Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму каранавірус забівае больш мужчын, чым жанчын. Тлумачым з экспэртамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каранавірусная інфэкцыя можа быць больш небясьпечная для мужчын, чым для жанчын. Пра гэта сьведчыць італьянская статыстыка інфікаваных і памерлых ад COVID-19. Разам з экспэртамі, чые погляды прыводзяць амэрыканскія выданьні The Washington Post і The New York Times, паспрабуем патлумачыць, чаму пэўныя групы больш уразьлівыя да каранавіруснай інфэкцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што паказвае статыстыка інфікаваных і памерлых ад COVID-19

Пацыент з Covid-19 у рэанімацыі ў італьянскім горадзе Крэмона, 19 сакавіка 2020.
Пацыент з Covid-19 у рэанімацыі ў італьянскім горадзе Крэмона, 19 сакавіка 2020.

60% заражаных COVID-19 у Італіі да сярэдзіны сакавіка складалі мужчыны. Пры гэтым сярод памерлых было 70% мужчын. На гэтыя тэндэнцыі зьвярнула ўвагу на брыфінгу ў Белым доме 20 сакавіка каардынатарка рэагаваньня на пандэмію каранавіруснай інфэкцыі Дэбара Біркс, адзначае The Washington Post.

«У Італіі мы назіраем яшчэ больш трывожную дынаміку: сьмяротнасьць мужчын, як выглядае, удвая перавышае сьмяротнасьць жанчын зь любой узроставай групы. Гэта значыць, што мы ўсе павінны быць пільнымі і працягваць кантраляваць амэрыканцаў, якія жывуць у прытулках для старых», — кажа Біркс.

Павышаная рызыка для мужчын відавочная ва ўзроставай катэгорыі пасьля 50 гадоў, але гендэрны разрыў крыху зьмяншаецца у выпадку з 90-гадовымі. Магчыма, таму, што ў гэтай узроставай групе менш мужчын, лічаць экспэрты.

Ці ў іншых краінах, дзе шмат інфікаваных, такія ж самыя гендэрныя прапорцыі?

Не зусім так. У Паўднёвай Карэі звыш 60 адсоткаў пацьверджаных інфэкцый мелі жанчыны. І хоць там значна менш людзей памерлі, большасьць сьмяротных выпадкаў — 54 адсоткі — зноў былі мужчынамі.

У Італіі, паводле статыстыкі ААН, 28,6% насельніцтва — пажылыя людзі, гэтая другая пасьля Японіі краіна па колькасьці доўгажыхароў. А ў Паўднёвай Карэі толькі 18,5% насельніцтва — людзі, якім 60 і больш гадоў.

Па меры таго, як пандэмія разрастаецца, эпідэміёлягі і органы аховы здароўя намагаюцца зразумець, хто найбольш уразьлівы і як іх можна абараніць. Дадзеныя такіх краін, як Італія і Паўднёвая Карэя, паказваюць, што хвароба можа разьвівацца па-рознаму.

«Што робіць гэтую групу ўразьлівай і як яе абараніць, гэта цяпер прадмет вывучэньня экспэртаў, — сказаў Карлас дэль Рыа, старшыня катэдры глябальнага здароўя Унівэрсытэту Эморы. — Гэтая розьніца ў сьмяротнасьці стварае вялікую трывогу».

Чаму пажылыя людзі ў Італіі сталі асабліва ўразьлівымі на COVID-19

Успышка COVID-19 у Італіі зьяўляецца самай сьмяротнай у сьвеце. Зыходзячы з апошніх і непазьбежна няпоўных лічбаў, 8,2 адсотка заражаных у краіне людзей памерлі. Гэта перавышае ўдвая сусьветную лічбу, прадстаўленую нядаўна Сусьветнай арганізацыяй здароўя, піша The Washington Post.

Самае старое насельніцтва Італіі, падобна, асабліва ўразьлівае да хваробы, лічаць дасьледнікі. Старэйшыя за 70 гадоў людзі складаюць 87 адсоткаў памерлых.

Паводле дэль Рыа, людзі старэйшага ўзросту звычайна больш уразьлівыя да захворваньняў дыхальных шляхоў. Яны больш схільныя да пнэўманіі — інфэкцыі, якая стварае запаленьне ў лёгкіх і напаўняе іх вадкасьцю або гноем, — і маюць такі стан здароўя, які можа зрабіць іх уразьлівымі да каранавірусу.

Пра што сьведчыць гендэрная статыстыка COVID-19

Шпіталь ва Ўхані
Шпіталь ва Ўхані

Адрозьненьне гендэру ў хваробах і сьмерці растлумачыць больш складана. Яшчэ да таго, як пандэмія дасягнула Італіі, у раньніх паведамленьнях з Кітаю выказвалася здагадка, што мужчыны асабліва рызыкуюць. Дасьледаваньне 99 пацыентаў у шпіталі Уханю, дзе зарадзіўся вірус, паказала, што дзьве траціны пацыентаў складаюць мужчыны, а палова ўсіх шпіталізаваных людзей мелі хранічныя захворваньні, такія як хвароба сэрца ці дыябэт. Найноўшыя дадзеныя Кітайскага цэнтру кантролю за хваробамі, заснаваныя на дзясятках тысячах выпадкаў, паказалі моцны гендэрны разрыў сьмяротнасьці сярод мужчын і жанчын. Мужчыны сярод загінулых складалі 64 адсоткі.

Але лічбы ў Італіі былі яшчэ больш ашаламляльнымі. Амаль 60 адсоткаў дыягназаў было пастаўлена мужчынам, паводле італьянскага агенцтва аховы здароўя, Istituto Superiore di Sanità. На працягу першых 1697 выпадкаў сьмерці ад карпнавірусу 71 адсотак (1197) — мужчыны. Усяго 29% (493) складаюць жанчыны.

У нядаўнім дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе Lancet, лічбы былі яшчэ вышэйшымі. Высьветлена, што 80 адсоткаў сьмерцяў прыпадае на мужчын і толькі 20 адсоткаў — на жанчын.

Ці далі навукоўцы дакладнае тлумачэньне гэтай розьніцы?

«Шчырая праўда ў тым, што сёньня мы ня ведаем, чаму COVID-19 больш цяжкі для мужчын, чым для жанчын, і чаму розьніца ў Італіі большая, чым у Кітаі», — сказала The Washington Post Сабра Кляйн, прафэсарка амэрыканскага інстытуту грамадзкага здароўя. — Тое, што мы ведаем, гэта тое, што акрамя старэйшага ўзросту, мужчыны трапляюць у групу рызыкі цяжкіх выпадкаў, і грамадзкасьць павінна гэта ведаць«.

Большая сьмяротнасьць сярод мужчын таксама назіралася пры захворваньнях SARS і MERS, дадала Анжэла Расмусэн, вірусоляг з Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Паводле яе, відавочна тое самае адбываецца з COVID-19, і пра гэта трэба інфармаваць клінікі.

Як усё ж навукоўцы гэта тлумачаць?

Навукоўцы кажуць, што гэтая статыстыка можа быць патлумачаная паводзінамі ці біялёгіяй, альбо і тым, і тым адначасова.

Дэмаграфічныя зьвесткі сьведчаць пра тое, што многія мужчыны маюць больш рызык для здароўя. У Кітаі, Італіі і Паўднёвай Карэі жанчыны, як правіла, жывуць даўжэй, чым мужчыны, паведамляе САЗ.

Ва ўсіх гэтых краінах мужчыны таксама п’юць і кураць больш, асабліва ў Кітаі, дзе кураць 48 адсоткаў мужчын, старэйшых за 15 гадоў, у параўнаньні з 2% жанчын, паведамляе САЗ. У Італіі кураць амаль 30 адсоткаў мужчын, у параўнаньні з 19 адсоткамі жанчын. У Злучаных Штатах 17,5 адсотка курцоў мужчыны і 13,5 адсотка — жанчыны.

Напэўна, мяркуюць экспэрты, невыпадкова мужчыны ў гэтых краінах таксама часьцей паміраюць ад захворваньняў сэрца, раку, дыябэту і рэсьпіраторных захворваньняў ва ўзросьце ад 30 да 70 гадоў.

Якія біялягічныя адрозьненьні робяць мужчын больш уразьлівымі?

Дасьледнікі таксама адзначаюць асноўныя біялягічныя адрозьненьні паміж мужчынамі і жанчынамі. Шматгадовымі дасьледаваньні выявілі, што жанчыны, як правіла, маюць мацнейшую імунную сыстэму, чым мужчыны, і лепш здольныя змагацца з інфэкцыямі. Храмасома Х мае шмат генаў, зьвязаных з імуннай абаронай, і таму, што ў жанчын іх дзьве (у мужчын адна), яны маюць перавагу ў барацьбе з хваробай, сьцьвярджае нядаўняе дасьледаваньне часопісу Human Genomics. Дасьледаваньні таксама паказалі, што эстраген быў ахоўным у самак мышэй, заражаных вірусам, які выклікаў успышку SARS у 2003 годзе. Падчас гэтай эпідэміі ў мужчын была значна вышэйшая сьмяротнасьць, чым у жанчын.

Ці заўсёды жанчыны маюць мацнейшую імунную сыстэму?

Як адзначае The New York Times, у жанчын часьцей, чым у мужчын, разьвіваюцца аўтаімунныя захворваньні — такія, як ваўчанка і рэўматоідны артрыт, пры якіх імунная сыстэма атакуе ўласныя органы і тканкі арганізму.

Але ў мужчын разьвіваюцца сардэчна-судзінныя захворваньні і гіпэртанія ў маладзейшым, чым у жанчын, узросьце, і абодва гэтыя чыньнікі павялічваюць імавернасьць узьнікненьня цяжкіх захворваньняў, кажа Кэтрын Сандбэрг, дырэктарка Цэнтру дасьледаваньня гендэрных адрозьненьняў у галіне здароўя, старэньня і хваробаў унівэрсытэту Джорджтаўна.

Чаму статыстыка інфікаваных і памерлых у Італіі і Паўднёвай Карэі моцна адрозьніваецца?

Паўднёвая Карэя становіць рэзкі кантраст Італіі. Хуткія дзеяньні органаў аховы здароўя, якія праводзілі тэсты на каранавірус хутчэй, чым усякая іншая краіна сьвету, запаволілі пашырэньне эпідэміі. На 19 сакавіка ў краіне было 8565 пацьверджаных выпадкаў і 91 сьмерць. У выніку гэтага паказьнік сьмяротнасьці — 1,06 працэнта — значна ніжэйшы за сярэдні ўзровень у сьвеце.

У Паўднёвай Карэі ў сярэдзіне лютага пачаўся рост заражэньняў каранавіруснай інфэкцыяй сярод прыхільнікаў пэўнай рэлігійнай групы. Тады ж органы аховы здароўя Паўднёвай Карэі правялі тэсты больш чым 200 000 чальцоў гэтай групы ўва ўсёй краіне. У сакавіку кіраўнік паўднёвакарэйскага цэнтру барацьбы з хваробамі адзначыў, што колькасьць маладых жанчын сярод інфікаваных вельмі вялікая, «бо 20- і 30-гадовыя жанчыны складаюць вялікую частку чальцоў царквы „Сінчхонджы“».

Экспэрты лічаць, што масавае тэставаньне членаў гэтай рэлігійнай групы, магчыма, і выклікала зрух у эпідэмічнай статыстыцы.

«Калі вы тэстуеце ўсіх чальцоў царквы, імавернасьць выяўленьня захворваньняў у гэтай групе, натуральна, расьце», — сказаў Чхвэ Джэ Вук, прафэсар прафіляктычнай мэдыцыны з Карэйскага ўнівэрсытэту ў Сэуле. Вялікая колькасьць маладых пацыентаў з рэлігійнай групы і дала такі нізкі ўзровень сьмяротнасьці ў Паўднёвай Карэі, сказаў прафэсар.

Статыстыка якой краіны найлепш паказвае сытуацыю з COVID-19?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Узроставыя і полавыя адрозьненьні могуць даць важнае ўяўленьне пра тое, як каранавірус узаемадзейнічае з імуннай сыстэмай, — кажа вірусоляг Эндру Пэкаш, якога цытуе The Washington Post. — Такія сымптомы, як высокая тэмпэратура і цяжкі кашаль, сьведчаць, што вірус правакуе надзвычайную запаленчую рэакцыю, калі арганізм супрацьстаіць нападам арміяй абарончых клетак».

Разуменьне, чаму хвароба па-рознаму разьвіваецца ў розных дэмаграфічных групах, можа дапамагчы дасьледнікам распрацаваць мэтады лячэньня, дадае ён.

Але Гарлан Крумгольц, прафэсар Ейльскай мэдычнай школы, папярэджвае, што параўноўваць краіны складана. Паводле яго, найлепшая інфармацыя была, напэўна, з Паўднёвай Карэі, бо там праверылі вельмі шмат людзей. «У ва ўсіх іншых выпадках ёсьць неаб’ектыўнасьць, бо ўсё залежала ад таго, каго тэставалі, каго лічылі патрэбным шпіталізаваць, як вызначалі, ці зьвязаная сьмерць з каранавірусам», — кажа прафэсар.

Паводле навукоўца, недахоп зьвестак стрымлівае лекараў, навукоўцаў і дзяржаўных службоўцаў, што ўскладняе разуменьне рэальнай ступені захворвальнасьці і найбольш эфэктыўных спосабаў рэакцыі. «Гэта выявіла наша вялікае невуцтва ў інфармацыйную эпоху», — падсумоўвае экспэрт.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG