Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус і нявывучаны ўрок Чарнобылю


Сэрыял «Чарнобыль», каляж
Сэрыял «Чарнобыль», каляж

Спачатку — цытата. З 1986-га.

«Нельга пакінуць па-за ўвагай і без палітычнай ацэнкі і тое, як сустрэлі падзею ў Чарнобылі ўрады, палітычныя дзеячы, сродкі масавай інфармацыі некаторых краінаў NATO, асабліва ЗША. Яны разгарнулі разьюшаную антысавецкую кампанію. Пра што толькі не казалася і не пісалася ў гэтыя дні — аб «тысячах ахвяраў», «брацкіх магілах загіблых», «вымерлым Кіеве», пра тое, што «ўся зямля Ўкраіны атручаная» і гэтак далей і да таго падобнае.

Увогуле мы сутыкнуліся з сапраўдным нагрувашчваньнем хлусьні — самай бессаромнай і зласьлівай.... Чым жа на самой справе была прадыктаваная гэтая ў найвышэйшай ступені амаральная кампанія? Яе арганізатараў, вядома ж, не цікавілі ні праўдзівая інфармацыя пра аварыю, ні лёсы людзей у Чарнобылі, на Ўкраіне, у Беларусі, у любым іншым месцы, любой іншай краіне. Ім патрэбная была нагода для таго, каб, учапіўшыся за яе, паспрабаваць зганьбіць Савецкі Саюз, яго зьнешнюю палітыку, аслабіць узьдзеяньне савецкіх прапановаў па спыненьні ядзерных выпрабаваньняў, па ліквідацыі ядзернай зброі і адначасна зьмякчыць рост крытыкі паводзінаў ЗША на міжнароднай арэне, іх мілітарысцкага курсу.

...Што ж тычыцца «недахопу» інфармацыі, вакол чаго разгорнутая адмысловая кампанія, прычым палітычнага зьместу і характару, дык пытаньне гэтае зьяўляецца ў дадзеным выпадку надуманым».

Гэта — цытата з выступу ў савецкім тэлевізіі генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова 15 траўня 1986 году. Першая публічная прамова савецкага кіраўніка на тэму Чарнобылю — праз тры тыдні пасьля выбуху на 4-м энэргаблёку АЭС.

У пачатку выступу Гарбачоў казаў пра аварыю як пра вялікую бяду, а пра ядзерную энэргію — як пра «грозную сілу», зь якой давялося ўпершыню сутыкнуцца. Прынёс спачуваньне сем’ям загіблых і пацярпелых. Казаў, што супакойвацца зарана.

Усё гэта было сказана. Але былі вымаўленыя і тыя словы, якія я працытаваў (прычым я ўзяў толькі фрагмэнты).

Гарбачоў мог патэлефанаваць у Швэцыю

Праз гады Міхаілу Сяргеевічу давядзецца шмат разоў і ў кнігах, і ў выступах, і ў інтэрвію вяртацца ў вясну 86-га. І апраўдвацца, апраўдвацца, апраўдвацца.

Даводзілася зь ім гутарыць і мне як члену часовай Камісіі ВС БССР па ацэнцы дзеяньняў службовых асоб у справе ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Калі коратка, асноўнымі ягонымі аргумэнтамі будуць — кіраўніцтва СССР ня мела поўнай інфармацыі, кіраўніцтва СССР было ўведзенае ў зман самазаспакоенымі навукоўцамі, кіраўніцтва СССР ня ведала, што і самі навукоўцы не ўяўлялі ступень пагрозы.

Магчыма, Міхаіл Сяргеевіч забыўся, што сам зьедліва абвяргаў заявы заходніх лідэраў пра недахоп праўдзівай інфармацыі, называў гэта палітыканствам.

Яму дастаткова было зьняць тэлефонную трубку і пазваніць, скажам, прэм’еру Швэцыі — што параіце рабіць? Ці — Рэйгану: дапамажыце!

Але ж — прэстыж першай у сьвеце сацыялістычнай дзяржавы.

Падобнае мне як члену Камісіі ВС ў 1990-1991 казаў і былы міністар аховы здароўя БССР Саўчанка. «Ня ведалі», «ня мелі інфармацыі».

Але ў нейкі момант Саўчанка сказаў галоўнае: «Мы былі вымушаныя выконваць распараджэньні ЦК».

Канешне, патэлефанаваць у Швэцыю ці ў Нямеччыну ні Саўчанку, ні старшыні ўраду БССР і ў галаву не прыходзіла: над імі была Масква.

Рэкамэндацыя з ЦК: «​Не панікуйце!»​

Тым часам, ужо ў першыя гадзіны (ня дні — гадзіны) аварыі ўрады некаторых эўрапейскіх краінаў далі сваім грамадзянам рэкамэндацыі зачыніць вокны, па магчымасьці не выходзіць на вуліцы, прытрымаць дзяцей ад наведваньня школы, выпіць ёду.

Яны не баяліся, што іх абвінавацяць у панікёрстве ці палічаць рэкамэндацыі занадта празьмернымі.

І мелі рацыю: мапа забруджаньня Чарнобылем, якую я атрымаў на Міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве ў 2006 годзе, сьведчыць, што цалкам чыстых зонаў на эўрапейскім кантынэнце не засталося. Розьніца толькі ва ўзроўні забруджанасьці.

Але словы пра тое, што ў СССР «ня мелі інфармацыі» — няпраўда.

І ў Беларусі ўвесну 86-га былі навукоўцы, якія ўсьведамлялі небясьпеку, прычым — зь першых дзён. Гэта — акадэмік Васіль Несьцярэнка, які пайшоў у ЦК КПБ з рэкамэндацыямі, але яму параілі — «Не панікуйце!».

Несьцярэнка не паслухаўся і быў выгнаны з пасады дырэктара інстытуту.

«Не панікаваць!» — параіў першы сакратар ЦК КПБ Сьлюнькоў і Алесю Адамовічу, які пачаў біць у званы. Адамовіч не паслухаўся і гадамі паліваўся памыямі з прапагандысцкіх выданьняў.

Вось таму на ўсёй забруджанай тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расеі былі праведзеныя першамайскія дэманстрацыі. Па поўнай праграме. З удзелам вэтэранаў, школьнікаў, перадавікоў і не перадавікоў вытворчасьці.

А на тэрыторыях, роўных якой эўрапейскай краіне, працягвалі пасьвіць скаціну, зьбіраць ураджай. І гэтак — гадамі.

У Гарбачова вялізныя заслугі перад сьветам, перад былым савецкім народам, якому ён (жадаў ён таго або не) даў свабоду — але Чарнобыль... Канешне, пры Брэжневу, Андропаву ці Чарненку мы маглі б увогуле не даведацца пра выбух, як дзесяцігодзьдзямі ня ведалі пра Семіпалацінскі палігон. І ўсё ж...

Крызіс будзе глябальны, але жыцьцё —​ даражэйшае

Сёньня эўрапейскія ўрады адзін за адным прымаюць рашэньні аб закрыцьці межаў з прычыны каранавірусу, абвяшчаюць карантын (аж да крымінальнай адказнасьці за пакіданьне кватэры без паважнай патрэбы), на мабільнікі грамадзянаў прыходзяць эсэмэскі з інструкцыямі, што можна рабіць, а чаго нельга. Спыняюцца прадпрыемствы, зачыняюцца кінатэатры, кавярні, супэрмаркеты.

І першае, што было зроблена — карантын у школах і навучальных установах. Прычына — моладзь можа нават і не адчуць хваробы, але перанясе вірус на старых, а ва ўзроставай групе 80+ сьмяротнасьць, паводле прагнозаў, можа мець 14 %. А магчыма, і болей.

Ужо цяпер зразумела, што эканамічныя выдаткі дасягнуць гіганцкіх памераў; некаторыя адмаўляюцца праводзіць паралель з крызісам 2008 году, прапаноўваючы параўноўваць з часам пасьля Другой усясьветнай вайны.

Магчыма, апошняя паралель занадта апакаліптычная (прыгадаем, што і Чарнобыль выклікаў прагнозы аб сьмерці ледзь не траціны чалавецтва). Але сур’ёзнасьць сытуацыі ўсьведамляецца паўсюль. Як і аб’ём выдаткаў.

Ды толькі жыцьці людзей — даражэйшыя.

Калі высьветліцца, што ўрад Польшчы, ці Чэхіі, ці Гішпаніі, ці Славаччыны сьвядома не зрабіў таго, што мусіў зрабіць — ён абрынецца.

І толькі ў Беларусі ўладзе нічога не пагражае.

І толькі нядзельны выпуск вечаровых навінаў Беларускага тэлебачаньня адсунуў тэму, якую абмяркоўваюць усе лідэры вядучых краінаў — на сёмае, калі не памыляюся, месца.

Раней баяліся ЦК, а цяпер —​ Лукашэнку

Гэта сёньня ўвечары, а раніцай карыстальнікі сацыяльных сетак актыўна абмяркоўвалі заяву прэсавай службы Міністэрства аховы здароў’я БССР.

Вось цытаты:

«Апошнім часам у сацыяльных сетках і благасфэры ўзьнікаюць панічныя настроі і крытыка дзеяньняў або, як многія лічаць, бязьдзеянняў Міністэрства аховы здароўя...»

«Які эфэкт чакаецца ад закрыцьця дзіцячых садкоў і пачатковай школы? Калі ўжо добра вядома, што дзеці хварэюць значна радзей. А сьмяротных вынікаў не было выяўлена наогул ніводнага.

Таксама вядома, што пасьля закрыцьця дашкольных і школьных установаў малалетнія дзеці, бацькі якіх, як правіла, працуюць, наўрад ці будуць адны дома. Хутчэй за ўсё яны будуць пад наглядам бабуль і дзядуляў, з якімі шчодра падзеляцца сваімі вірусамі і мікробамі. А пажылыя людзі, якраз-такі і зьяўляюцца самай уразьлівай групай».

«Чаму незалежныя журналісты і экспэрты, актыўна прапагандуючы адмену масавых мерапрыемстваў колькасьцю больш за 100 чалавек, зьбіраюцца на прыём, арганізаваны адным з пасольстваў эўрапейскай краіны ў колькасьці больш за 300 чалавек?»

Ня ведаю, чаго каштавала аўтарам устрымацца ад таго, каб пазначыць, што гэтая краіна — член NATO. Здымаю капялюш.

Я вось сваю апіску пра «Міністэрства аховы здароўя БССР», перачытаўшы тэкст, вырашыў не выпраўляць — бо, сапраўды, шмат паралеляў з 86-м, калі Міністэрства аховы здароўя БССР заспакойвала

І калі ў 1986-м хлусілі дзеля прэстыжу савецкай дзяржавы, дык цяпер, падобна, дзеля аднаго чалавека. Калі раней міністар баяўся першага сакратара ЦК, дык цяпер — іншага, але таксама самага галоўнага. Таго самага, які параіў мыць рукі.

Слушна параіў. Але больш не прапанаваў, па вялікім рахунку — нічога.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG