Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падаравала Ўзбэкістану тэсты на каранавірус. Раней іх раскрытыкаваў Лукашэнка


Расея бясплатна перадала Ўзбэкістану тэставыя сыстэмы для дыягностыкі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, заявіла афіцыйная прадстаўніца расейскага Ммністэрства замежных спраў Марыя Захарава.

Як паведамляе тэлеканал «Настоящее время», паводле Захаравай, тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» накіраваныя расейскім бокам для дапамогі Ўзбэкістану ў барацьбе з распаўсюджваньнем інфэкцыі. Захарава ўдакладніла, што ўзаемадзеяньне вядзецца і зь Беларусьсю — дзяржкарпарацыя «Расатам» перадала тэст-сыстэмы шпіталям Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці.

Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» даюць усяго 30% дакладных вынікаў.

У Расспажыўнаглядзе 18 красавіка адказалі на крытыку Лукашэнкі. На думку чыноўнікаў, расейскія тэсты, перададзеныя Менску, па многіх парамэтрах пераўзыходзяць аналягі зь іншых краін. Расспажыўнагляд удакладніў, што расейскія тэсты здольныя вызначыць нават бессымптомных носьбітаў. «Высокая эфэктыўнасьць расейскіх тэстаў была пацьверджаная пасьпяхова праведзенымі яшчэ ў пачатку лютага ў Кітаі параўнальнымі выпрабаваньнямі» — заявілі ў ведамстве.

«Лукашэнку я б параіў што: цяпер вясна і трэба сеяць пшаніцу. Хай ён едзе на палі і падказвае сваім калгасьнікам, як трэба сеяць, ён у гэтым разьбіраецца. А вось тут — гэта не яго тэма» — дадаў былы галоўны санітарны ўрач РФ, дэпутат Дзярждумы Генадзь Анішчанка.

Беларусь абагнала Ўкраіну і стала другой пасьля Расеі сярод постсавецкіх краін па агульных лічбах захварэлых на COVID-19. На 17 красавіка ў Беларусі было выяўлена 4779 выпадкаў заражэньня каранавірусам (506 выпадкаў на мільён насельніцтва). Ва Ўкраіне на 17 красавіка было выяўлена 4662 выпадкаў захворваньня (107 выпадкаў на мільён чалавек насельніцтва).

Афіцыйна ў Беларусі не абвешчана пра карантын або рэжым самаізаляцыі. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе падчас пандэміі ідзе чэмпіянат па футболе. У храмах служаць службы, а на 25 красавіка ў краіне заплянаваны суботнік.

13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «ніводзін чалавек не памёр і не памрэ ад каранавірусу», а тыя, хто памёр, «памерлі ад букету хранічных захворваньняў».

Яшчэ ў сакавіку для прафіляктыкі каранавірусу беларускі прэзыдэнт раіў своечасова есьці, а таксама хадзіць у лазьню і выпіваць гарэлку. Сытуацыю з пандэміяй COVID-19 ён называў «псыхозам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG