Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас папрасілі запрасіць людзей». Як зьбіраюць людзей на парад


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Перамогі 9 траўня 2019 году ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Дзень Перамогі 9 траўня 2019 году ў Менску

Даведаліся, як прадпрыемствы і ўстановы запрашаюць людзей на парад і мітынг 9 траўня.

На ААТ «Інтэграл» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што за ўдзел у парадзе ня будуць даваць адгулаў.

«Мы свабодна ўсіх запрашаем. Калі нехта дабравольна хоча пайсьці, той ідзе. Нам ніхто не вызначаў колькасьці ўдзельнікаў і нікіях разнарадак не даводзілі. Нас папрасілі распаўсюдзіць інфармацыю, запрасіць людзей на парад. Мы так і робім. Нікога не абавязваем, нікога не прымушаем. У мяне ўжо запісаліся людзі, звычайныя рабочыя, якія хочуць пайсьці, нягледзячы на складаную сытуацыю», — сказаў прадстаўнік прадпрыемства.

Па ягоных словах, тых, хто пойдзе на парад, прадпрыемства дзеля засьцярогі забясьпечыць маскамі з прычыны эпідэміі.

«Натуральна, што будзем рэкамэндаваць захоўваць дыстанцыю, але як там будзе на месцы, сказаць складана, бо там ня мы будзем гаспадарамі».

У Нацыянальнай акадэміі навук карэспандэнту Свабоды паведамілі, што там складаецца сьпіс удзельнікаў параду.

«Ніхто нікога сілай на парад не заганяе, гэта адназначна. Якія сьпісы складаюцца? У структуры Акадэміі навук многа арганізацый, амаль 111. Натуральна, што ёсьць людзі, якія самі хочуць пайсьці, і нават з членамі сваёй сям’і. Для таго каб трапіць на парад, а гэта было ва ўсе часы, патрэбны імянны запрашальнік. І для гэтага складаюцца сьпісы, хто хоча, той яго атрымае», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Натальля Марцэлева.

Яна сказала, што квота ня вызначаная, «колькі будзе ахвотных, столькі і пойдзе».

Пра запрашэньні на парад студэнтаў паведамілі ў сацсетках прадстаўнікі некаторых ВНУ.

У прэс-службе міжнароднага ўнівэрсытэту МІТСО карэспандэнту Свабоды сказалі, што там праводзіцца шэраг грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў да Дня Перамогі.

«Сярод іх мы запрашаем студэнтаў да ўдзелу ў парадзе. Гэта як інфармаваньне. Калі студэнт хоча ісьці, то ён ідзе».

Вайскоўцам 120-й брыгады ва Ўруччы прапануюць прывесьці на парад сем’і, і дзеля гэтага складаюцца сьпісы.

«Усім ахвотным кажуць браць з сабой сваякоў, жонак, дзяцей», — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з вайскоўцаў.

А як у рэгіёнах?

У Карэліцкім райвыканкаме вырашылі правесьці 9 траўня мітынг на мэмарыяльным комплексе «Зьвязда». На яго запрашаюць старшынь сельскіх выканкамаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і намесьнікаў па ідэалягічнай працы, кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстановаў. Удзельнікі мітынгу павінны мець з сабой бутаньерку — яблыневую кветку з чырвона-зялёнай стужкай — і жывыя кветкі.

Чаму ўдзельнікам мітынгу не прапанавалі ўзяць маскі? Намесьнік старшыні Карэліцкага райвыканкаму Яўген Чычкан сказаў, што «ўсё будзе з усімі захадамі засьцярогі».

«Яшчэ да канца ўсё ня вызначана, і няма ніякай абавязковасьці. Фармат яшчэ не ўстаноўлены, бо мы мінімізуем колькасьць людзей, якія там будуць прысутнічаць. Гэта абсалютна добраахвотна, бо мы разумеем сытуацыю. Мы разумеем, што трэба зрабіць так, каб не стварыць масавасьці», — сказаў Яўген Чычкан.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што масавыя мерапрыемствы да Дня Перамогі адмяняцца ня будуць. «Нікога туды ня цягнем і не заганяем. Я ўпэўнены, што і без таго, каб настойліва туды запрашаць, людзей будзе шмат», — сказаў ён.

Афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў выказаў занепакоенасьць «магчымымі нэгатыўнымі наступствамі правядзеньня такога масавага мерапрыемства (параду. — РС) у пэрыяд эпідэміі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG