Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падман, трэш. Колькі можна маўчаць?» Фэльчар з «хуткай» заяўляе пра ціск на працы


Павал Палейчык у складзе брыгады «хуткай дапамогі»
Павал Палейчык у складзе брыгады «хуткай дапамогі»

Павал Палейчык расказвае Свабодзе, у якіх умовах працуюць лідзкія мэдыкі падчас пандэміі і чым скончылася для яго спроба папрасіць дапамогі ў валянтэраў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

22 красавіка ў Ліду на сустрэчу з падпісчыкамі прыехаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён больш за гадзіну гутарыў у жывым эфіры з жыхарамі гораду. Адным з суразмоўцаў стаў Павал Палейчык — фэльчар лідзкай станцыі хуткай дапамогі, які расказаў пра сытуацыю ў горадзе і сваю працу. Праз два тыдні, расказвае Павал Свабодзе, стаўленьне да яго на працы зьмянілася.

«На „хуткай“ усе за мяне»

«Пасьля відэа, пасьля гэтага ўсяго вось пайшла такая каніцель, — скардзіцца Павал. — Зьнялі з брыгады рэанімацыі, дзе я працаваў паўтара года. Калі гэты ролік зьявіўся, я быў у адпачынку. Разгубіўся крыху, калі яго запісвалі. Шмат думак было ў галаве, ня ўсё сказаў, што хацеў. А сёньня пазваніла кіраўніца (размова адбывалася 5 траўня. — РС) і паведаміла, што я адсутнічаў на працы больш за тры гадзіны, і таму ў мяне прагул».

Павал кажа, што пра яго адсутнасьць загадчыца станцыі хуткай мэдычнай дапамогі Ганна Сыманюк паведаміла ў дакладной на імя галоўнага доктара. Фэльчар прызнае, што ў адзін зь дзён сапраўды замяніўся з калегам, таму што павінен быў апекавацца хворым бацькам. Яго трэба было прывезьці зь вёскі ў Ліду, у шпіталь, потым адвезьці назад. Аднак замест Паўла працаваў іншы чалавек, ніякіх праблем гэта не выклікала.

З прычыны зарэгістраванага начальствам прагулу Павал моцна не перажывае. Кажа, што звольніць за гэта яго ня змогуць. У хлопца раней не было парушэньняў на працы. У дадатак праз падзеі апошніх месяцаў ён сам хацеў звольніцца, нават напісаў заяву і аднёс кіраўніцтву. Аднак цяпер перадумаў.

«Праблемы былі яшчэ да гэтага відэа, — расказвае Павал. — У нас ёсьць група ў „Вайбэры“, дзе ўсе, хто працуе на „хуткай“ у Лідзе. Аднойчы экіпаж адправілі да чалавека з падазрэньнем на COVID-19. Без спэцыяльных касьцюмаў, толькі ў масках і пальчатках.

Я спытаўся ў групе ў начальніцы, чаму яна так зрабіла. Бо было вядома, што яна званіла і папярэджвала, каб езьдзілі на такія выклікі толькі ў масках, без касьцюмаў. Яна тлумачыла, што так трэба, каб не ствараць панікі ў насельніцтва. Пасьля гэтага пытаньня ўжо мяне ў кабінэт выклікалі. І сказалі, што пераводзяць у іншую зьмену».

Павал расказвае, што на «хуткай» у Лідзе працуе з 2014 году. Ён адвучыўся ў Слонімскім мэдычным каледжы, пасьля год адпрацаваў дыспэтчарам, затым фэльчарам рэанімацыі. Гаворыць, што кіраўніцтва ніколі ня мела прэтэнзій да яго працы. Калегі таксама.

«У нас на „хуткай“ усе за мяне, — перакананы Павал. — Пішуць прыватныя паведамленьні, падтрымліваюць. Але баяцца адкрыта выказацца. Думаю, калі пачнецца яшчэ большы ціск, то знойдзецца хтосьці, хто таксама ня будзе маўчаць».

«За зварот па дапамогу да валянтэраў я нармальна „атрымаў“»

Фэльчар расказвае, што асабіста ён мала працаваў з каранавіруснымі пацыентамі. Быў у адпачынку амаль увесь красавік. Кажа, што ў сакавіку, калі эпідэмія ў Беларусі толькі пачыналася, пасьпеў арганізаваць невялікі флэшмоб са зваротам да жыхароў Ліды, а таксама папрасіць дапамогі ў сталічных валянтэраў. Ад чаго таксама меў непрыемнасьці, сьцьвярджае ён.

«Нічога не хапае, мы самі зьвярталіся да валянтэраў па дапамогу, — расказвае Павал. — Прасілі ахоўныя экраны, касьцюмы. У выніку я за гэтую просьбу таксама нармальна „атрымаў“. Загадчыца пазваніла мне і спытала, чаму я вырашаю пытаньні безь яе.

Яшчэ флэшмоб рабілі. Апранулі касьцюмы ахоўныя, хацелі сфатаграфавацца ў іх з заклікамі „Мы будзем на працы, вы заставайцеся дома“. Я сфатаграфаваў гэта, раскідаў фота па лідзкіх групах у сацсетках. Дык дайшло да таго, што мне не далі раздрукаваць гэтыя заклікі на працы на прынтэры. Жонка дома раздрукавала. Паехаў дадому, узяў гэтыя два аркушы і вярнуўся на працу, каб сфатаграфавацца».

Ужо пасьля размовы на плошчы з блогерам Ціханоўскім і выхаду на працу Павал паехаў на выклік, дзе сутыкнуўся з хворым на COVID-19.

«Трэцяга траўня я заступіў на дзяжурства, у нас быў першы выклік, — расказвае фэльчар. — Прыехалі да чалавека, яго ванітавала. Звычайны выклік. Мы былі ў масках, пальчатках, шапках. Дапамаглі, зрабілі кардыяграму і вярнуліся на базу. Там нам дыспэтчары пазванілі, праз дзьве гадзіны пасьля выкліку, сказалі, што ў пацыента станоўчы аналіз на COVID-19. І трэба ісьці здаваць мазкі. Адправілі нас на бальнічны ў выніку. Сёньня стала вядома, што вынік аналізу адмоўны, можна вяртацца на працу».

«Каранавіруснымі занятая ўся лідзкая радзільня»

Паводле Паўла, хворых на COVID-19 у Лідзе можа быць значна больш, чым падаецца ў афіцыйнай статыстыцы.

«У Лідзе для ўсіх хворых на каранавірус адвялі асобны корпус, радзільня цалкам занятая імі, — расказвае фэльчар. — Пра сьмерці сярод мэдыкаў я не ведаю. Нядаўна памёр малады мужык. Але прычыну не магу сказаць. Знайшлі мёртвым проста на працы».

Што будзе зь ім далей, фэльчар спрагназаваць ня можа. Кажа, што гатовы шукаць новую працу. Заяву на звальненьне, якую ён ужо напісаў, кіраўніцтву заносіць больш ня хоча. Кажа, што абураны рэакцыяй начальства на тое, што ён расказаў людзям праўду.

«Жыцьця на „хуткай“ мне ўжо ня будзе, — тлумачыць Павал. — Я нават да гэтай гісторыі з прагулам напісаў заяву на звальненьне па згодзе бакоў. Занёс загадчыцы на подпіс. Яна сказала перапісаць, нібыта няправільная дата. Пасьля нас выклікалі тэрмінова да дзіцяці, якое руку парэзала. Я ў кішэню заяву паклаў і паехаў. А ўчора вырашыў па ўласным жаданьні не пісаць заявы. Пайду да канца. Надакучыла гэта ўсё. Падман, трэш, колькі можна маўчаць?»

Свабода зьвярнулася па камэнтар да кіраўніцы лідзкай станцыі хуткай мэдычнай дапамогі Ганны Сыманюк. Яна пацьвердзіла, што Павал Палейчык зьяўляецца яе супрацоўнікам. Таксама Ганна Сыманюк паведаміла, што рашэньне аб прагуле фэльчара яшчэ не прынятае.

«Гэта яшчэ ня вырашана, рашэньне аб прагуле супрацоўніка прыме галоўны доктар, — паведаміла ў размове са Свабодай Ганна Сыманюк. — Тое, што Павал мусіў працаваць у той дзень, але адсутнічаў, гэта было. Ён нікому з кіраўніцтва не паведаміў пра сваю адсутнасьць. Павал быў абавязаны гэта зрабіць, але вырашыў, што можа самавольна адлучыцца з працы».

Кіраўніца Паўла таксама адмаўляе, што мела зь ім размову пасьля таго, як Павал папрасіў дапамогі для станцыі ў валянтэраў. Ганна Сыманюк гаворыць, што за час яе працы фэльчар ня меў прэтэнзій і вымоваў ад кіраўніцтва.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG