Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс за незалежнасьць Беларусі прызначылі на 15 сакавіка


Кангрэс за незалежнасьць. 2014 год. Ілюстрацыйнае фота
Кангрэс за незалежнасьць. 2014 год. Ілюстрацыйнае фота

Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць плянуецца правесьці 15 сакавіка 2020 года, у дзень прыняцьця Канстытуцыі 1994 года, паведамляецца ў прэс-рэлізе аргкамітэта.

«Арганізатары бачаць Кангрэс сапраўды ўсебеларускім форумам, які прадставіць інтарэсы дэмакратычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці. Таму гэта будзе ня столькі зьезд палітычных партый, колькі вялікі сход прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народу.Такі фармат стане яшчэ больш верагодным, калі некаторыя палітычныя структуры паставяць свае групавыя інтарэсы вышэй за агульнанацыянальныя», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле арганізатараў, на кангрэсе не плянуецца намінацыя прэтэндэнтаў на ўдзел у «прэзыдэнцкай кампаніі». Аднак прапануецца выказаць на ім стаўленьне да выбарчага заканадаўства і «выбараў» у Беларусі.

На пленарным пасяджэньні плянуюцца выступы экс-старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба, былога судзьдзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова і іншых вядомых сьпікераў.

Пад час працы тэматычных сэкцый будуць абмеркаваныя розныя аспэкты абароны незалежнасьці. Таксама плянуецца абраць новы склад рады кангрэсу, у які ўвойдуць каля 30 вядомых грамадзкіх і палітычных дзеячаў.

Паводле арганізатараў, агульная колькасьць удзельнікаў будзе большай, чым на папярэднім кангрэсе ў 2014 годзе — тады ўзялі ўдзел 63 дэлегаты.

У сувязі з працягам рэпрэсій супраць абаронцаў незалежнасьці вырашана выбраць пяць сустаршыняў аргкамітэту. Сярод іх Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў, Ігар Рынкевіч і Павал Севярынец. Пятую пасаду пакінулі вакантнай, бо чакаецца далучэньне яшчэ некалькіх партый і буйных грамадзкіх арганізацый, і ад адной зь іх будзе абраны яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэту.

Міжнародным сакратаром аргкамітэту кангрэсу абраная Алена Крушэўская.

Акрамя ўдзелу ў кангрэсе прадстаўнікоў беларускай дыяспары з шэрагу краін, будуць запрошаны замежныя партнэры з Расеі, Украіны, іншых краін-суседзяў. Прысутнічаць на кангрэсе «выказалі цікавасьць амбасадары розных краін, у тым ліку з краін Эўразьвязу і краін-гарантаў беларускага сувэрэнітэту па Будапэскім мэмарандуме».

Аргкамітэт правядзе сваё наступнае пасяджэньне 17 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG