Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым далей ад Расеі». Як унук рэпрэсаванага беларуса вярнуўся на радзіму продкаў


Міхаіл Самборскі
Міхаіл Самборскі

Бабруйчанін Міхаіл Самборскі ў 2016 годзе прыехаў зь сямʼёй у Беларусь з Расеі. Ён расказаў Свабодзе, чаму вярнуўся на радзіму продкаў, як яго сямʼя апынулася ў Расеі, а таксама пра чаканьні і рэаліі беларускага жыцьця.

Сьцісла пра Міхаіла Самборскага

  • 38 гадоў. Мае трое дзяцей.
  • Нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, дзе ягоны дзед атайбаваўся пасьля высылкі.
  • Патомны лекар. Больш за 15 гадоў у мэдыцыне.
  • Скончыў у Цюмені мэдычную акадэмію.
  • Уласным коштам прайшоў трохмесячны цыкль інтэрнатуры ва ўнівэрсытэце імя караля Хуана Карляса І (Гішпанія).
  • У Бабруйску робіць лекарам-пэдыятрам.
  • Ягоная мара — каб Беларусь стала эўрапейскай краінаю з дамінаваньнем беларускай культуры, з рынкавай эканомікай і дэмакратычным ладам.

У Расею саслалі ягонага дзеда — «ворага народу»

«Я ня мусіў нарадзіцца ў Расеі, — разважае Міхаіл. — Так склаўся трагічны лёс майго дзеда, які не з сваёй волі апынуўся на расейскай поўначы».

Пра лёс дзеда, Ігара Самборскага, Міхаіл ведае ад яго самога і ад бацькі. Апавядаць чужым дзедаву гісторыю родныя яму забаранялі да распаду Савецкага Саюзу. Міхалаў бацька некалькі гадоў дамагаўся рэабілітацыі свайго бацькі, але марна.

Ігар Самборскі
Ігар Самборскі

Ігар Самборскі нарадзіўся на Лідчыне ў 1917 годзе. Хадзіў у польскамоўную школу. Вывучыўся ў Варшаве на інжынэра-хіміка. Вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, якая тады была пад Польшчай. У верасьні 1939 году, калі прыйшлі Саветы, яго забралі ў войска. У першыя дні Другой усясьветнай вайны трапіў у палон да нацыстаў, якія адправілі яго ў лягер для ваеннапалоных у Паўночную Італію. Большая частка нявольнікаў былі французы.

Міхаіл кажа, што паводле дзедавага аповеду ў 1944 году нацысты сталі запісваць этнічных беларусаў у Беларускую краёвую абарону (вайсковае фармаваньне, створанае пад нямецкай акупацыяй для барацьбы з партызанамі. — РС). Адмовіцца ад іхнай «прапановы» значыла падпісаць сабе сьмяротны прысуд, згадвае дзедавы словы суразмоўца.

Як чалавека з вышэйшай адукацыяй Ігара Самборскага накіравалі ў афіцэрскую школу ў Нямеччыне. Там рыхтавалі прапагандыстаў-перакладнікаў. Потым загадалі працаваць з савецкімі ваеннапалоннымі, каб тыя запісваліся ў БКА. Там жа ён выдаваў і беларускую газэтку. Бліжэй да канца вайны Самборскага адправілі ў Беларусь, дзе вайскоўцы БКА ахоўвалі стратэгічныя абʼекты, пераважна чыгунку. У карных апэрацыях ня ўдзельнічалі, расказваў дзед унуку.

«Дзед згадваў, што ў батальёне з 400 жаўнераў было ня болей за 20-30 тых, якія спадзяваліся, што з дапамогаю нацыстаў адродзіцца незалежная Беларусь. Большасьць, аднак, пайшла ў БКА, каб выжыць», — расказвае Міхаіл.

Паводле суразмоўцы, дзед апынуўся ў савецкім палоне, бо яго выдалі амэрыканцы. Да іх прабіваліся жаўнеры БКА, калі савецкія войскі пачалі наступ на Беларусь.

Як кажа Міхаіл Самборскі, дзеду «за здраду радзіме» далі 25 гадоў і саслалі ў Варкуталаг класьці чыгунку Варкута — Лабытнангі. Ён апавядаў унуку, што сьмяротнасьць у лягеры была неймавернай. На капаньні магілаў працавала цэлая брыгада, і «тая не заўжды спраўлялася, каб закапаць памерлых».

Ігар Самборскі з жонкай Еўдакіяй
Ігар Самборскі з жонкай Еўдакіяй

Па сьмерці Сталіна ў 1954 годзе Ігара Самборскага вызвалілі і ўзялі ў адну з «шарашак» (установа, у якой працавалі зьняволеныя спэцыялісты. — РС) у Ніжнім Тагіле. Пазьней яна стала Інстытутам плястмасаў.

У Ніжнім Тагіле Самборскі пражыў да сваёй сьмерці ў жніўні 1991 году. Там нарадзіліся ягоны сын і ўнук. Бацькаўшчыну рэпрэсаванаму беларусу дазволілі наведваць толькі ў 1970-х гадах.

«Дзед казаў, што ён цудам выжыў ў савецкім лягеры, і ня мог патлумачыць чаму, — згадвае Міхаіл. — З таўром „ворага народу“ ён пражыў да скону. Бацьку не ўдалося вярнуць добрае імя дзеда».

Чаму унук рэпрэсаванага вярнуўся на яго радзіму

Да думкі, што вяртаньне на гістарычную радзіму стане «галоўнай справай жыцьця», Міхаіл Самборскі прыходзіў паволі.

Прадзед Міхаіла Самборскага Васіль таксама быў лекарам
Прадзед Міхаіла Самборскага Васіль таксама быў лекарам

У 2004 годзе, па сканчэньні Цюменскай мэдычнай акадэміі, ён трапіў у 40-тысячны Ялу́тараўск — раённы цэнтар Цюменскай вобласьці. На тагачаснае жыцьцё не наракае. Карʼера мэдыка складавалася добра. Праз 6 гадоў працы ў мясцовым шпіталі стаў загадчыкам пэдыятрычнага аддзяленьня. Кажа, што тады шмат працаваў, каб выплаціць іпатэку на кватэру, бо жытла яму не далі, хоць і абяцалі.

Да 2014 году заробак у яго быў значна большы, чым у беларускіх калегаў — за месяц выходзіла 80 тысяч расейскіх рублёў (больш за 2200 даляраў).

Жаданьне перабрацца ў Беларусь абвастрылася пасьля расейскай акупацыі Крыму і вайны на Данбасе. Жыць на чужыне стала маральна невыносна, кажа ён. Пачаліся ідэалягічны прэсінг і фінансавыя паборы. Ад мэдыкаў патрабавалі «добраахвотна» пералічваць заробак за працоўны дзень (блізу 50 даляраў) на «дапамогу Данбасу». Незадаволенаму Самборскаму адказвалі, што грошы ён можа не здаваць, але потым будуць праблемы.

«Вядома ж, можна было пачаць вайну за свае правы, але яна б скончылася кепска для мяне, — апавядае ён. — Пасьля 2014 году заробкі значна зьменшыліся, фінансаваньне мэдыцыны таксама, умовы працы пагоршыліся. Але самае жудаснае — гэта штодня ісьці на ўгоду са сваім сумленьнем».

Міхаіл кажа: намер пераехаць у Беларусь ухваліла і жонка, бо бачыла, што ён прыходзіць з працы знэрваваны і «даведзены амаль што да стану псыхапата».

Застацца беларусам у Расеі

Што на той момант зьвязвала 32-гадовага грамадзяніна Расеі Міхаіла Самборскага зь Беларусьсю?

Ён цьвердзіць: дзед пасьля перажытага застаўся сьвядомым беларусам. Казаў яму, што не хацеў служыць у савецкім войску і што яго туды забралі гвалтам. Унуку даводзіў, што ў Савецкім Саюзе няма нічога добрага і што той сам у гэтым пераканаецца, калі вырасьце.

Міхаіл кажа, што ў дзедавай хаце было багата беларускіх кніг, якія ён чытаў дзецям і ўнукам. Але ягоная беларускасьць сканчалася, калі ён выходзіў з хаты, прызнаецца суразмоўца. Ня выракся стары і сваёй веры. Хадзіў у касьцёл, які ў Ніжнім Тагіле пабудавалі яшчэ нашчадкі сасланых удзельнікаў паўстаньня 1830–31 гадоў.

Міхаіл Самборскі
Міхаіл Самборскі

Міхаіл кажа, што пазьней, калі пачаў вучыць беларускую мову, то дзедава навука яму прыдалася, але пагаварыць па-беларуску на чужыне яму не было з кім.

Ён чуў, што ў Цюмені ёсьць суполка беларусаў, але зь ёю кантактаў навязваць ня стаў, бо не лічыў яе дзейнасьць сурʼёзнай.

«Яны там толькі сьпяваюць і танцуюць, — кажа Міхаіл. — У Расеі чым далей, тым больш праяўляецца імпэрства. Беларусы баяцца паказваць, што ня згодныя з усім, што адбываецца, але моўчкі вымушаныя падпарадкоўвацца новым парадкам».

Калі Міхаіл прыяжджаў да сваякоў у Беларусь, то цешыўся беларускім шыльдам, абвесткам па-беларуску ў транспарце. Лічыў, што беларускай мове на Бацькаўшчыне жывецца вальней.

Сустрэча на гістарычнай радзіме: «У нас па-беларуску не прынята»

Першы год жыцьця ў Беларусі Міхаіл называе залатым, бо «адкрываў для сябе Бацькаўшчыну». Шмат вандраваў на ровары. Пазнаёміўся ў Бабруйску зь мясцовымі рупліўцамі беларушчыны і рэгулярна наведваў імпрэзы.

Нэгатыў, зь якім сутыкаўся, зьвязвае з расейскім уплывам. На ягоны погляд, цяпер на Радзіме адбываецца няпростае вяртаньне беларусаў да саміх сябе, бо ў іхнай памяці захавалася, што «найлепшых зь іх забівалі і кідалі ў турмы».

Міхаіл Самборскі ў Бабруйску з дачкой, якая нарадзілася ў Беларусі
Міхаіл Самборскі ў Бабруйску з дачкой, якая нарадзілася ў Беларусі

У першыя два тыдні працы ў бабруйскай паліклініцы Самборскі запаўняў мэдычныя дакумэнты на беларускай мове. Аднак яго запрасіла кіраўніцтва і патлумачыла, што ў іх «так не прынята». На довады, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, яму адказвалі: «Большасьць беларусаў беларускую мову не разумее, таму трэба пісаць па-расейску».

«Тады я толькі прыехаў з-за мяжы і мусіў быць спэцыялістам дысцыплінаваным, выконваць мясцовыя правілы. Супакойваў сябе тым, што Беларусь усё роўна лепшая за Расею», — узгадвае ён.

Не ўдалося Міхаілу Самборскаму ў год прыезду на Бацькаўшчыну знайсьці ў Бабруйску і беларускую клясу для дачкі-першаклясьніцы.

«У Беларусі ў нас нарадзілася трэцяе дзіця, дык яно дакладна пойдзе ў беларускую клясу», — Міхаіл прызнаецца, што раней ня ведаў, як дамагчыся беларускага навучаньня для сваіх дзяцей.

«Ты малойца, але мы і безь беларускай мовы пражывём»

Міхаіл Самборскі кажа, што да ягонай беларускасьці на Радзіме стаўленьне прыязнае, але пераймаць беларускую гаворку землякі саромеюцца.

«„Вядома ж, ты малойца“, — хваляць мяне людзі і дадаюць: „Але мы неяк і так пражывём“», — аспісвае Міхаіл пазыцыю беларусаў у Беларусі.

На сёлетні Дзень роднай мовы ён накупляў шакалядак і частаваў імі тых, хто спрабаваў на прыёме ў паліклініцы гаварыць зь ім па-беларуску. Кажа, што «курс» беларускай мовы прайшоў бесканфліктна і з добрымі вынікамі.

Міхаіл лічыць: каб беларусізацыя была шпарчэйшай, неабходная падтрымка дзяржавы. Цяпер жа яна трымаецца на грамадзкім энтузіязьме.

«Пакуль мне хапае і таго, што я тут знайшоў, — адзначае ён. — Па-першае, тут не Расея. Па-другое, Беларусь усё ж пакрысе вяртаецца ў Эўропу. Там яе паратунак».

Міхаіл сьцьвярджае: большасьць беларусаў пачынае разумець, што цяперашнія стасункі з Расеяй дабром ня скончацца. «Чым далей беларусы будуць ад Расеі, тым бліжэй да Беларусі», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG