Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвая турма». Турэцкі курд судзіцца зь беларускімі ўладамі за рашэньне дэпартаваць


Суд Цэнтральнага раёну Менску
Суд Цэнтральнага раёну Менску

Дзявяты месяц у ізалятары на Акрэсьціна сядзіць грамадзянін Турэччыны Хіджры Мамаш, якога беларускія ўлады зьбіраюцца выдаць на радзіму, бо Турэччына шукае яго як тэрарыста. За яго заступіліся беларускія праваабаронцы: на радзіме Мамашу пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвае зьняволеньне.

Улады Турэччыны залічылі Хіджры Мамаша ў сябры Рабочай партыі Курдыстану, абвешчанай тэрарыстычнай арганізацыяй. Скаргу Мамаша разгледзіць суд Цэнтральнага раёну Менску.

Гісторыя Хіджры Мамаша

Хіджры Мамашу 27 гадоў, нацыянальнасьцю ён курд, нарадзіўся і жыў у правінцыі Адыяман, населенай пераважна курдамі і армянамі, якія прынялі іслам. Правінцыя Адыяман знаходзіцца непадалёк ад Сырыі. У 2011 годзе Хіджры браў удзел у мірных акцыях дзеля абароны правоў курдаў, якія праходзілі ў Стамбуле.

Так ён трапіў пад увагу турэцкіх спэцслужбаў. Беларускім праваахоўнікам Хіджры Мамаш даводзіць, што ён ніколі ня быў сябрам Рабочай партыі Курдыстану, а быў актывістам Дэмакратычнай партыі народаў, якая ў Турэччыне дазволеная.

Паводле маладога чалавека, ён незаконна трапіў у сьпісы меркаваных тэрырыстаў і праз пагрозу свайму жыцьцю мусіў уцячы ў Ірак. Летась адзін за другім пачалі зьнікаць ягоныя сябры-курды, і Хіджры пачаў баяцца, што і ў Іраку яго выкрадуць ці нават заб’юць спэцслужбы.

Мамаш вырашыў уцячы з Іраку ў Эўропу. Каб гэта зрабіць, ён перабраўся ў Ерэван, дзе набыў новыя дакумэнты, па якіх купіў квіток на самалёт да Бялграду празь Менск. Зь Бялграду Мамаш зьбіраўся трапіць у Харватыю і папрасіць палітычнага прыстанішча ў адной з краін Эўразьвязу.

Але нават да Сэрбіі малады курд не дабраўся.

У ліпені 2019 году беларускія памежнікі арыштавалі Хіджры ў менскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў падробцы пашпарта. Спачатку на яго завялі крымінальную справу, потым перакваліфікавалі яе ў адміністрацыйную. Памежны камітэт прыняў загад аб ягонай прымусовай дэпартацыі зь Беларусі і забароне ўезду ў краіну цягам 5 гадоў.

Хіджры Мамаш падаў заяву аб міжнароднай дапамозе і палітычным прыстанішчы. Заява была разгледжаная ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі 5 лютага 2020 году, але ў палітычным прыстанішчы Беларусь яму адмовіла.

У справе ёсьць паказаньні брата пра катаваньні ў турэцкай турме

Справай Хіджры Мамаша апякуецца праваабарончая арганізацыя Human Constanta, якая займаецца лёсам палітычных уцекачоў і тых, каму пагражаюць катаваньні і перасьлед за палітычныя погляды. Праваабаронцы распаўсюдзілі падрабязную інфармацыю пра справу Хіджры Мамаша.

Паводле іхных зьвестак, беларускія праваахоўнікі падчас расьсьледаваньня атрымалі пісьмовыя паказаньні ягонага старэйшага брата, Мехмета. Мехмет Мамаш 10 гадоў прабыў у Турэччыне ў няволі праз аналягічнае абвінавачаньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці. Ён пацьвердзіў, што турэцкія спэцслужбы ўжываюць катаваньні да абвінавачаных у тэрарызьме, а да гэтай катэгорыі людзей часта далучаюць толькі за нацыянальнасьць. Гэта найчасьцей тычыцца курдаў.

«Брат Хіджры апавядаў, што ў турэцкіх турмах да палітвязьняў ставяцца горш, чым да жывёлаў, — паведаміў адвакат Арцём Калоша, які абараняе курда Хіджры Мамаша і знаёмы зь ягонай справай. — Расказваў пра надзвычай жорсткія катаваньні. Прыкладам, пра так званае „ісламскае падвешваньне“ ці пра падвядзеньне электрычнасьці да палавых органаў. Паказваў свае шнары, якія засталіся ад катаваньняў».

Чаму Беларусь не дала курду палітычнага прыстанішча?

Гэтага рашэньня ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС не камэнтуюць. Паводле адваката Арцёма Калошы, нават беларускі КДБ у заключэньні аб справе Хіджры Мамаша прызнаў, што не знайшоў перашкод для аказаньня яму міжнароднай падтрымкі.

Пазыцыю Дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі МУС адносна Хіджры Мамаша ягоны адвакат называе супярэчлівай і недакладнай.

«Тое, што майму падабароннаму ў выніку дэпартацыі ў Турэччыну будуць пагражаць катаваньні, зразумела нават КДБ і раённаму ўпраўленьню дэпартамэнта, якое вяло ягоную справу, — сказаў абаронца Арцём Калоша. — Гэта адлюстравана ў іхных заключэньнях, дзе сказана, што перашкод для аказаньня міжнароднай дапамогі ня знойдзена. Але цэнтральны Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі не спаслаўся на гэтыя высновы.

Яны пішуць, што майму падабароннаму нішто не пагражае на тэрыторыі Турэччыны, хоць самі ж прызнаць, што Хіджры Мамаш знаходзіцца ў нацыянальным вышуку як тэрарыст. То бок у іх пазыцыя такая: пакуль вам катаваньні не пагражаюць, таму ў прыстанішчы можна адмовіць, а калі будуць катаваньні, тады і зьвяртайцеся. Гэтая пазыцыя здаецца недакладнай, і мы будзем яе аспрэчваць у судзе».

Справу курда Хіджры Мамаша будуць разглядаць у Цэнтральным раённым судзе Менску 3 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG