вам найбольш не хапае падчас карантыну?

— Локдаўн у асноўным вельмі сумны, уся краіна стаіць на месцы. Але я стары чалавек і мела ня так шмат заняткаў, ад якіх я павінна была адмовіцца, як спорт, забавы, музычныя шоў, шопінг, якіх так не хапае маладым людзям.

Найбольш я сумавала па сябрах. Вельмі сумую па дочках і ўнуках, якіх не магу пабачыць. Мне давялося адмяніць паездку ў Чылі, мой квіток проста прапаў. Для мяне гэта вельмі цяжка, бо я не магу жыць без падарожжаў. Я таксама плянавала падарожжа ў Эўропу і асабліва ў Беларусь, каб наведаць дарагіх сяброў, зь якімі я там пазнаёмілася. Я хацела запрасіць у Беларусь сястру Сэсылію і ўнука Джэймса. У мяне былі пляны наведаць Партугалію, адну зь нямногіх краін, якую я ніколі не бачыла. Таму я пакуль нічога не пляную. Хто ведае, колькі яшчэ будзе доўжыцца гэты ўсясьветны крызіс у галіне аховы здароўя. Магчыма, даўжэй, чым маё жыцьцё.

— А што вы плянуеце зрабіць адразу пасьля скасаваньня ўсіх абмежавальных захадаў?

— Я не раблю плянаў на посткарантынную будучыню. Я баюся, што сьвет стане вельмі заблытаным, што будзе вялікая галеча, разгубленасьць і шмат іншых праблемаў. Хачу спадзявацца, што ўсясьветныя лідэры будуць супрацоўнічаць у іх вырашэньні, замест таго, каб спрабаваць навязваць свае пляны. На жаль, я не аптымістка, калі казаць пра будучыню, прынамсі не датычна цяперашняй групы лідэраў. Я толькі спадзяюся, што ўдасца пазьбегнуць усясьветнай вайны, бо так шмат краін маюць цяпер ядзерную зброю.

У сваім узросьце я не чакаю вялікай будучыні. Я вельмі люблю сваіх унукаў і спадзяюся, што ў іх будзе цудоўнае жыцьцё. Але я не чакаю, што чалавечы род будзе менш карумпаваным, агрэсіўным і эгаістычным і што раптам людзі стануць больш клапаціцца пра іншых. Магчыма, гэта датычыць невялікай групы людзей. Цешуся, што я ўжо старая, бо будучыня выглядае ня вельмі цікавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG