Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыю «Бессмертный полк» у Менску не дазволілі, спаслаліся на каранавірус


Менскі гарвыканкам адмовіў шэрагу камуністычных і прарасейскіх арганізацыяў у правядзеньні шэсьця «Бессмертный полк» 9 траўня. Як піша Tut.by, у адказе спаслаліся на прафіляктыку COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Шэсьце на 5 тысяч чалавек хацелі сабраць арганізацыі «За Союз и коммунистическую партию Союза», «Отечество» і «За демократию, социальный прогресс и справедливость».

Менскія ўлады парэкамэндавалі ўстрымацца ад масавага мерапрыемства «ў мэтах прафіляктыкі і мінімізацыі распаўсюду вострых рэспіраторных інфэкцыяў, у тым ліку выкліканых COVID-19», спаслаліся на сваё рашэньне ад 7 красавіка аб захадах прафіляктыкі захворваньня і нагадалі пра адказнасьць за несанкцыянаваныя акцыі.

У адказе таксама гаворыцца:

«Зьвяртаем вашую ўвагу, што правядзеньне мерапрыемстваў акцыі „Бессмертный полк“ у Расейскай Фэдэрацыі ў бягучым годзе пройдзе ў фармаце онлайн, у тым ліку ў рэжыме „сацыяльнага дыстанцыяваньня“ і „самаізаляцыі“ пад агульным дэвізам „Бессмертный полк дома“».

У 2018 годзе менскія ўлады спачатку забаранілі, але пасьля дазволілі такую акцыю, у 2019-м перанесьлі месца правядзеньня, але не забаранялі. На абедзьвюх акцыях удзельнікі несьлі партрэты ня толькі сваіх продкаў-вэтэранаў Другой сусьветнай, але і партрэты Леніна (які памёр за больш як 15 гадоў да пачатку Другой сусьветнай вайны) і Сталіна. У Віцебску ў 2019 годзе «Несьмяротны полк» зладзіў шэсьце, нягледзячы на забарону.

Акцыя ў 2018 годзе:

Тым часам афіцыйны парад у Менску не скасоўваюць, нягледзячы на каранавірус і шматлікія заклікі адмяніць масавыя сходы.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая асобна выказвала занепакоенасьць менскім парадам.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары адмовіліся пераносіць або рабіць дыстанцыйнымі у сувязі з каранавірусам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG