Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крамлёўская прапаганда рване з жудаснай сілай». Што пра фільм «Купала» сказаў кінакрытык


Кадр з фільму «Янка Купала», 2018 год
Кадр з фільму «Янка Купала», 2018 год

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі паглядзеў фільм дома ў рэжысэра стужкі Ўладзімера Янкоўскага.

Паказ «Купалы» адклаўся ў сьнежні мінулага году праз Лукашэнку. Як казаў рэжысэр Уладзімер Янкоўскі, Лукашэнка не пасьпеў ухваліць стужку, таму гледачы вымушаныя чакаць.

На сайце кінастудыі «Беларусьфільм» гістарычная драма «Купала» рэжысэра Ўладзімера Янкоўскага прадстаўленая як нацыянальны кінапраект. Здымкі кінафільма скончаныя, выхад у пракат чакаецца сёлета ўвосень, паведаміла карэспандэнту Свабоды прадстаўніца кінастудыі Алена Астаповіч.

«Спачатку будзе паказ на кінафэстывалях, а толькі потым прэм’ера. Гэта ўмовы і правілы фэстываляў клясы „А“. Пакуль падаём заяўкі і ня можам сказаць, на якіх фэстывалях будзе паказаны „Купала“. Камэнтаваць ня будзем, пакуль фэстывалі не адбяруць фільм».

«Да публічнага паказу на водгукі накладзенае эмбарга, але магу сказаць, што крамлёўская прапаганда ад паказанага рване з жудаснай сілай», — напісаў 22 лютага у сваім Facebook кінакрытык Тарас Тарналіцкі. Мы папрасілі Тараса ўсё ж расказаць пра «Купалу» падрабязьней.

«Няма дагаджаньня Расеі, ніхто не згладжвае вуглоў»

«Калі паглядзець трэйлер, то ён контравэрсійны, — кажа Тарас. — Там няма дагаджаньня Расеі, ніхто не згладжвае вуглоў. Няма такога, што вось мы былі пад Расеяй і гэта было добра. Ёсьць крытычны погляд на той час, але не сказаць, каб жорсткі. Хутчэй, канстатуецца факт, што вось тады, напрыклад, забаранялі размаўляць на беларускай мове».

Першы водгук (бяз спойлераў) Тарас напісаў у сваім Telegram-канале адразу пасьля прагляду. Пазьней выдаліў і спаслаўся на залішнюю знэрваванасьць «Беларусьфільма». Тарналіцкі думае, што нэрвавацца іх прымусіла згадка працэдуры ўхваленьня стужкі Лукашэнкам.

«Купала» — гэта праект, зроблены на мяжы самаадданасьці

«Калі прыгадваць іншыя фільмы, на якія была дзяржаўная замова, — і «Мы, браты», і «Сьляды на вадзе», — то згоду на тое, каб іх паказаць, давалі чыноўнікі, — кажа Тарас. — І ўсе пра гэта ведаюць ня першы год. Але «Беларусьфільм» чамусьці гуляе ў гульню, быццам ніхто пра гэта ня ведае. А гэта толькі дзяржаўныя СМІ пра такое ня пішуць».

Рэжысэр «Купалы» Ўладзімер Янкоўскі, хоць і пражыў усё жыцьцё ў Менску, шмат працаваў з расейскім рынкам як рэжысэр музычных кліпаў і кіно. Пытаемся, ці будзе Янкоўскаму цяжка знайсьці працу ў Расеі пасьля «Купалы».

«Магчыма, і будзе, але я не магу дакладна адказаць, — кажа Тарас. — Спадар Уладзімер ведаў, на што ідзе. Ёсьць людзі, якія адпрацоўваюць грошы, а ёсьць людзі, якія прагнуць выніку, якія гараць фільмам. Як ім гарэў Андрэй Кудзіненка, калі здымаў „Масакру“ ў 2010 годзе. Так гараць незалежныя рэжысэры. І ў гэтым сэнсе „Купала“ — праект, зроблены на мяжы самаадданасьці здымачнай каманды, рэжысэра».

Сам Тарас кажа, што кіно яму дакладна спадабалася. Прычапіцца можна знайсьці да чаго заўжды, але ў фільме «Купала» ёсьць глеба для гістарычнага і культурнага дыялёгу і дыскусій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG