Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Ўладзімера Хадыку — паэта, які захаваў творчае «я» ў сталінскія часы


Уладзімер Хадыка
Уладзімер Хадыка

12 траўня спаўняецца 80 гадоў з дня гібелі паэта, сталінскага вязьня Ўладзімера Хадыкі. Свабода публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.

Паэзія Ўладзімера Хадыкі (1905–1940) зьдзіўляла нечаканымі вобразамі, сьмелымі параўнаньнямі. Месяц у яго быў падобны да «зацыраванай жоўтай шкарпэткі», «Верабей, як сноў пялёсткі, // Атрасае зь яблынь іней», а «Вячэрняя зара» «прайшла між хмар усьмешкай Дон-Кіхота».

Паэт пісаў у 1930-я гады эстэцкія творы і вылучаўся на фоне тагачасных складальнікаў прымітыўных савецкіх дрындушак. Захапленьня ад ягоных вершаў ня мог схаваць нават адыёзны крытык Алесь Кучар, які за тры месяцы да арышту Хадыкі надрукаваў станоўчую рэцэнзію на апошні прыжыцьцёвы зборнік паэта «Радасны будзень» (1935).

Арыштаваны 26 лістапада 1936 году, Уладзімер Хадыка пасьпеў стаць аўтарам толькі трох паэтычных зборнікаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца «Выбраныя вершы» (1932). Рэабілітаваны ў 1954 годзе. Поўны збор яго твораў так і ня выдадзены.

Уладзімер Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Уладзімер Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

1. Уступаў у творчую палеміку зь Янкам Купалам

Адпачываючы ў Кіславодзку, Янка Купала склаў эпіграму на Хадыку (надрукаваў яе ў ЛіМе 21 ліпеня 1935 г.): «...у сяброўскай «нібы эпіграме» «Валодзю Хадыку» Купала перасьцерагаў свайго адрасата, каб ён не захапляўся мудрагельствам, «задумністымі» вершамі:

Мой мілы, мой добры Валодзя!
Па-мойму, во гэтак здаецца:
«Задумністых» можа ўжо годзе,
А болей — ад сэрца, ад сэрца...

(Уладзімер Хадыка. Янка Купала. Энцыкляпэдыя. Том 3. П-Я. Менск, 2018).

Уладзімер Хадыка 11 сьнежня 1934-га напісаў зьедлівы «Адказ на пародыю Янкі Купалы «Ад сэрца» (надрукаваў у ЛіМе 6 жніўня 1935 г. — РС):

Ў падкопах ня лыкам Вы шыты
І вострае маеце джала...
Вы ж першы ў рэспубліцы крытык!
Вітаю Вас, Янка Купала!..

Па-мойму, даўно ўжо Вам трэба
Было б так напасьці удала,
Каб высьмеяць горкі мой рэбус
Ушчыпліва, Янка Купала...

(Уладзімер Хадыка. На ўзьвеях дзён. Менск, 1986).

А за чатыры гады да гэтага эпізоду ў іншым вершы Хадыка горка прызнаваўся:

Сабраць я думак не пасьпеў,
А ўжо я чую, як гавораць,
Што мой ўчарашні лірны сьпеў —
Адны пустыя пераборы.

(Уладзімер Хадыка. Выбраныя вершы. Менск, 1932).

Уладзімер Хадыка. Анкета дэлегата І Усебеларускага зьезду паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк». 25 лістапада 1925 г.
Уладзімер Хадыка. Анкета дэлегата І Усебеларускага зьезду паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк». 25 лістапада 1925 г.

2. Ня быў прыстасаванцам

Паводле Масея Сяднёва: «Як сапраўдны мастак слова, ён ня мог крывіць душой. Ён нічога ня мог хаваць ад людзей: не спадабаецца — значыць не спадабаецца, усім адразу кідалася ў вочы яго непрыязьнь або спагада ці захапленьне. Аб выніках сваіх паводзін ён ніколі не турбаваўся — ніякага разьліку, ніякае праекцыі на асабістае будучае. Будзе што будзе — праўда даражэй за ўсё» (Масей Сяднёў. Масеева кніга. Менск, 1994).

Паэт Уладзімер Клішэвіч адзначаў: «Колькі ні намагаліся „перабудаваць“ душу паэта — гэта не ўдалося, бо Ўладзімер Хадыка, зносячы зьнявагу і зьдзек, заўсёды быў чалавекам цьвёрдай волі... не прадаў сваю музу за грошы, каб сьпяваць песьні „роднаму бацьку“ Сталіну» (У. Клішэвіч. Памяці паэта Ўладзімера Хадыкі / На суд гісторыі: успаміны, дыялёгі. Менск, 1994).

3. Калегі яму зайздросьцілі і параўноўвалі з Пастарнакам

«Савецкая ўлада ўстанавіла... „апеку“ над паэтам Уладзімерам Хадыкам, гэтым беларускім Пастарнакам, як неафіцыйна і зайздросьцячы называлі яго літаратары. Стройны і прыгожы, з русай прычоскай, маўклівы і задумлівы, ён рабіў... вялікае ўражаньне... У кулюарах гаварылі, што гэта найлепшы паэт, а... на агульных сходах... крытыкі накідваліся на яго, як сабакі...» (М. Сяднёў, 1994).

Міхась Стральцоў у прадмове «Паклон з дарогі» да кнігі выбранага Хадыкі «На ўзьвеях дзён» (Менск, 1986) адзначаў, што паэт «не прамінуў... школы своеасаблівай, вобразна-лірычнай шыфроўкі, вобразнага лягарытмаваньня самога расейскага савецкага майстра (Пастарнака. — РС)».

Уладзімер Хадыка. (З публікацыі Верабей, А. «Я рад зразумелым быць свету...» Літаратурны партрэт Уладзіміра Хадыкі // Роднае слова. — 1995. — № 1)
Уладзімер Хадыка. (З публікацыі Верабей, А. «Я рад зразумелым быць свету...» Літаратурны партрэт Уладзіміра Хадыкі // Роднае слова. — 1995. — № 1)

4. Адмаўляўся ў вершах выкрываць «ворагаў народу»

Пасьля першай хвалі рэпрэсій у 1930 годзе, калі арыштавалі многіх узвышаўцаў (Уладзімера Дубоўку, Язэпа Пушчу, Адама Бабарэку), ад ацалелых паэтаў патрабавалі выказацца супраць былых таварышаў. Цэлы нумар «Узвышша» (№ 9–10, 1930) быў прысьвечаны выкрываньню «нацдэмаў». Побач з пракурорскімі па гучаньні творамі Максіма Лужаніна, Кандрата Крапівы, вершы Ўладзімера Хадыкі былі адзіныя, што яскрава вылучаліся сваім трагічным гучаньнем:

Як у навальніцу,
У скронях гром.
Можа гэта
Я хворы крышку...
Прыгадалася, як пад сталом
Кошка лавіла мышку

(зь верша «Над драпежнаю чарадою»).

Праз год у вершы «На варце пільнай і ўпартай» (Маладняк. № 1, 1931) з горкай іроніяй пісаў пра тагачаснае жаданьне сучасьнікаў паўсюль лавіць і вышукваць ворагаў:

Калі гадзюка ў грудзі лезе,
Халодным джалам сэрца строміць, —
Жыцьцё муштрую я гарэзьней,
Шукаю ворага у доме.

Вокладка першай кнігі Хадыкі «Суніцы», 1926
Вокладка першай кнігі Хадыкі «Суніцы», 1926

5. За стварэньне нефармальнага аб’яднаньня ТАВІЗ яго выключылі зь БелАПП

«...У 1930-я гг... Хадыка быў адным з арганізатараў нефармальнай суполкі ТАВІЗ — „Таварыства аматараў выпіць і закусіць“... акцэнт рабіўся на нефармальнасьць згуртаваньня, непадкантрольнасьць палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу... Паводле Юркі Віцьбіча: „На паседжаньнях багемы без старшыні і сакратара за кухлем ці кілішкам чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку. Тут кожны адчуваў сябе самім сабой...“ У 1931 г. за ўдзел у ТАВІЗе Хадыка быў выключаны зь БелАПП...» (Нацыянальная бібліятэка). У часопісе «Маладняк» пра гэта пісалася так: «За адрыў ад работы БелАПП, за сыстэматычныя п’янкі выключаны зь БелАПП’у Хадыка і Шалай» (Хроніка // Маладняк. № 1, 1931).

6. Платон Галавач абураўся бяздушным стаўленьнем да Хадыкі

У лісьце да расейскага пісьменьніка Ўладзімера Лідзіна (5 красавіка 1934 г.) Галавач пісаў: «...у апошнія месяцы адзін яго зборнік, які быў ужо надрукаваны, затрымалі, таму што ў ім ёсьць 2–4 радкі, дзе ёсьць нібыта шкадаваньне да кулака. Другі зборнік „Глыбокае рэчышча“ быў дазволены да выданьня і быў у друкарні. Яго вярнулі. І т. Клімковіч, перачытваючы яго як рэдактар... не дазволіў друкаваць у асноўным па той прычыне, што многія вершы былі для яго незразумелыя... Зборнік перад тым рэдагаваў я. Ведаю, што ў зборніку нічога шкоднага няма. Ёсьць вершы, якія даступны толькі кругу кваліфікаваных чытачоў. Дык іх, у крайнім выпадку, можна было выкінуць... Я раіў гэтак аўтару, і ён быў ужо згодны, але калі аўтар папрасіў у Дзяржвыдавецтва вярнуць яму зборнік для перагляду, Бэндэ не аддаў яго... Больш бяздушных адносін да чалавека цяжка прыдумаць» (Д. Бародзіч. Пісьмы Платона Галавача // Полымя. № 4, 1963).

7. Ад нападак яго бараніў расейскі футурыст

«У лютым 1936 г. у Мінску адбыўся чарговы трэці пленум праўленьня Саюзу пісьменьнікаў СССР, прысьвечаны паэзіі... Даклады пра беларускую паэзію зрабілі М. Клімковіч і А. Александровіч... дакладчыкі, гаворачы пра дасягненьні... не ўспаміналі У. Хадыку, але там, дзе ішла гаворка пра недахопы, яны крытыкавалі мову і зьмест ягоных твораў. Затое якой значнай падтрымкай было для паэта выступленьне... Мікалая Асеева (клясык расейскай паэзіі, вядомы футурыст у 20-я гг. — РС), які... выказаў захапленьне паэзіяй У. Хадыкі. Расейскі паэт зазначыў: «Калі я чытаю верш Уладзімера Хадыкі „Пры сьвятле тваіх усьмешак“, я чую, у ім гучаць нейкія магчымасьці абнаўленьня маёй мовы новымі паэтычнымі сродкамі». М. Асееў станоўча адазваўся пра «пошук слова-адкрыцьця» («откровения») у У. Хадыкі, пра яго «сіняй крэйдай напісаныя маланкі» (Анатоль Верабей. Жыцьцёвы і творчы шлях паэта і перакладчыка Уладзімера Хадыкі. (PDF)).

Па словах крытыка Рыгора Бярозкіна, «...на пленуме было ўпершыню названа ў шырокай усесаюзнай аўдыторыі імя Хадыкі. І зрабіў гэта адзін з найвыдатнейшых савецкіх паэтаў, паплечнік і друг Маякоўскага, М. М. Асееў» (Рыгор Бярозкін. Уладзімер Хадыка / Постаці. Артыкулы пра паэтаў. Менск, 1971).

8. Быў вялікім акуратыстам

«Цікава піша Мікола Хведаровіч пра працу Ўладзімера Хадыкі, яго ўніклівую распрацоўку кожнай дэталі і слова ў вершы. Над радком ён мог праседзець некалькі гадзін, пакуль той «не загаворыць з аўтарам». І таму ўдалая фраза ці трапнае слова прыносіла вялікую радасьць паэту. Уедлівасьць Хадыкі можна растлумачыць асаблівасьцямі яго характару. Паводле Хведаровіча: «Хадыка быў вялікі акуратыст. Ніколі я не заўважаў на ім нясьвежай кашулі. Яго адзіны гарнітур быў заўсёды старанна адпрасаваны. (...) Прыемна прыгадваць зараз, што гэтая ашчаднасьць адчувалася і ў творчасьці. Словы былі дарагія, і імі ня вельмі раскідаліся» (Нацыянальная бібліятэка).

Уладзімер Хадыка (з кнігі «На ўзьвеях дзён», 1986)
Уладзімер Хадыка (з кнігі «На ўзьвеях дзён», 1986)

9. Мужна пераносіў лягерныя нягоды, але марыў «пра хуткі канец»

Па ўспамінах Сяднёва: «У канцэнтрацыйным Іванаўскім лягеры, Новасыбірскае акругі, я разам зь ім прабыў зіму 1937–1938 гадоў. Духам Хадыка быў нязломны... Нягледзячы на страшэнныя ўмовы, Хадыка шмат пісаў. Некаторыя ж вершы гінулі пасьля таго, як яны былі каму-небудзь прачытаныя. („Паводле ўспамінаў... С. Шушкевіча... Хадыка... занатоўваў вершы на паперы для курэньня, а потым зашываў у каўнер кажуха“ (НБ). Хадыка мужна пераносіў усе цяжкасьці лягернага быту. Толькі часамі ў яго вырываліся словы: „Трэба хутчэй прыдумаць які-небудзь канец“... На чыгунцы паўз Байкал Хадыка знайшоў сабе канец. Вялізная глыба скалы, адарваўшыся, прыдавіла працуючага на катарзе паэта» (М. Сяднёў, 1994).

Паэт Уладзімер Клішэвіч перадае ўспаміны «гр-на М.» (магчыма, маецца на ўвазе С. Шушкевіч. — РС): «12 траўня мы выйшлі на працу... працавалі каля чыгункі, падрывалі скалу, а шчэбень адвозілі на тачках па трапе. Мы зь ім працавалі на пару. Толькі ён паставіў яшчэ першую тачку і не пасьпеў адысьціся, як... абарваўся з скалы камень і ўпаў... на Ўладзіка Хадыку... Hі слова не прамовіў ён. Мы кінуліся ратаваць, адвярнулі камень, але Хадыкі ўжо ня стала... Толькі моцна ішла кроў з рота і носа... Мы яму зрабілі дамавіну, пахавалі ў прыгожым месцы і паставілі земляку-беларусу крыж». (У. Клішэвіч, 1994).

10. Яго пасьмяротныя зборнікі выдаваліся надзвычай неахайна

«Пасьля сьмерці паэта выходзілі зборнікі яго выбраных твораў. Першы ўбачыў сьвет у 1959 г., аднак, як адзначалі дасьледчыкі, у кнізе было шмат адвольных правак, скарачэньняў, тэкставай блытаніны. Тое ж назіралася і ў другім зборніку, які выйшаў у сэрыі „Бібліятэка беларускай паэзіі“ ў 1969 г. Самае апошняе, найбольш поўнае выданьне твораў паэта, укладзенае А.Л. Вераб’ём, „На ўзьвеях дзён“ (1986) — невялікая кніжачка, куды ўвайшлі творы зь яго зборнікаў, а таксама вершы, апублікаваныя на старонках „Маладняка“, „Звязды“, „Савецкай Беларусі“ і іншых выданьняў у 1926–1936 гг.» (НБ).

Дзякуй за спрыяньне ў падрыхтоўцы публікацыі Тацяне Сапезе, Леаніду Дранько-Майсюку, Віктару Жыбулю

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG