Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ створыць новы тэлеканал навінаў «як Euronews». Колькі гэта можа каштаваць бюджэту?


Міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч заявіў, што новы тэлеканал з навінамі створаць цягам 2020 году, і ён пачне вяшчаць «калі не ў канцы году, то ў пачатку наступнага».

Як перадае БелТА, гаворка пра гэта ішла на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам на тэму дзяржаўных СМІ. Даручэньне зрабіць канал навінаў «накшталт Euronews» Лукашэнка даваў яшчэ два гады таму на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ. Старшыня БТ Іван Эйсмант цяпер заявіў, што будучы канал можна таксама параўнаць, «быць можа, з BBC, хай гэта і нясьціпла».

«І ён будзе працаваць у зьвязцы з пашыранай інтэрнэт-дырэкцыяй Белтэлерадыёкампаніі, якую таксама вось-вось чакаюць вялікія рэформы, — дадаў Эйсмант пра новы канал. — Усе нашыя прапановы былі падтрыманыя».

«Людзі вельмі занятыя, каб слухаць працяглыя, як увечары на БТ ці СТВ, выніковыя перадачы... Цягам дня людзі хочуць атрымаць галоўную інфармацыю», — тлумачыў Лукашэнка 11 лютага. Ён расказаў, што сам адрываецца ад доўгіх сюжэтаў і чытае навіны бягучым радком, таму патрэбная «сьціслая інфармацыя па сутнасьці зь якім-небудзь відэашэрагам».

Новы тэлеканал зьбіраюцца ствараць у структуры Белтэлерадыёкампаніі, на базе Агенцтва тэлевізійных навінаў. Мяркуецца, што ён будзе працаваць ад 7 раніцы да паўночы. На якой мове будзе вяшчаньне, не ўдакладняецца.

Колькі дзяржаўнае тэлебачаньне каштуе беларусам

У дзяржаўным бюджэце на 2020 год (PDF) на Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію выдзелена 123,9 млн рублёў (годам раней было 106 млн). Ці ўваходзяць у гэтыя лічбы пляны на новы тэлеканал, невядома, але раней пра такія дадаткі да бюджэту не паведамлялася.

Асобна на канал АНТ выдзелена 4,24 млн рублёў, на канал СТВ — 1,5 млн, на міждзяржаўную тэлерадыёкампанію «Мір» (штаб у Маскве, старшыня рады дырэктараў — прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітры Пяскоў) — 7,87 млн. На інфармагенцтва БелТА (якое ў асноўным выдае тэкставыя і фотанавіны, але часам здымае відэасюжэты) выдзелена 1,47 млн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG