Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: сакавік


Новая кнігарня «ЛогвінаЎ» у Менску — на вул. Караля, 22
Новая кнігарня «ЛогвінаЎ» у Менску — на вул. Караля, 22

Чым парадуюць нас у бліжэйшы час беларускія кнігавыдаўцы? Наш штомесячны «Літаратурны каляндар», у якім паведамляем пра выдавецкія навінкі ды анансуем некаторыя літаратурныя імпрэзы ў Беларусі.

«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.

Паэзія

Янка Купала. «Выбраныя творы». Менск, «Лімарыюс».

Кнігу ўклала дасьледчыца і настаўніца Ганна Севярынец. Яна выбрала тыя творы паэта, якія, на яе погляд, перажылі ХХ стагодзьдзе і ўвайшлі ў стагодзьдзе ХХІ. Укладальніца лічыць, што Купала зьяўляецца цалкам сучасным, зразумелым і цікавым для тых, хто ня ведае, што беларус быў панам сахі і касы, і каго зусім не хвалюе, чаму Яўхім Сарока распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру.

«Выбраныя творы» Янкі Купалы распачынаюць новую сэрыю «Лімарыюса», якая называецца «Наш сучасьнік». У ёй вядомыя дзеячы актуальнай беларускай культуры паспрабуюць скласьці канон, зь якім беларуская літаратура жыве ў новым тысячагодзьдзі.

Прэзэнтацыя Купалавага выбранага і абмеркаваньне новага літаратурнага канону з удзелам укладальніцы кнігі Ганны Севярынец, першага разбуральніка старых поглядаў на савецкі літаратурны канон пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча ды крытыка і аднаго з аўтараў падручніка па літаратуры Аксаны Чарнякевіч (Бязьлепкінай) адбудзецца падчас фэстывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Менску, на самым пачатку красавіка.

Васіль Аўраменка. «Кругі і колы». Менск, «Кнігазбор».

Гэтая кніга — поўная нечаканка ад публіцыста, аматара мэтафізычных здумленьняў і прафэсійнага нэўроляга. Жанр тэкстаў, якія склалі зборнік «Кругі і колы», сам аўтар вызначае як джаз-моўныя вершаваньні. Пры гэтым іранічна пакеплівае зь іх: маўляў, яны недастаткова радыкальныя, каб назвацца авангардам, але й занадта каструбаватыя, каб лічыцца «ўзорам чыстае красы». Зрэшты, чытачу будзе відней, як абазваць, да прыкладу такое:

Сакральнае і сэксуальнае

Сэкс і сакрум — дзьве падпоры нашага быцьця,
Крыж-хрыбет і фалас-стрыжань, што ніжэй — зямля.
На крыжы стаіць хрыбетнік, на крыжы Хрыстос.
Чэлес хмары падпірае, нібы хмарачос.
Ну, ня хмары, дык хоць коўдру зранку прыўздыме
І свае зямныя кроплі на кагось пралье.
Мо, і трапіць у нябёсы той скупы струмень —
Бліскане ў аргазьме спазмам — ісьціны прамень:
«Юр, мілосьць ды жарсьць каханьня — жыцьцядайны сьцяг,
Інвэстыцыя ў прышласьць, у зямны працяг».
Эстафэта грэху? Страху ў тым даўно няма.
Бо без грэху ўпалі б стрэхі,
не радзіліся б арэхі,
не будзіла б зранку рэха,
не цьвіла б зямля.

Тацяна Яцук. «Алфавітная музыка слоў». Менск, «Кнігазбор».

Кніга Тацяны Яцук — гэта своеасаблівы зборнік-алфавіт ад, А да Я. Вершы ў кнізе то сьветла-тужлівыя, то ўсьмешліва-іранічныя, то непасрэдна-адкрытыя, то стрымана-раздумлівыя, то спавядальна-інтымныя, то маштабна-публіцыстычныя. Але ўсе яны падпарадкаваныя адной задуме — алфавітнай.

Ад, А да Я стаміліся стагодзьдзі,
Якой цудоўнай явай я жыву.
Адыдзе час, што з цеплынёй не ў згодзе.
Я ціха рэчкай памяці плыву.

Дакумэнтальная літаратура

«Каліноўскі на Свабодзе». Бібліятэчная сэрыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

У важкі том «Каліноўскі на Свабодзе» ўвойдуць усе тэксты, якія былі ў праграмах Радыё Свабода і якія прысьвечаныя асобе кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстаньня, ягоным паплечнікам, асэнсаваньню ролі іх чыну ў працэсе станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці і ўплыву на сучасныя палітычныя падзеі.

Рыгор Барадулін. «Дзёньнікі і запісы. Выпуск 7». Менск, «Кнігазбор».

Сёмы том «Дзёньнікаў і запісаў» ахоплівае напружаныя і бурлівыя 1994–1995 гады. Паэт укручаны ў віры грамадзкіх пераменаў, балюча рэагуе на ўсе відавочныя паразы нацыянальных сілаў і ляканічна і трапна апавядае пра тагачасныя падзеі і іх удзельнікаў. Чытач нібы зноў апынаецца ў колаверці дваццаціпяцігадовае даўніны.

Але гэты том — ня толькі дзёньнікавыя нататкі грамадзяніна і сем’яніна, але і новая кніга народнага паэта. У ёй надрукавана больш за 200 вершаў, якіх раней не было ў ягоных зборніках.

І позіркі, і словы —
Усё сплыве, міне,
У гэты дзень вясновы
Успомні пра мяне.
Сьмяюцца вочы, бровы,
Ня верачы журбе.
У гэты дзень вясновы
Я помню пра цябе.

«pARTISANKA». Альманах сучаснае беларускае культуры. Менск, «Галіяфы».

У пачатку сакавіка ў выдавецтве «Галіяфы» выходзіць чарговы нумар вядомага беларускага арт-часопіса — гэтым разам пад назваю «pARTISANKA». Выданьне прадстаўляе рэдактарская каманда мастачак, куратарак, дасьледчыц і актывістак, якія прапануюць сваю візію таго, хто такая беларуская (арт)партызанка.

«Мэта гэтага выданьня ня толькі ў тым, каб абазначыць сымбалічны паварот самога праекту partisan, але і знак таго, што зьмяняецца дыскурс сучаснага мастацтва ў Беларусі і публічнага поля ўвогуле. Гэта спроба адказаць на пытаньне, як мы, пэўная супольнасьць, уяўляем сабе фэмінізм у Беларусі, і ў якім кірунку бачым ягонае разьвіцьцё», — пішуць аўтаркі выданьня.

У нумар увайшлі тэксты Вольгі Шпарагі, Альміры Ўсманавай, Антаніны Сьцебур, Вольгі Маслоўскай, Тані Сяцко, Вольгі Гапеевай, Вольгі Бубіч, Інгі Ліндарэнка, Лізаветы Міхальчук, Сафіі Садоўскай, Юлі Цімафеевай, Вальжыны Морт, Ганны Карпенка, Вольгі Раманавай, Кацярыны Рускевіч. Дызайн распрацавала Антаніна Слабодчыкава разам з Настай Стальмахавай.

«МEDIAАДУКАЦЫЯ: міжнародны досьвед, практыка, пэрспэктывы». Менск, выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

Мэдыяпісьменнасьць — ключавая кампэтэнцыя XXI стагодзьдзя, упэўненыя аўтары зборніка, у які ўвайшлі больш за 70 артыкулаў. Яны прысьвечаныя праблемам разьвіцьця ў вучняў і дарослых крытычнага ўспрыманьня няспыннага патоку інфармацыі. Рэкамэндуецца прафэсарска-выкладчыцкаму складу i мэтадыстам устаноў дадатковай адукацыі дарослых i вышэйшай адукацыі, кіраўнікам i спэцыялістам упраўленьняў (аддзелаў) па адукацыі, кіраўнікам i пэдагагічным работнікам устаноў адукацыі, навуковым супрацоўнікам, асьпірантам, магістрантам, прадстаўнікам грамадзкіх арганізацый, мэдыяадукатарам, журналістам.

Кнігі для дзяцей

Сьвятлана Аўдзейчык. «Кніга Здольных». Менск, «Галіяфы».

Гэта першая частка трылёгіі пра спадкаемцаў Сакрума. Асаблівы, характэрны для фэнтэзі, непаўторны сьвет чараўніцтва і таямніцаў, які дазволіць вам апынуцца ў Ларборы — ізаляванай дзяржаве, грамадзтва якой падзеленае на дзьве клясы. Здольныя і бездары існуюць ва ўмовах узаемнай варожасьці. Ларбор пазбаўлены сувязі з рэштай сьвету, аточаны Бязьмежным морам з аднаго боку і таямнічым, поўным містычных здарэньняў Краем — з другога. Нават зямля, на якой існуе Ларбор, зьменлівая — загадкавая расьліна, карані якой ствараюць падземны Карнігард, падаўжае памеры Ларбора ў глыбіню. Некалі асноўным насельніцтвам краіны былі здольныя, але цяпер яны — элітарная меншасьць, пазбаўленая часткі сваіх правоў, таму здольныя ненавідзяць бездараў і выказваюць ім пагарду.

«Кніга Здольных» увайшла ў паўфінал міжнароднага конкурсу «Новая дзіцячая кніга — 5» у намінацыі «Фэнтэзі. Фантастыка. Прыгоды».

Падзеі

Літаратурны фэст «Прадмова»:

7 сакавіка — Гародня, Цэнтар гарадзкога жыцьця (вул. Кірава, 3). Пачатак, а 12-й. У праграме фэсту — прэзэнтацыя кнігі Сяргея Астраўца «Спадар Свабода». Гэта новая кніга зь «Біблятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя» пра журналіста, рэдактара і палітыка Ігара Герменчука. Час прэзэнтацыі 14.00–14.30.

14 сакавіка – Бабруйск, Тайм-клюб «1387» (вул. Чангарская, 54). Пачатак а 16-й. Чакаецца прыезд больш дваццаці літаратараў з Менску, а таксама выступы бабруйскіх аўтараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG