Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фіналістка World Press Photo Тацяна Ткачова — пра аборты і эксклюзіў за 30 даляраў


Тацяна Ткачова
Тацяна Ткачова

У красавіку ў Амстэрдаме абвесьцяць пераможцаў прэстыжнай фотапрэміі World Press Photo. Для Беларусі гэты год асаблівы: у сьпіс фіналістаў упершыню трапіла беларуская фатографка — Тацяна Ткачова з праектам «Паміж правам і сорамам». Гэта 10 фатаздымкаў жанчын, якіх аб’ядноўвае адно — калісьці кожная зь іх зрабіла аборт.

Свабода паразмаўляла з Тацянай Ткачовай пра працу над праектам і пра тое, чаму, на думку фатографкі, беларускім мэдыя трэба вучыцца ў замежных.

«Дзяўчына не павінна саромецца сказаць пра прэзэрватывы»

«Мая маці таксама прысутнічае ў гэтым праекце, — кажа Тацяна Ткачова. — Яна не была супраць таго, што я пра гэта расказала. Гэта вельмі асабістая для мяне гісторыя, таму што з гэтага ўсё пачалося. Я даведалася, што ў мяне магла быць, аказваецца, сястра ці брат. Даведалася адносна нядаўна. Для мяне гэта было так: ну як? Ну чаму? Так бы ў мяне быў брат або сястра! І толькі потым я пачала разумець, якую траўму наносіла сваёй маці, калі вось так спрабавала абмяркоўваць зь ёй гэтую тэму. Я, вядома, не наўмысна».

Тацяна Ткачова з маці
Тацяна Ткачова з маці

Расказваючы пра сябе, Тацяна кажа, што яна «фатограф, які працуе зь вельмі асабістымі тэмамі». Але гэты асабісты вопыт не абавязкова яе ўласны.

«Праект „Паміж правам і сорамам“, дзе я дасьледую вопыт жанчын, у якіх былі аборты, — якраз адзін з такіх. Дзесьці каля году я выношвала ідэю, што хачу зрабіць яго. Калі ты нечым апантаны, ты становісься такой пэрсонай, якая толькі пра гэта кажа. Цябе хвалюе ўсё, ты бачыш тэгі, зьвязаныя толькі з гэтай тэмай. Таму дзякуй велізарны маім сябрам, якія ўсё гэта цярпелі. І я пачала знаходзіць жанчын, хоць гэта не адразу ўдалося. Таму што як я буду шукаць? Прывітаньне, ты зрабіла аборт? Напішы, калі ласка, мне, я хачу цябе сфатаграфаваць. Ну, вядома, так гэта не працуе — гэта неэтычна. І так атрымалася, што першы раз у мяне быў няўдалы пошук гераінь. А потым я зрабіла першы фатаздымак у гэтым праекце, паказала, як гэта будзе выглядаць, і напісала, што шукаю. І мне ўсе мае гераіні напісалі самі. Я думала, што мне будзе шалёна цяжка зь імі мець справу, таму што гэта вельмі асабістая тэма. І плюс яшчэ трэба падпісаць дакумэнт пра тое, што яны дазволяць мне выкарыстоўваць гэтыя фатаздымкі. Па правілах ты павінен так рабіць. Ведаеш, было такое адчуваньне, што мы ўсе патрэбныя былі адна адной. Гераіні гэтага праекту — мне, а я ім. Мы злучыліся на нейкі час, зрабілі гэты праект і разышліся».

Фота з праекту «Паміж правам і сорамам». Усе імёны гераінь зьмененыя. Натальля, 62 гады, замужам, адно дзіця, адзін аборт
Фота з праекту «Паміж правам і сорамам». Усе імёны гераінь зьмененыя. Натальля, 62 гады, замужам, адно дзіця, адзін аборт

Сям’я Тацяны Ткачовай — з пасёлку Краснапольле Магілёўскай вобласьці. Яе маці зацяжарала ёю якраз тады, калі здарылася аварыя ў Чарнобылі.

«Мая мама шалёна спалохалася, — кажа Ткачова. — Яе адправілі на нейкі час у Грузію, каб яна не атрымала радыяцыю. І потым, калі яна зацяжарала другі раз, праз 9 месяцаў пасьля таго, як нарадзілася я, ужо трохі ў курсе ўсіх наступстваў, яна наважылася на гэты крок. Яна мае на яго права. І яе ніхто ня мае права асуджаць. Гэтак жа сама як і дзяўчыну, якая зацяжарала ў 20 гадоў і ня ведала, што ёй рабіць. Так бывае, так здараецца. Давайце разам думаць, як вырашаць гэтую праблему, каб такіх выбараў было менш. Давайце ўводзіць нейкія дысцыпліны ў школе, лішні раз расказваць пра засьцярогу, пра тое, што дзяўчына не павінна саромецца сказаць пра прэзэрватывы. У нашых шыротах да гэтага часу гэта мае месца, на жаль.

Маці Таццяны Ткачовай
Маці Таццяны Ткачовай

«Адна гераіня разьвялася са сваім мужам, які яе гвалтаваў»

Тацяна расказвае, што зь некаторымі гераінямі сустракалася некалькі разоў, а зь некаторымі шанец быў толькі адзін. Для праекту яна размаўляла і з тымі, каго сфатаграфаваць не ўдалося, а таксама пыталася думкі жанчын наконт абортаў.

«Адна гераіня на працягу часу, калі я рыхтавала праект, разьвялася са сваім мужам, які яе гвалтаваў. І яна зрабіла аборт на глебе гэтага, — гэта гісторыя Аліны ў праекце. Яна выйшла з гэтых адносін, у яе жыцьці скончыўся гвалт. Гэта было на піку, калі я рыхтавала праект, і яна мне пра гэта расказвала. Я лічу, што гэта, вядома, не ключавая роля ўдзелу ў тым праекце, але гэта таксама ёй дапамагло быць датычнай да іншых жанчын, аддаць свой вопыт, каб у яе жыцьці гэтая чорная паласа скончылася».

Праца над фотагісторыямі адбілася і на самой Ткачовай: пасьля тыдня сустрэчаў з жанчынамі яна захварэла і на паўтара месяца выключылася з працы.

«Гэта вельмі цяжкая тэма. Калі працуеш зь ёй, у цябе шмат гераінь, ты слухаеш іх гісторыі, і ты — ва ўсякім выпадку я — яшчэ не навучылася аддзяляць. Не магла больш гэтага слухаць. Дзікае пачуцьцё несправядлівасьці. Быццам бы ўсё проста, быццам бы ў нас яны [аборты] не забароненыя, разумееш, але чамусьці самі людзі ўсё ўскладняюць».

Тацяна Ткачова
Тацяна Ткачова

У фатаздымках гэтага праекту Ткачовай не відаць вачэй ніводнай з гераінь. Паводле фатографкі, некалькі зь іх былі ня супраць паказаць твар, але Ткачова спэцыяльна зьняла жанчын так.

«Не таму, што рабіць аборт сорамна, а таму, што ёсьць зона жыцьця кожнага чалавека, куды іншаму чалавеку зазіраць ня варта. І ў кожнага будуць свае нюансы для таго, каб зрабіць альбо не зрабіць той ці іншы ўчынак. Я нясу адказнасьць за кожную зь іх, для мяне важна не нашкодзіць.

Часам герой можа сам не ўсьведамляць гэтага і не разумець. І вось яны падпішуць дакумэнт, я буду юрыдычна абароненая. Але так ня пойдзе, ты не павінен пакідаць пасьля сябе выпаленае поле. Для мяне ўсё роўна, відаць іхнія вочы ці не. Гэта тэма сораму, якая існуе ў грамадзтве. І гэта ня толькі ў Беларусі. Я ўпэўнена, што гэта сугучна любой жанчыне на гэтай плянэце. Пасьля таго як „Сэзоны Веры“ апублікавалі ў The Guardian, многія заходзілі на мой сайт і пісалі мне фідбэк менавіта на праект пра аборты».

«Сэзоны Веры» — фотапраект Тацяны Ткачовай пра Веру Зянько з Валожына. Вера назвала сваё жыцьцё «апошнімі сэзонамі» і пераказала сваю біяграфію Тацяне Ткачовай праз адзеньне з шафы.

«Мужчыны казалі, што гэта важны праект»

Тацяна Ткачова лічыць, што доктар можа адмовіцца рабіць аборт. У Лагойскім раёне, напрыклад, іх ня робяць ужо амаль 5 гадоў.

«Аборт — гэта апрыёры траўма. Я чула шмат меркаваньняў, маўляў, яна зрабіла 15 абортаў і не шкадуе. Такога не бывае. Магчыма, гэта ахоўная рэакцыя ці нешта яшчэ. Але ні для якай жанчыны аборт не параўнальны з эмоцыямі, калі ты пайшла і купіла сукенку, — мяркуе фатографка. — Гэта ня проста пачысьціць зубы ці зрабіць кавы, або зрабіць прышчэпку. Гэта траўма. Трэба стварыць такія ўмовы, каб і лекарам было камфортна, каб яны таксама маглі абіраць, хочуць яны далей з гэтым жыць ці не. Па сутнасьці, гэта экзістэнцыйнае пытаньне.

І для жанчын павінны быць такія ўмовы, пры якіх яны атрымаюць найменшае эмацыянальнае ўзбуджэньне ў нэгатыўным пляне. Вельмі важнай кнігай для мяне стала „Паглядзі на яго“ Ганны Старабінец. Гэта расейская журналістка, якая сутыкнулася з вопытам абортаў на сабе. Мне падарыла яе Каця Багачэўская [дырэктарка Акадэміі фатаграфіі ў Санкт-Пецярбургу, дзе вучылася Ткачова] на Новы год. І пакуль я ехала з Санкт-Пецярбургу да Менску ў цягніку, я прачытала яе на адным дыханьні. Гэта было якраз калі я пачынала працаваць над гэтым праектам. Вельмі многія моманты, якія апісаныя ў кнізе, са знакам роўна і для нас, на жаль. Таму гэты праект важны для ўсіх нас — жанчын, мужчын, лекараў, людзей з рознай пазыцыяй — мы павінны навучыцца разумець і прымаць пазыцыі, якія адрозныя ад нашых пазыцый. І наогул разумець і прымаць іншага чалавека».

Тацяна некалькі разоў падкрэсьлівае: нягледзячы на тое, што для праекту фатаграфавала жанчын, гэтая тэма тычыцца і мужчын.

«Гэты праект я паказвала ў Малдове. Мяне запрасілі арганізатары фэстывалю дакумэнтальнага кіно „Часнок“ у Прыднястроўе. Там паказвалі фільм нямецкага рэжысэра пра аборты. І ў рамках гэтага была выстава праекту. Вельмі шмат мужчын падыходзілі да мяне, казалі, што гэта важна. А жанчыны саромеліся. Некаторыя пісалі потым, каб пазьбегнуць эмацыйнага кантакту, — напісаць прасьцей, чым размаўляць у жыцьці».

«Ня будзе добрай журналістыкі за 30 даляраў»

Цяпер Тацяна Ткачова працуе на палову стаўкі ў газэце «Звязда», здымае для іншых СМІ і займаецца асабістымі праектамі. Яе працы публікавалі вядомыя выданьні, такія як The Guardian, Der Spiegel, Lenta. ru, «Такие дела». Разважаючы пра беларускую і замежную фотажурналістыку, Ткачова зьвяртае ўвагу на адносіны да фатографаў.

«Розьніцу я заўважыла, калі мяне ўпершыню апублікавалі на [расейскім] партале „Такие Дела“. Гэта быў дыямэтральна супрацьлеглы вопыт. Я хачу адразу сказаць, што я нікога зь беларускіх мэдыяў не ацэньваю і не асуджаю — кажу толькі пра свой вопыт.

Што тычыцца „Такие Дела“, то гэта як быццам я адчула сябе важным аўтарам, людзям была цікавая мая пазыцыя, тое, як я хачу здымаць. Візуальная мова твая, таму што ты фатограф і ты будуеш апавяданьне разам зь пішучым журналістам. Якога я, дарэчы, нават і ня бачыла. Ні ў якім разе ні рэдактар, ні пішучы не ўплываюць на тое, што адбываецца зь візуальнай часткай матэрыялу.

Як абмяркоўваецца ганарар: ня трэба прыніжацца і пытацца, колькі гэта будзе каштаваць, колькі дзён здымкі, тлумачыць і даказваць, што калі я здымаю тры дні, то я не хачу атрымліваць як за адзін, разумееш? У гэтым вялікая розьніца. Табе адразу пішуць, колькі ты атрымаеш за свой праект. Вельмі правільна кажа [фатограф] Саша Васюковіч, што ўсе [у Беларусі] хочуць эксклюзіў за 30 даляраў. Ня будзе добрай журналістыкі за 30 даляраў».

Праекты «Сэзоны Веры» і «Паміж правам і сорамам» публікавалі некалькі замежных выданьняў, і ўсе плацілі Тацяне ганарар, кажа яна.

«Я не разумею, чаму я не магу апублікаваць праект у адным мэдыя [беларускім], а потым, калі пройдзе эмбарга, апублікаваць яго ў іншым, — разважае жанчына пра рэальнасьць беларускай фотажурналістыкі. — Ці нават у расейскім мэдыя калі апублікую — так было з праектам „Сэзоны Веры“ і „Паміж правам і сорамам“ — мне пішуць потым рэдактары беларускіх мэдыя, што хочуць апублікаваць у сябе. Але за грошы ня могуць, а я не магу апублікаваць свой праект бясплатна, таму што я не лічу, што гэта правільна.

Нядаўна быў выпадак, ня буду называць мэдыя. Мы былі на нейкім мерапрыемстве, я рабіла фатаздымкі, і адзін з рэдактараў убачыў гэта. Гэтыя фота выйшлі ў адным беларускім СМІ. А потым мне той рэдактар піша і пытаецца, а ці не магла б я падзяліцца фатаздымкамі. Як можна так будаваць дыялёг? Гэта прыніжальна ў дачыненьні да любога чалавека. Я трачу сваю тэхніку, свой час. Напішы, што „мы ня можам заплаціць столькі, але можам столькі. Не магла б ты падзяліцца?“.

Я пра гэты канструктыўны дыялёг! Пакуль гэтага ня будзе, наша журналістыка і фотажурналістыка ня будзе ўспрымацца сур’ёзна. Працаваць за ежу таксама ніхто ня хоча. Калі я сказала таму рэдактару, што не, я ня буду, давайце пра ганарары размаўляць, мне адказалі, што могуць мне за гэта 10 рублёў заплаціць. Ну, камон! І таму, магчыма, для многіх я маю складаны характар. Ну, значыць так».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG