Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская нацыя будзе да прышэсьця Хрыстовага, — дэпутат Марзалюк падчас прэзэнтацыі сваёй кнігі


Ігар Марзалюк, архіўнае фота
Ігар Марзалюк, архіўнае фота

На Менскай міжнароднай кніжнай выставе Ігар Марзалюк прэзэнтаваў сваю расейскамоўную кнігу «Сто гадоў БССР».

Марзалюк патлумачыў, што кніга выйшла па-расейску, бо друкавалася ў расейскамоўнай газэце — «Советской Белоруссии».

«Сам я, як вы чуеце, беларускамоўны чалавек», — сказаў Марзалюк (падчас прэзэнтацыі ён гаварыў па-беларуску).

«БССР не зьяўляецца падарункам маскоўскага цэнтру»

Марзалюк сказаў, што для яго «найважнейшым вытокам нацыянальнай (не гістарычнай) беларускай дзяржаўнасьці зьяўляецца Ўсебеларускі зьезд 1917 году, які адбыўся ў Менску ў сучасным тэатры імя Янкі Купалы».

«БССР, хто б што ні казаў, не зьяўляецца падарункам маскоўскага цэнтру, а была выпакутаванай рэччу. Гэта кніга пра тое, што наша сёньняшняя тэрытарыяльная цэласнасьць і наша краіна — вынік пакутлівага шляху нашага народу і лепшых яго прадстаўнікоў у 20-м стагодзьдзі», — сказаў Марзалюк.

Марзалюк таксама выказаўся пра «самы абразьлівы і зьневажальны міт».

«Гэта той, што БССР — гэта чыйсьці падарунак, што ў самім праекце „БССР“ не прысутнічае беларуская нацыянальная воля і беларускае памкненьне, — сказаў Марзалюк. — Як правіла, нэгатыўны погляд, калі мы кажам пра гэты дзяржаўніцкі праект, зьвязаны з той унітарнай мадэльлю СССР, якая ўзьнікла ўжо ў эпоху позьняга сталінізму. І вельмі часта людзі забываюць, як яно было ў 20-х, у эпоху беларусізацыі, які ўзровень свабоды быў і якія рэчы ўпершыню рэалізаваныя менавіта ў гэтых межах», — сказаў дэпутат.

Ігар Марзалюк на кніжнай выставе
Ігар Марзалюк на кніжнай выставе

Паводле Марзалюка, у палітыкаў, якія стваралі «беларускі дом», ёсьць чаму павучыцца.

«Па-над амбіцыямі, па-над дзяльбой партфэляў, па-над нейкімі прагматычнымі, шкурнымі інтарэсамі яны рабілі і зрабілі самае галоўнае. Яны пабудавалі першую форму рэальна існуючай дзяржавы, хоць яна на той момант не зьяўлялася незалежнай дзяржавай, але першай формай дзяржаўнасьці. Безь якой сёньняшняй незалежнай Рэспублікі Беларусь не было б. Безумоўна, там былі трагічныя рэчы, сталінскія рэпрэсіі, там шмат было страшнага. Але самае важнае — гэта людзі, якія ахвяравалі многім, у тым ліку жыцьцём, дзеля рэалізацыі сваёй запаветнай мары — стварэньня дома для беларускай нацыі», — мяркуе Марзалюк.

«Тэрмін Белая Русь узьнік у заходнеэўрапейскай, каталіцкай традыцыі»

З залі прагучала пытаньне — ці не зьяўляецца назва «Беларусь» «мэханізмам русыфікацыі»?

Марзалюк параіў прачытаць кнігу Алеся Белага «Хронікі Белай Русі», каб пераканацца, што тэрмін Белая Русь «узьнік у лацінамоўнай, заходнеэўрапейскай, каталіцкай традыцыі і толькі пазьней замацаваўся за нашай тэрыторыяй».

«І ні да якай русыфікацыі, і ні да якага расейскага накідваньня тэрмін „Белая Русь“ ня мае ніякага дачыненьня».

Паводле Марзалюка, Алесь Белы і Алег Латышонак паказалі, «як дрэйфаваў тэрмін Белая Русь і як ён замацоўваўся ў тым ліку і за цэнтральнай, і за заходняй тэрыторыяй Беларусі».

«Суадносіць тэрмін Белая Русь з накідваньнем гэтага тэрміна ў эпоху Расеі гіпэрнекарэктна, бо гэта абсалютна не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці», — сказаў Марзалюк.

«Я ўсіх заклікаю захоўваць мову свайго сэрца»

Яшчэ адно пытаньне з залі тычылася «інфармацыйнай вайны, якая цяпер ідзе», што нельга нікому аддаваць ВКЛ, «бо гэта наша слава». Запытальнік зьвярнуў увагу, што памочнікі Марзалюка на прэзэнтацыі (прадстаўніца выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» і журналіст «Советской Белоруссии») карыстаюцца мовай, «якая ўчора была савецкай, а сёньня яна імпэрская», што народ можа «разьвіваць сваю ідэнтычнасьць толькі на адной мове».

«Бедныя ірляндцы, якія таксама зьведалі лінгвацыд і абсалютная большасьць па-гэльску не размаўляе. Але калі вы скажаце, што няма ірляндзкай нацыі, паспрабуйце англамоўнаму ірляндцу сказаць, што ён англічанін, а не ірляндзец, — сказаў Марзалюк. — Ёсьць дзівосная песьня ірляндзкая, але англамоўная. У ёй сьпяваецца пра самы вялікі дуб, які расьце пасярэдзіне Ірляндыі, пра самае цёмнае піва і пра ірляндзкае сэрца, якое ніколі ня стане ангельскім. Я ўсіх заклікаю, незалежна ад таго, якой мовай вы паслугоўваецеся сёньня, захоўваць мову свайго сэрца, захоўваць сваю беларускую традыцыю і ідэнтычнасьць».

Паводле Марзалюка, беларуская мова «зьяўляецца важнейшым сымбалем, мовай сэрца, мовай, на якой і прысягу прэзыдэнт прыносіць».

«А ці будзе яна ў масавай камунікацыі і ці зойме яна тое месца ў калектыўнай камунікацыі беларускай нацыі, гэта залежыць ад самой нацыі, ад волі кожнага чалавека. Ніякімі дырэктывамі тут нічога ня зробіш. Але беларуская нацыя ёсьць, і яна, я думаю, будзе, як беларуская дзяржава, да скону веку, да прышэсьця Хрыстовага», — сказаў Марзалюк.

Ігар Марзалюк — старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, прафэсар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук.

Яго называюць «галоўным» гісторыкам, які ўключаны ва ўладныя структуры.

Марзалюк другі раз стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Рэакцыя Марзалюка на зварот Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2019 году стала мэмам. Дэпутат некалькі разоў эмацыйна пляскаў у далоні — здавалася, нават плакаў. У час запісу дэбатаў кандыдатаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі падарыў Ігару Марзалюку насоўку, «каб было чым выціраць сьлёзы падчас выступаў Лукашэнкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG