Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Ціханоўскага, які абвясьціў на 9 траўня «АнтыПарад», затрымала міліцыя


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Пасьля двух дзён перасьледу на дарогах Беларусі 6 траўня міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара каналу «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Машыну, дзе ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ, да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад’яўляць Ціханоўскаму свае дакумэнты. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён пасьпеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца здарэньня і падтрымаць яго.

Блогер Уладзімер Няронскі паведаміў пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага.

Пазьней ва УУС Магілёўскага аблвыканкаму праваабаронцам пацьвердзілі, што Сяргей Ціханоўскі на дадзены момант сапраўды знаходзіцца ў ІЧУ. Пры гэтым супрацоўнікі ізалятара кажуць, што яго там няма.

Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы. На 9 траўня ён з падпісчыкамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад».

Як заявіў блогер Свабодзе 5 траўня, за ім пачалі сачыць міліцыя і ДАІ. Аўтадом, які ён арандаваў за грошы падпісчыкаў свайго каналу, праваахоўныя органы спынялі спачатку пад Мазыром і Калінкавічамі, потым пад Магілёвам. Ён лічыць, што такім чынам міліцыя цісьне на яго і хоча «закрыць рот».

5 траўня Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за 1,5 гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў ім не было. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі літаральна адбілі яго. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва загадала міліцыянтам сысьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG