Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць беларусаў не гатовыя дапамагаць». Жыхар Бабруйску працягнуў руку тым, ад каго ўсе адвярнуліся


Падапечныя дабрачыннай установы «Справядлівая дапамога»
Падапечныя дабрачыннай установы «Справядлівая дапамога»

У Бабруйску 26-гадовы Максім Чарняк дапамагае землякам перажыць нядолю. Тры гады таму, перанёсшы анкалягічную хваробу, ён стварыў дабрачынную ўстанову «Справядлівая дапамога». Там падапечных кормяць, апранаюць і адаграваюць.

У праекце «Безь дзяржавы» мы апавядаем гісторыі беларусаў, якія даюць рады жыць на сваім хлебе, без дапамогі дзяржавы, а часта і насуперак ёй. У чым іхная жыцьцёвая філязофія, якія прынцыпы і сакрэты дапамагаюць дасягаць мэтаў?

Сьцісла пра Максіма Чарняка

  • Мае адукацыю маляра-тынкоўшчыка. Вучыцца на 3 курсе бабруйскага мэдычнага каледжу.
  • Два гады быў мэтадыстам у Бабруйскай праваслаўнай япархіі.
  • Цяпер дабрачынная дзейнасьць — асноўны від занятку.
  • Жанаты. Мае дваіх дзяцей.

Каму дапамагаюць і як

З Максімам Чарняком гутарым у офісе няўрадавай арганізацыі — падвальным памяшканьні з двух пакояў у цэнтры Бабруйску. «Справядлівую дапамогу» зарэгістравалі ў 2017 годзе. Паводле суразмоўцы, за тры гады арганізацыя дапамагла блізу 6 тысячам чалавек. Толькі летась па дапамогу зьвярнуліся 3 тысячы. У дні, калі офіс працуе, яго наведваюць да 50 чалавек.

Максім Чарняк
Максім Чарняк

Па словах Чарняка, арганізацыя апякуецца тымі, хто вызваліўся зь месцаў пазбаўленьня волі, бяздомнікамі, а таксама пэнсіянэрамі, якія трапілі ў няпростую жыцьцёвую сытуацыю. Падапечных ня толькі кормяць, але і падбіраюць ім адзежу і даюць узімку адагрэцца. Максім кажа, што ніводнаму наведніку ў дапамозе не адмаўляюць.

«Чалавек, які ня мае патрэбы, ня прыйдзе да нас, — тлумачыць ён. — Той, каму не патрэбная дапамога, наўрад ці стане есьці за адным сталом з тымі, хто сьпіць на вуліцы, а як наважыўся, то гэта ня проста так».

«Пасьля хваробы вырашыў, што буду дапамагаць абяздоленым»

Па словах Максіма Чарняка, ідэя стварыць дабрачынную арганізацыю зьявілася ў яго пасьля перанесенай анкалягічнай хваробы. Рак лімфатычнай сыстэмы (лімфому Ходжкіна) выявілі ў яго ў 2016 годзе. Год лячыўся. Цяпер хвароба на стадыі рэмісіі.

«Выпісаўшыся з бальніцы, я ўжо цьвёрда вырашыў, што буду дапамагаць тым, хто з розных прычын ня можа дапамагчы сабе сам», — кажа Максім.

Праз хваробу ён мусіў прыпыніць навучаньне ў мэдычным каледжы — узяў акадэмічны водпуск на год. Затым яшчэ два гады замест жонкі быў у дэкрэце, бо ўладкавацца на працу па стане здароўя ня мог.

Ён не хавае, што рэгулярна чуе — маўляў, яму варта было б падумаць пра сябе і сваю сям’ю, а «не марнаваць час на бадзягаў».

«Можа і трэба было б, але як узяўся за крыж, то трэба яго несьці да канца», — адказвае ён.

«Ня ўсе хацелі вадзіцца з тым, хто абслугоўвае бамжоў»

У Максіма маладая сям’я. Дачцэ — 4 гады, сыну — 1 год і 2 месяцы. Жонка падтрымала ягоную задуму дапамагаць абяздоленым, хоць і разумела, што на дабрачыннай дзейнасьці «надта ня выгадаеш». Цяпер, кажа Максім, жонка — валянтэр у арганізацыі.

Чарняк аформлены ў сваёй арганізацыі на паўстаўкі, але заробку не атрымлівае. Сямейны бюджэт трымаецца на ягонай падпрацоўцы будаўніком, жончынай паўстаўцы мэдсястрой ды сацыяльнай дапамозе на дзяцей. У месяц выходзіць тысяча рублёў.

Падапечныя дабрачыннай арганізацыі ў чаканьні ежы
Падапечныя дабрачыннай арганізацыі ў чаканьні ежы

Максім кажа, што сяброў, якіх меў да стварэньня арганізацыі, у яго не засталося, бо «яны не хацелі вадзіцца з тым, хто абслугоўвае бамжоў».

«Цяпер вакол мяне толькі тыя, хто разумее, чым я займаюся і наколькі гэта важна», — адзначае ён.

Большасьць наведнікаў — былыя асуджаныя

Пакуль Максім Чарняк апавядае пра арганізацыю, яе падапечныя зьбіраюцца каля ўваходу. Прыйшло пад трыццаць чалавек. Некаторыя не хаваюць, што жывуць бяз сталай працы і свайго жытла. Пра дабрачынную арганізацыю даведаліся ад знаёмых. У большасьці — раней судзімыя.

Наведнік дабрачыннай арганізацыі
Наведнік дабрачыннай арганізацыі

Мікалаю 48 гадоў. Ён сталы наведнік «Справядлівай дапамогі». Вызваліўся з калёніі 22 лістапада. Сядзеў за крадзеж. Мае прафэсію рамшчыка. Кажа, што з даведкай аб вызваленьні яму далі грошай толькі на білет да Бабруйску. Знайсьці працу ў горадзе ён ня можа, таму перабіваецца часовымі заробкамі. Сябе называе чалавекам бяз пэўнага месца пражываньня. Да сястры ў Бабруйскі раён ехаць ня хоча, каб не перашкаджаць ёй.

Пэнсіянэру Аляксандру 65 год. Кажа, што тры месяцы таму згарэла кватэра. Доўга ляжаў у бальніцы. Як пагарэльцу прапаноўвалі пакой у прытулку, але з пэнсіяй 300 рублёў ня мог плаціць за яго 550 рублёў на месяц. У арганізацыю Максіма Чарняка прыйшоў паесьці, пагаліцца і падабраць сабе што з адзежы. Мае судзімасьць. Вызваліўся інвалідам у 53 гады.

Павал са сваіх 59 гадоў адседзеў у турме 26. Кажа, што зьвяртаўся ў міліцыю, каб дапамаглі знайсьці працу, але марна. Два гады наведвае «Справядлівую дапамогу» і лічыць, што яна яго перамяніла. Кажа, што красьці болей ня хоча. Лічыць сябе валянтэрам арганізацыі.

Падапечны дабрачыннай арганізацыі Павал, які стаў яе валянтэрам
Падапечны дабрачыннай арганізацыі Павал, які стаў яе валянтэрам

Сам Максім кажа, што для былых асуджаных адна з асноўных праблемаў — знайсьці сябе ў жыцьці на свабодзе.

«Асабліва цяжка, — кажа ён, — тым, ад каго адвярнуліся родныя ці хто іх наагул ня мае. Такія людзі найчасьцей вяртаюцца назад у турму або становяцца бадзягамі».

Валянтэрка: у кожнага падапечнага свая няпростая гісторыя

Паводле Максіма Чарняка, дзейнасьць арганізацыі трымаецца на 10 валянтэрах. Прадпрымальніца Яна — адна зь іх. 28-гадовая жанчына гатуе ежу, а таксама «выконвае іншыя даручэньні кіраўніка арганізацыі». Калі ў офісе былі журналісты Свабоды, Яна прывезла падапечным згатаваны дома суп, а ўжо ў офісе зварыла макарону.

Жанчына кажа: у кожнага апекаванага свая няпростая жыцьцёвая гісторыя, якая вымусіла зьвярнуцца ў арганізацыю, бо падацца ім больш няма куды.

«Раз да нас прыйшоў мужчына і сказаў, што трое сутак нічога ня еў, — згадвае Яна. — У мяне тады сэрца сьціснулася, бо я зразумела, наколькі чалавеку цяжка жывецца. Такіх людзей хочацца пакарміць тут і яшчэ нешта даць з сабою. Прыходзіў хлопчык да нас, які жыў у лесе...»

Валянтэрка Яна
Валянтэрка Яна

Суразмоўніца лічыць валянтэрства сваім пакліканьнем. Акрамя гэтай арганізацыі, жанчына дапамагае бабруйскаму прытулку для жывёлаў.

«Калі я магу дапамагчы, то чаму гэтага не зрабіць», — кажа яна.

«Большасьць беларусаў не гатовыя дапамагаць абяздоленым»

Паказваючы офіс, кіраўнік «Справядлівай дапамогі» кажа: неабходнае для падапечных даюць пераважна жыхары Бабруйску. У мясцовым гандлёвым цэнтры «Карусэль» кожную апошнюю пятніцу месяца валянтэры разгортваюць пункт зьбіраньня гуманітарнай дапамогі. Адна з прыватных бабруйскіх пякарняў аддае хлеб, які не прадаўся цягам дня.

«У асноўным людзі даюць крупы, закаткі, макарону, гарбату, цукар, — кажа ён. — Грошы просім пералічваць на банкаўскі рахунак. Калі ж разжываемся гатоўкай, то адразу на яе набываем неабходнае для нашых наведнікаў».

Хлеб прыватнай пякарні для падапечных дабрачыннай арганізацыі
Хлеб прыватнай пякарні для падапечных дабрачыннай арганізацыі

Паводле Максіма Чарняка, гуманітарнай дапамогі з-за мяжы арганізацыя не атрымлівае. Беларусы павінны самі дапамагаць сваім суайчыньнікам, лічыць ён. Тым ня менш прызнаецца, што сабранага «ледзьве хапае, каб задаволіць патрэбы падапечных». Ахвочых дапамагчы становіцца ўсё менш, бо «ў людзей няма лішніх грошай».

«Цяпер таго, што нам перадаецца, хапае ўпрытык», — кажа ён.

Паводле яго, большасьць беларусаў пакуль не гатовыя дапамагаць абяздоленым. Максім кажа, што з 700 чалавек, якім раздаюць улёткі падчас зьбіраньня харчоў, адгукаюцца 15–20.

«Грошай на аплату офіса не хапае...»

Максім Чарняк кажа, што ўсе грошы з рахунку, які папаўняюць ахвярадаўцы, зьядае арэнда. Офіс плошчай 68 квадратных мэтраў абыходзіцца арганізацыі ў 200–250 рублёў штомесяц. У час сабраць іх не ўдаецца, прызнаецца ён.

«Доўг пераходзіць зь месяца ў месяц. Падаецца дэбіторская запазычанасьць, і любая сума адразу сьпісваецца з рахунку на пагашэньне доўгу».

Падапечныя дабрачыннай арганізацыі
Падапечныя дабрачыннай арганізацыі

Паводле суразмоўцы, цяперашняе заканадаўства не дазваляе дабрачынным арганізацыям арандаваць памяшканьні за меншыя грошы ці бясплатна.

«Мы зьвярталіся да ўладаў, каб для арганізацыі зрабілі палёгку ў аплаце арэнды, — кажа ён. — Для нас увялі паніжальны каэфіцыент 0,5. І за гэта дзякуем. За адно памяшканьне раней плацілі 150 рублёў, а цяпер 75».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG