Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лячыцца трактарам і гарэлкай? 17 пытаньняў беларускай дасьледчыцы каранавірусаў з Канады


Алена Лявончанка
Алена Лявончанка

Беларуска Алена Лявончанка жыве ў Канадзе, працуе ў фармацэўтычнай кампаніі. У 2008-2011 гадах яна займалася дасьледаваньнямі структурнай біялёгіі каранавірусаў ва Ўнівэрсытэце Таронта (UofT).

Пасьля заканчэньня хімфаку БДУ, спэцыяльнасьць фармацэўтычная хімія, Алена марыла працягнуць навуковую працу ў Беларусі. Але ўладкавацца на адзінае ў 90-ыя гады ў краіне фармакалягічнае прадпрыемства «Белмэдпрэпараты» было амаль цудам. Алена паехала вучыцца ў Бэльгію, потым скочыла асьпірантуру ў нямецкім Гётынгене і абараніла ступень доктара навук у малекулярнай біялёгіі. Апрача навуковай працы Алена ўзначальвае Згуртаваньне беларусаў Канады.

У інтэрвію Свабодзе яна адказвае на самыя папулярныя пытаньні адносна новага каранавірусу і тлумачыць, ці можна вылечыць COVID-19 з дапамогай гарэлкі і трактара, як гэта раіў Аляксандар Лукашэнка.

Як патлумачыць дзіцяці, што такое каранавірус

Мая размова з дачкой пра вірусы адбылася ўжо даўно, як і пра іншыя хваробы. Я растлумачыла, што вірусы — гэта вельмі хітрыя стварэньні, якія самі нічога ня робяць, а размнажаюцца падманам захапіўшы рэсурсы жывёльнай клеткі або бактэрыі. Як супэрзлодзеі ў коміксах. Наконт каранавірусу мы таксама паглядзелі сайт САЗ з інфаграфікай,

Малюнак пра каранавірус Лявончанкі малодшай
Малюнак пра каранавірус Лявончанкі малодшай

высьветлілася што канцэпцыю графікаў і крывых маёй дачцэ ў школе ўжо патлумачылі, і яна зразумела, што колькасьць хворых у некаторых краінах расьце вельмі хутка, а ў некаторых больш павольна.

Чым каранавірусы страшнейшыя за грып?

Ёсьць шмат розных тыпаў каранавірусаў. Напрыклад, 30-40% таго, што мы называем "ОРЗ", выклікаюць каранавірусы, па-ангельску гэта common cold, звычайная прастуда. Гэта было вядома мэдыкам і вучоным даволі даўно, але шкоды ад гэтых каранавірусаў чалавеку было няшмат, і таму ніхто асабліва не пераймаўся пошукам лекаў.

Сытуацыя памянялася ў 2002 годзе, калі здарылася эпідэмія SARS, потым у 2012 годзе прыйшоў MERS, а цяпер вось і SARS-CoV-2. Аб’ядноўвае гэтыя тры вірусы тое, што яны «пераскочылі» з жывёлаў да людзей і хутка навучыліся перадавацца ад чалавека да чалавека. Грып у некаторым сэнсе падобны, бо таксама цыркулюе ў жывёлах і можа перадавацца ад жывёлаў да чалавека. Але пра грып мы ведаем нашмат больш, маем вакцыну, хоць і не ідэальную, маем лекі.

Пра каранавірусы ведаў пакуль што нашмат менш. Мэдыцына можа толькі лячыць сымптомы, а спыніць пашырэньне мэдыкамэнтамі мы яшчэ ня можам. У гэтым і небясьпека.

Што новага атрымала навука, дзякуючы COVID-19?

Шмат чаго. Асабіста мяне ўражвае хуткасьць, зь якой генэруюцца навуковыя дадзеныя, роля біяінфарматыкі і хваля супрацоўніцтва паміж вучонымі розных краін. Калі я 10 гадоў таму працавала ва ўнівэрсытэце ў галіне структурнай біялёгіі каранавірусаў, той аб’ём інфармацыі, што мы маем сёньня пра COVID-19, зьявіўся цягам 3-4 гадоў пасьля эпідэміі SARS. Сёньня мы тое самае маем за 3 месяцы.

Хто мае рацыю: панікёры або пафігісты?

Я — спакойны рацыяналіст, грунтуюся на навуковай інфармацыі. Як і зь любой інфэкцыяй, трэба думаць ня толькі пра сябе, але і пра астатніх — пажылых, людзей са слабым імунітэтам, цяжкімі хваробамі. Асабіста мне, маёй сям’і, рызыкі вялікай няма, бо мы адносна маладыя

Алена Лявончанка
Алена Лявончанка

і здаровыя. Але маё дзіцё або я сама можам, ня ведаючы таго, заразіць пажылую бабулю ў краме, або чалавека зь перасаджанай ныркай, напрыклад, які сядзіць на імунасупрэсантах.

Я бачыла амэрыканскую статыстыку наконт гішпанкі. Там, дзе ўсё было закрыта раней, там не было вялікага піку сьмяротнасьці. Там, дзе ўсё адбылося пазьней, сьмяротнасьць была вялікая. Яшчэ зь Сярэднявечча людзі ведалі, што калі нейкая хвароба — лепш закрыцца дома.

Таму я падтрымліваю дзяржаўныя захады кантролю — карантын, прафіляктыку, інфармаваньне людзей. Выходзіць кудысьці варта толькі па вельмі пільнай патрэбе і трэба быць вельмі асьцярожным. Чым менш людзей захварэе, тым лепш шпіталі справяцца зь цяжкімі хворымі і менш будзе стрэсу ў дактароў і мэдпэрсаналу.

Чаму мы аказаліся такімі непадрыхтаванымі?

Таму што няма вакцын і лекаў. У XXI стагодзьдзі жалезабэтонны падмурак інфэкцыйнай мэдыцыны — гэта вакцыны, антыбіётыкі, прафіляктыка. З гэтага супраць каранавірусаў нічога няма, бо да нядаўняга часу яны не лічыліся небясьпечнымі для людзей. Рэальных сродкаў, акрамя карантыну, няма. Спадзяюся, пасьля гэтай пандэміі сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок.

Ці прынясуць плён жорсткія захады ў розных краінах?

Так, прынясуць. Ужо ёсьць досьвед Кітаю па гэтай эпідэміі, пра гэта шмат напісана ў сеціве. Хто не памятае з курсу біялёгіі, у XX стагодзьдзі, дый раней, карантын і самаізаляцыя былі эфэктыўнай мерай уратавацца ад эпідэміі. Узгадайма «Дэкамэрон», напрыклад. Карантын па вятранцы, адры ў школах — усім знаёмы. Вельмі ж простая ідэя — калі няма кантактаў, вірус ня можа перадавацца і не памнажаецца ў папуляцыі. Тэарэтычна, калі ўсе хворыя выседзяць у хаце 3-4 тыдні, пакуль арганізм не нэўтралізуе вірус і яны не перастануць быць заразнымі, то ў віруса няма шанцаў перадацца іншым.

Ці можна вылечыцца гарэлкай і працай?

Тэарэтычна, калі гарэлку заліваць у бронхі і лёгкія кожныя пару гадзінаў (не спрабуйце гэта зрабіць самастойна), то вірус, магчыма, трохі і нэўтралізуецца. Але лепш усё ж гарэлкай праціраць рукі, калі няма іншых сродкаў. Наконт вольнага паветра — ня самая дрэнная ідэя. Калі вы гуляеце ў парку, а не ў натоўпе, то наўрад ці можна заразіцца.

Ці лечыць каранавірус народная мэдыцына?

Гэта не працуе. Хіба як псыхалягіячны сродак, калі вы п’яеце гарбату і лічыце, што вам так прасьцей, бо вы нешта робіце. Але на самой справе гэта не дапамагае.

Ці можа каранавірус быць хімічнай зброяй злых людзей?

Тэарэтычна гэта магчыма. Цяпер любы студэнт-асьпірант, калі ў яго ёсьць доступ да сынтэзатараў ДНК, можа зрабіць вірус. Гэта нескладана.

Але геном гэтага вірусу ўжо расшыфравалі. Ёсьць ужо навуковыя артыкулы, у якіх абвяргаецца, што ён зроблены чалавекам. Усё гэта можна прасачыць, бо гэта як адбітак пальца. Калі вірус размнажаецца з жывёлы, а потым пераскоквае да чалавека, гэта бачна па мутацыях, і можна даказаць, што ён спачатку быў у жывёлы.

Якая найлепшая прафіляктыка?

Абмежаваць кантакты па максымуму, мыць рукі, дэзынфікаваць кантактныя паверхні, да якіх вы часта датыкаецеся дома і на працы, аберагаць пажылых людзей усімі магчымымі сосабамі — набудзьце ім прадукты, лекі, кніжкі, каб яны сядзелі дома.

Чаму на стварэньне вакцыны трэба так шмат часу?

Калі проста — то ўсе вірусы і бактэрыі можна падзяліць на дзьве катэгорыі: прасьцячкоў і супэрзлодзеяў, якія ўмеюць выдатна абдурваць нашу імунную сыстэму. Супраць прасьцячкоў збольшага вакцыны вынайшлі цягам XIX-XX стагодзьдзяў. Супраць супэрзлодзеяў, такіх як ВІЧ, каранавірусы, грып, нашы тэхналёгіі цяпер не дазваляюць зрабіць эфэктыўную вакцыну, бо яны, па-першае, вельмі хутка зьмяняюць сваю маскіроўку, а па-другое, тыя кавалкі віруснай абалонкі, якія не мяняюцца, вірус добра хавае ад імуннай сыстэмы, і да іх цяжка падабрацца нашым імунным клеткам.

Гэта супэрскладаная задача для навукоўцаў — зрабіць штучны бялок, які б нагадваў нязьменны кавалак віруснай абалонкі, але быў бы трывалым і выклікаў бы моцны імунны адказ. Тут мы канкуруем з самой прыродай — мы павінны перагуляць натуральны адбор, які прывёў да надзвычай эфэктыўнага мэханізму маскіроўкі вірусу. Ёсьць зрухі, я думаю, празь некалькі гадоў вакцына будзе.

Вакцына — прадухіляе. А што наконт лекаў для ўжо хворых?

Ад грыпу ўжо ёсьць лекі. Не вакцыны, а антывірусныя прэпараты.

Адбываюцца тэсты існуючых супрацьвірусных лекаў, пакуль мне невядома, ці ёсьць вынікі, калі будуць — то гэта самы хуткі спосаб. Тэарэтычна нешта новае можна знайсьці таксама, але стандартны час на распрацоўку новай малекулы ад пошукаў да ліцэнзаванага прэпарату — гэта 8-10 гадоў, бо патрэбныя грунтоўныя клінічныя выпрабаваньні. Так што новага хутка ня будзе.

Колькі людзей заразіцца каранавірусам і якой будзе сьмяротнасьць?

Лічбы сьмяротнасьці вядомыя — ад 0,5 да 4% усіх дыягназаваных выпадкаў. Разьбежка залежыць ад якасьці мэдычнай дапамогі. Чым менш перагружаныя шпіталі, тым лепшыя вынікі лячэньня і менш сьмяротных выпадкаў. Таму зноў — памятайце, што супраць інфэкцыі мы змагаемся грамадой і думаем ня толькі пра сябе, але і пра слабейшых.

Ці зьнікне пандэмія — і як хутка?

Гэта будзе вядома празь некалькі месяцаў, калі зразумеюць хуткасьць мутацыі вірусу і як менавіта наш імунітэт абараняецца.

Для прыкладу, ізноў жа, грып — ён кожны год розны, і час ад часу бываюць моцныя пандэміі. Для пастаяннай цыркуляцыі каранавірусу сярод людзей ён павінен прыстасавацца — навучыцца эфэктыўна перадавацца ад чалавека да чалавека (што ўжо ёсьць) і таксама скакаць паміж чалавекам і жывёламі, каб забясьпечыць высокую хуткасьць мутацый і ўцякаць такім чынам ад вакцын і нашага імунітэту.

Вось наконт другога пакуль незразумела. Што зноў жа неверагодна — на вывучэньне грыпу пайшло ўсё XX стагодзьдзе, а цяпер мы будзем мець грунтоўную інфармацыю за 6-8 месяцаў ад пачатку пандэміі.

У любым выпадку, я думаю, цяперашняя хваля сыдзе празь некалькі месяцаў, але паколькі гэта ўжо трэці выпадак каранавіруснай эпідэміі ад пачатку XXI стагодзьдзя, то САЗ, урады, навукоўцы і вытворцы вакцын зробяць усё магчымае, каб вакцына зьявілася цягам некалькіх гадоў.

У чым сакрэт хуткага завяршэньня пандэміі?

Веды — гэта сіла. Важна, каб урады і навукоўцы каардынаваліся. Калі нехта будзе хаваць дадзеныя пра колькасьць хворых, хітраваць, то можа адбыцца другая хваля. Палітыкі заўсёды хітруюць. Таму гэта тэст, лякмусавая паперка для палітыкаў — хто зь іх шчыры.

Як дбаць пра імунітэт?

Трэба весьці здаровы лад жыцьця, займацца спортам, праводзіць час на сьвежым паветры. Чароўных таблетак не існуе, на жаль, інакш усе мы даўно былі б белыя і пухнатыя.

Што мы робім няправільна?

Урады розных краінаў столькі гадоў укладалі грошы ў адукацыю, а людзі ня памятаюць школьны падручнік па біялёгіі і паддаюцца розным ідыёцкім сайтам і панікам. Пра гэта павінны пісаць сацыёлягі і журналісты.

Нейкая частка людзей верыць рознай лухце і ігнаруе навуку. Людзі адмаўляюцца ад прышчэпак, ня вераць у эфэктыўнасьць вакцынацый ад грыпу. Сумна назіраць, што ў нашы часы, калі ёсьць доступ да інфармацыі, нехта сябе яшчэ так паводзіць. 100 гадоў таму людзі марылі пра тое, каб ім зрабілі ўкол і яны вылечыліся. А цяпер людзі забыліся, як гэта страшна, і таму змагацца супраць невуцтва трэба таксама разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG