Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як загінуў сузаснавальнік «Ляпісаў» Руслан Уладыка? Ідзе суд, расказваюць сябры і калегі


Руслан Уладыка
Руслан Уладыка

19 студзеня ў Менску памёр беларускі музыка Руслан Уладыка, сузаснавальнік гурту «Ляпіс Трубяцкі» і гітарыст гурту Trubetskoy, вядомы пад псэўданімам «Пан». А 20 студзеня ў Партызанскім судзе Менску працягваецца працэс над Сяргеем Шакуном, якога абвінавачваюць у зьбіцьці Руслана Ўладыкі.

Сябры музыкі ня вераць, што той мог справакаваць канфлікт.

Гітарыст больш за паўгода ляжаў у коме

Руслана Ўладыку моцна зьбілі ў ноч з 4 на 5 чэрвеня ў мікрараёне Дражня. Да гэтага ён быў у гасьцях у сваёй сястры, а ўвечары зайшоў у бар.

Як распавёў музычны прадусар Яўген Калмыкоў, ёсьць відэазапіс з бару — туды Руслан прыйшоў у 22.28. На запісе відаць, як да яго падышоў чалавек з-за суседняга століка зь сябрамі. Руслан выйшаў. Хто і дзе яго знайшоў — невядома. У 23.30 яго даставілі ў рэанімацыю.

Больш за паўгода музыка праляжаў у коме. Як раней пісала Эўрарадыё, у яго была закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пераломы касьцей чэрапа, шматлікія кровападцёкі, драпіны, гематомы, рваныя раны.

Паводле сястры Руслана Сьвятланы Мірошкінай, нападнікаў было чацьвёра. Бандыты напалі на яе брата, каб абрабаваць, атрымаць грошы на наркотыкі.

Сяргей Шакун раней судзімы сем разоў. На лаве падсудных толькі ён адзін. Яшчэ адзін фігурант хаваецца на тэрыторыі Ўкраіны. Шакун віну прызнаў часткова — на паседжаньні 3 студзеня ён сьцьвярджаў, што паміж ім і Ўладыкам адбыўся канфлікт і што ён нанёс пацярпеламу толькі адзін удар — кулаком у вока. Да астатніх пабояў ён нібыта ня мае дачыненьня.

Пакуль 37-гадовага менчука судзяць па артыкуле 147, часткі 2, пункту 7 (нанясеньне цяжкога цялеснага пашкоджаньня з хуліганскіх памкненьняў), а таксама па артыкуле 206 «Рабаваньне». Але Руслан Уладыка памёр, і, хутчэй за ўсё, абвінавачваньні будуць перакваліфікаваныя.

«На абвінавачаным кляйма няма дзе ставіць!»

Калегі і сябры ня вераць, што Руслан Уладыка мог уцягнуцца ў нейкую разборку. Кажуць, што ён быў чалавек надзвычай спакойны, неканфліктны, памяркоўны. Вось як распавядае пра яго Павал Булатнікаў, лідэр гурту «Trubetskoy», які зьявіўся ў 2014 годзе пасьля роспуску «Ляпіса Трубяцкога»:

«Ды ня мог Руслан улезьці ў разборку, настолькі ён сьветлы і неканфліктны чалавек. У любым стане ён быў на пазытыве. Мы былі на судовым паседжаньні, бачылі гэтага абвінавачанага — на ім кляйма няма дзе ставіць, у яго гэта восьмая судзімасьць.

Да апошняга мы верылі, што Руслан выкараскаецца. Яго сьмерць для нас — удар. Мы зь ім усё „муцілі разам“, рабілі музыку, запісвалі альбомы. Ва ўсіх шок», — кажа Павал Булатнікаў.

«Руслана пры жыцьці называлі „хадзячым помнікам гітарысту“»

Прадусар гурту «Ляпіс Трубяцкі» Яўген Калмыкоў расказаў, што, акрамя ўсім вядомай мянушкі «Пан», у гурце Руслана звалі «Індзеец», бо ён ніколі не казаў лішніх слоў, быў рамантыкам па жыцьці.

«Бацька Руслана Пётар Уладыка — музыка ад бога, у яго не было адмысловай музычнай адукацыі, але ён валодаў многімі інструмэнтамі: цымбаламі, бубнам, гармонікам. Бацьку часта запрашалі на вясельлі, і з 7 гадоў ён браў з сабой сына.

Руслана пры жыцьці называлі „хадзячым помнікам гітарысту“. Ні грошы, ні плёткі яго не цікавілі, ніколі ён не сказаў ніводнага дрэннага слова ні пра кога. Яго цікавілі толькі тры рэчы: музыка — у яго загараліся вочы і ён гадзінамі мог пра яе гаварыць; сяброўства — ён да яго рамантычна і сур’ёзна падыходзіў; і самалёты, пра якія ён ведаў усё. Музыкі часта „ёрнічалі“, пыталіся, якія хібы ці перавагі ў розных мадэляў „Боінга“, і Руслан мог пра гэта расказваць бясконца», — узгадвае Яўген Калмыкоў.

«У яго не было ніякай зорнасьці, ніякіх «пантоў»

Сябар Руслана Ўладыкі Віталь Зыблюк адзначае незвычайную сьціпласьць і інтэлігентнасьць гітарыста.

«Для мяне было неверагодным уражаньнем, што вельмі вядомы і знакаміты чалавек, прынамсі на постсавецкай прасторы, выбітны гітарыст, па сутнасьці зорка, у жыцьці ніколі ня быў зоркай, якой быў на сцэне. Вельмі сьціплы, далікатны, інтэлігентны чалавек — у яго не было ніякіх „пантоў“. Зь ім нават незнаёмы чалавек мог паразмаўляць пра музыку. А яшчэ ён выкладаў у прыватнай музычнай школе гітару», — узгадвае Віталь Зыблюк.

«У яго былі неверагодныя гітарныя рыфы, віртуозныя малюнкі»

Шоўмэн, музыка Аляксандар Памідораў распавядае, што Руслан Уладыка быў вялікім знаўцам творчасьці «Песьняроў».

«Пры Руслану пачаць размову пра „Песьняроў“, а калі ў руках у яго яшчэ гітара, — было проста фантастычна! Ён падыгрываў, імправізаваў, казаў: „Паслухай, якая тут гармонія, а як ён гэта прыдумаў, а гэтая тэма была ў іншай вэрсіі“ — гэта проста цудоўна!

У яго самога былі неверагодныя тлустыя гітарныя рыфы, віртуозныя малюнкі. Вельмі добры, шчыры чалавек — у творчасьці. Сапраўдны гітарыст, мог граць у самых розных стылях, але заўсёды падкрэсьліваў: „Я ж мэталіст“. Абмяркоўвалі мы зь ім і адметнасьці беларускага гуку.

У яго было вельмі шмат ідэяў. Калі не было гастрольных тураў, ён даваў урокі ігры на гітары.

Гэта вялікая страта для беларускага музычнага жыцьця. Ён шмат што мог стварыць», — кажа Аляксандар Памідораў.

Руслан Уладыка быў у ліку заснавальнікаў гурту «Ляпіс Трубяцкі» і няспынна выступаў з гуртам да яго распаду ў 2014 годзе. Потым пачаў граць у праекце Trubetskoy з Паўлам Булатнікавым і Аляксандрам Старажуком. Ён памёр у 45 гадоў. У Руслана засталіся жонка і 14-гадовы сын Яўген.

Усе выдаткі на пахаваньне Руслана Ўладыкі ўзялі на сябе калегі і сябры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG