Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні аб чым не шкадую», — асуджаны на 7 гадоў анархіст Емяльянаў


Мікіта Емяльянаў на судзе
Мікіта Емяльянаў на судзе

Анархіст Мікіта Емяльянаў падаў апэляцыйную скаргу на вырак суду Савецкага раёну Менску. Яго пакаралі 7 гадамі зьняволеньня за тое, што кінуў «кактэйль Молатава» ў будынак менскага сьледчага ізалятара і запэцкаў фарбай Менскі гарадзкі суд. Днямі маці актывіста Настасься Емяльянава атрымала спатканьне з сынам.

«Пра сябе Мікіта сказаў, што ні аб чым не шкадуе, — сказала Настасься Емяльянава. — Трымаецца, сілы духу ня страціў. Коратка выказаўся пра сваю справу, што ня згодны з прысудам і абскардзіў яго, а больш нічога не дадаў, бо там забаронена абмяркоўваць крымінальную справу, нават расказваць пра справы тых, з кім сядзяць, нельга. Такія правіла вывешаныя на сьцяне ў сьледчым ізалятары, і ўсіх папярэджваюць, каб іх выконвалі».

Летась у верасьні анархіст Мікіта Емяльянаў кінуў дзьве лямпачкі з чырвонай фарбай у будынак Менскага гарадзкога суду. Другі анархіст, Іван Комар, здымаў акцыю на відэа і потым выклаў у інтэрнэт. Свой учынак анархісты патлумачылі салідарнасьцю з актывістам Зьмітром Паліенкам, якога мусілі судзіць у той дзень. Празь месяц, у кастрычніку 2019 году, абодва актывісты правялі акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі каля менскага СІЗА на Валадарскага. Мікіта Емяльянаў кінуў у дзьверы ізалятара бутэльку з гаручай вадкасьцю, якую папярэдне падпаліў. Іван Комар, паводле суду, яму дапамагаў.

Страты ізалятару экспэрты ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Суд у лютым 2020 года прызнаў актывістаў вінаватымі і асудзіў кожнага на 7 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На наступны дзень пасьля суду беларускія праваабаронцы прызналі прысуд Мікіту Емяльянава і Івану Комару несувымерным злачынству ды заклікалі яго перагледзець.

«Ганаруся, што ён паспрабаваў нешта зрабіць»

«Не магу яго асуджаць, бо ён мой сын. Я яго люблю і нават ганаруся тым, што ён паспрабаваў нешта зрабіць, — тлумачыць Настасься Емяльянава сваё стаўленьне да ўчынку сына. — Ён і ў судзе пра гэта казаў публічна, што ў яго ў плянах не было чыніць шкоду ні людзям, ні будынкам, ды так і атрымалася. Казаў, што хацеў стварыць карцінку для відэа, якая б паказала, што ёсьць тыя, хто пратэстуе. Тлумачыў, што такія мэтады, як вывешваньне банэраў, ужо не спрацоўваюць, а трэба дзейнічаць больш рашуча».

Паводле Настасьсі Емяльянавай, Мікіта — шчыры каталік, ён дапамагаў весьці службу ксяндзу ў менскім Чырвоным касьцёле, год таму быў пасьвячоны ў лектары, меў права чытаць падчас імшы. Маці вязьня думае, што ў камэры ён працягвае маліцца.

«Ведаю, што Мікіта пісаў заяву, каб яго наведаў сьвятар. Спачатку не атрымалася і я хадзіла да начальніка СІЗА на прыём, таксама прасіла аб гэтым. Мне паабяцалі, што змогуць гэта арганізаваць. Я працягваю маліцца за сына, каб яму трапляліся на ягоным шляху добрыя людзі», — сказала Настасься.

Маці ведае, што Мікіта пераведзены ў камэру, дзе сядзяць больш за 10 чалавек. «Там сядзяць і старэйшыя за яго людзі, тыя, хто абвінавачаны паводле іншых артыкулаў, але дакладна ведаю, што там няма рэцыдывістаў. Сын на ўмовы не скардзіўся і пра канфлікты не казаў», — расказвае Настасься.

Дзень разгляду касацыйнай скаргі Мікіты Емяльянава ў Менскім гарадзкі судзе яшчэ не прызначаны. Да гэтага Мікіту Емяльянава будуць утрымліваць ў Менскім СІЗА на Валадарскага.

Ці падаў скаргу на прысуд анархіст Іван Комар, высьветліць не ўдалося. Пасьля абвяшчэньня прысуду Іван казаў, што нязгодны зь ім і будзе яго абскарджваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG