Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцы і ахвяры. Факты пра «выклятых жаўнераў», якія ў 1946 годзе забівалі і палілі беларусаў Беласточчыны


Асьвячэньне яблыкаў падчас праваслаўнага сьвята Перамяненьня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, 19 жніўня 2015. Ілюстрацыйнае фота
Асьвячэньне яблыкаў падчас праваслаўнага сьвята Перамяненьня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, 19 жніўня 2015. Ілюстрацыйнае фота

Пачынаючы з 2016 году, польскія нацыяналісты арганізуюць пад канец лютага ў горадзе Гайнаўка на Падляшшы марш у гонар гэтак званых «выклятых жаўнераў» (żołnierzy wyklętych). Гэтым выразам у Польшчы называюць удзельнікаў ранейшага антынямецкага падпольля, якія пасьля заканчэньня вайны адмовіліся скласьці зброю і працягвалі змаганьне з камуністычнай уладай Польшчы.

Гайнаўскі марш прымеркаваны да Дня нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў» (Narodowy Dzień Pamięci «Żołnierzy Wyklętych»), які, згодна з парлямэнцкай пастановай 2011 году, адзначаецца 1 сакавіка. Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам.

Марш у Гайнаўцы штогод выклікае пратэсты беларусаў у Польшчы, перш за ўсе з прычыны таго, што галоўны кандыдат польскіх нацыяналістаў на мясцовага героя — Ромуальд Райс (падпольная мянушка: «Буры») — бачыцца беларусамі як злачынца і забойца. Ромуальд Райс адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства каля 80 чалавек мірнага этнічна беларускага насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын. Факт, што марш у гонар «Бурага» і ягонага крывавага паходу арганізуецца ў Гайнаўцы, дзе чвэрць жыхароў гораду афіцыйна пішацца беларусамі, а як мінімум палова належыць да праваслаўнага веравызнаньня, успрымаецца як дадатковы чыньнік запалохваньня беларуска-праваслаўнай меншасьці польскімі нацыяналістамі.

Ніжэй прапануем кароткі агляд найбольш істотных падзей і фактаў, зьвязаных зь крывавым паходам аддзелу Ромуальда Райса «Бурага» па Беласточчыне ў 1946 годзе, і пазьнейшымі іх ацэнкамі.

АКавец зь Віленшчыны

Капітан Ромуальд Райс «Буры» у 1944 годзе перайшоў з АКаўцамі зь Віленшчыны, якую занялі савецкія войскі, на Беласточчыну. Пасьля роспуску Арміі Краёвай у 1945 «Буры» ўступіў у камуністычнае Войска Польскае, але неўзабаве дэзэртыраваў і пайшоў у антыкамуністычнае падпольле. Ягоны аддзел належаў да падпольнай структуры пад назвай Нацыянальнае вайсковае задзіночаньне (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe), а сам Райс быў камандзірам «спэцапэрацый» (Pogotowie Akcji Specjalnej) у гэтым фармаваньні.

Ромуальд Райс, фота ваеннага часу
Ромуальд Райс, фота ваеннага часу

Забойства фурманоў

28 студзеня 1946 «Буры» са сваім аддзелам (у якім было каля 200 чалавек, як былых АКаўцаў зь Віленшчыны, так і мясцовых палякаў) апынуўся каля вёскі Лозіцы на Беласточчыне. Там ягоныя жаўнеры запынілі абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне на загад улады ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы. «Буры» прымусіў фурманоў перавозіць ягоны аддзел.

30 студзеня аддзел «Бурага», праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, пастанавіў памяняць некаторых вазакоў і загадаў солтысу ў вёсцы падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманоў, вярнуліся дадому чацьвёра.

31 студзеня аддзел «Бурага» апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Фурманоў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па польску, ён адпусьціў дадому. А іншых — загадаў забіць. Людзі ў Пухалах потым казалі, што ў тую ноч у вёсцы чуваць было крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы. Паводле адной з вэрсій, жаўнеры «Бурага» затаўклі праваслаўных фурманоў абухамі сякер, а стралялі толькі па тых, якія спрабавалі ўцякаць. Агулам забілі 30 чалавек, з 12 вёсак: Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька.

Япіскапы Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў кастрычніку 2019 вырашылі ўпісаць імёны забітых фурманоў у сьпіс Пакутнікаў Холмскіх і Падляскіх, якія памінаюцца Царквою ў апошнюю суботу ліпеня.

Залешаны і Выганоўская Волька

1 лютага 1946 жаўнеры «Бурага» спалілі вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку.

У Залешанах «Буры» загадаў сабраць усіх людзей на сход у адной хаце, дзьверы да якой яго жаўнеры завязалі, а хату падпалілі. Шмат людзей аірымала апёкі, але ніхто не загінуў, бо людзі здолелі выламіць дзьверы і кінуцца наўцёкі. У Залешанах загінулі людзі, якія на сход не прыйшлі. «Буры» загадаў падпаліць усю вёску, і 15 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад пажару.

У Выганоўскай Вольцы жаўнеры «Бурага застрэлілі» двух жыхароў.

Зані і Шпакі

2 лютага 1946 адзін узвод з аддзелу «Бурага» ноччу акружыў і спаліў вёску Зані, забіўшы 24 чалавекі (пераважна жанчын, дзяцей і старых, бо дарослыя мужчыны ў той час у хатах не начавалі).

Іншы ўзвод «Бурага» спаліў вёску Шпакі, забіваючы ў ёй 9 чалавек.

Працэс «Бурага» ў Беластоку

Камуністычныя ўлады арыштавалі «Бурага», які хаваўся пад фальшывым прозьвішчам на поўдні Польшчы, у лістападзе 1948. «Буры» пагадзіўся на супрацоўніцтва з камуністычнай службай бясьпекі, агаварыў сваіх таварышаў з аддзелу і выдаў інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне, а віну за забойствы беларусаў і спаленьне беларускіх вёсак спрабаваў зваліць на свайго намесьніка. У кастрычніку 1949, на паказным працэсе ў Беластоку, камуністы асудзілі Ромуальда Райса да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў выкананы 30 сьнежня 1949. Месца пахаваньня «Бурага» не вядомае.

Судовая рэабілітацыя «Бурага»

У 1995 годзе, на хвалі рэабілітацый асуджаных камуністамі ўдзельнікаў антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, Вайсковы суд у Варшаве скасаваў сьмяротны прысуд «Бураму» і рэабілітаваў яго, афіцыйна заявіўшы, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Ромуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Польская дзяржава выплаціла фінансавую кампэнсацыю сыну Ромуальда Райса за сьмерць бацькі.

Сьледзтва Інстытуту нацыянальнай памяці

Сьледзтва ў справе крывавага рэйду «Бурага» ў поскамуністычнай Польшчы доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) — інстытуцыя, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Але гэтае рашэньне ня мела ніякіх фармальных наступстваў: нікога ў гэтай справе не абвінавацілі, не адмянілі рэабілітацыі «Бурага» і ня выплацілі ніякай кампэнсацыі сем’ям забітых і спаленых беларусаў.

Вынікамі афіцыйнага сьледзтва ІНП у справе «Бурага» спрабавалі маніпуляваць некаторыя польскія гісторыкі, калі да ўлады ў Польшчы прыйшла Партыя «Права і справядлівасьць», якая памяняла кіраўніцтва Інстытуту. У сакавіку 2019 на сайце ІНП зьявілася паведамленьне, якое апраўдвала Ромуальда Райса, сьцьвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі». Паводле гэтага паведамленьня, у сьвятле цяперашняга польскага заканадаўства за Ромуальдам Райсам няма ніякай віны. Гэтае паведамленьне празь нейкі час было зьняпраўджанае Інстытутам як «заява безь юрыдычнай сілы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG