Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сёлета я сам асьвячу велікодную паску


Ня кідайце каменьне ў сьвятароў і біскупаў за тое, што яны працягваюць службы ў час сьмяротнай пандэміі. Ня ўсё так проста і адназначна.

Перад вачыма стаяць здымкі Вербнай нядзелі ў Менску і Вялікага чацьвярга ў Горадні, на якія сабралася мноства людзей і сьвятароў. Таксама ўспамінаюцца выказваньні рэанімацыйнай мэдсястры з 10-й менскай бальніцы, што тым, хто яшчэ ходзіць на футбол і на асьвячэньне вербаў, варта ўбачыць тое, што цяпер адбываецца ў рэанімацыях.

Калі пасьля таго, як маскоўскі патрыярх Кірыл закліку вернікаў не хадзіць у царкву і заставацца дома, прэсавага сакратара Беларускага экзархату РПЦ айца Сяргея Лепіна спыталі, ці адгукнуцца на гэты заклік праваслаўныя Беларусі, ён адказаў: «У нас не Расея».

Сапраўды, Беларусь — не Расея. Найперш таму, што ў Беларусі кіруе выбітны аграном, хакеіст і вірусоляг у адной нязьменнай і даўно ўжо абрыдлай асобе.

Біскупы і сьвятары — ня дурні і ня ворагі сабе і сваім вернікам. Але мала хто ведае, у якіх рэальна ўмовах даводзіцца ім працаваць пры беларускім аўтарытарным рэжыме. Любога зь іх, асабліва прадстаўнікоў не праваслаўных канфэсій, могуць выклікаць «на дыван» да ўрадавага прадстаўніка ў справе рэлігій і нацыянальнасьцяў, функцыі якога мала чым зьмяніліся са сталінскіх часоў. Там могуць паўшчуваць за зьмест казаньняў, а могуць і пару-тройку сьвятароў дэпартаваць для большай паслухмянасьці. Я ўжо не кажу пра кантроль дзяржавы за тым, колькі народ кідае на тацу сьвятару падчас службы.

Вербная нядзеля ў Чырвоным касьцёле Менску, 5 красавіка 2020 году.
Вербная нядзеля ў Чырвоным касьцёле Менску, 5 красавіка 2020 году.

Асобная тэма — безумоўная вера многіх людзей. Людзі вераць шчыра і глыбока і спадзяюцца, што Бог іх уберажэ. Ці памятаюць яны пры гэтым стары анэкдот пра верніка, які ў часе паводкі сядзеў на даху, адкідаў прапановы перасесьці ў лодкі, што праплывалі міма, і чакаў уратаваньня самім Богам. Утапіўшыся ўрэшце, вернік на нябёсах спытаўся ў Госпада, чаму той яго не ўратаваў, і Бог з прыкрасьцю адказаў, што тройчы пасылаў будучаму тапельцы лодку...

Каб хакеіст і вірусоляг раптам вырашыў увесьці карантын, на наступны дзень усе цэрквы абвясьцілі б вернікам, што за службамі трэба сачыць праз інтэрнэт. Пакуль такога рашэньня няма, ніхто зрабіць інакш не наважыцца.

З аднаго боку шкада, што рэлігійныя лідэры не праяўляюць сапраўднага лідэрства і рашучасьці, каб самастойна прыняць цяжкае рашэньне, і ставяць пад пагрозу здароўе і жыцьці сьвятароў і вернікаў. Але і асуджаць іх не выпадае. Такія рэаліі дыктатуры.

Вялікі чацьвер у гарадзенскай фары, 9 красавіка 2020 году.
Вялікі чацьвер у гарадзенскай фары, 9 красавіка 2020 году.

Ясна што ўсім нам не хапае прыгажосьці і цеплыні гэтага сьвята, калі пасьля ўсяночнай мы кажам адно аднаму: «Хрыстос Уваскрос! — Сапраўды Ўваскрос!», б’емся біткамі і каштуем велікодную булку.

Аднак трэба ведаць, што паводле традыцыі хрысьціянскай царквы, у вельмі экстрэмальных умовах, у адсутнасьць сьвятароў, вернікі маюць права і хрысьціць, і адпяваць, і асьвячаць стравы самі.

Вось чаму сёлета ва ўмовах пандэміі я не хаджу на нядзельныя службы і не пайду на Велікодную.

У такой сытуацыі прачытаць малітву і пажагнаць велікодную паску кожны з нас можа сам. Дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG