Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя прыяжджае, а я ім косьці рыцара ў скрынцы з-пад абутку». Дэтэктыўная гісторыя з часоў пачатку «інтэграцыі» Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйная выява. Бітва пад Воршай паміж літоўскім і маскоўскім войскамі, перамога ў якой дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў. Карціна 16 стагодзьдзя, аўтарам якой лічаць Ганса Крэля,
Ілюстрацыйная выява. Бітва пад Воршай паміж літоўскім і маскоўскім войскамі, перамога ў якой дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў. Карціна 16 стагодзьдзя, аўтарам якой лічаць Ганса Крэля,

Беларускія музэйнікі ўпершыню могуць вярнуць на радзіму гістарычную каштоўнасьць, скрадзеную чорнымі капальнікамі.

Гэтая гісторыя пачалася 4 лістапада 1501 году, калі войскі Вялікага Княства Маскоўскага пад камандаваньнем Аляксандра Растоўскага і Сяргея Варанцова падышлі да Амсьціслава, каб «інтэграваць» Смаленск разам з ваколіцамі ў склад сваёй дзяржавы.

Супрацьстаяла ім войска ВКЛ на чале зь Міхалам Заслаўскім і Яўстахам Дашкоўскім. Вынік бітвы быў для Заслаўскага і Дашкоўскага несуцяшальным — каля 7000 забітых, шмат ваяроў трапілі ў палон. Аднак маскоўскія войскі не змаглі ўзяць штурмам сам горад Амсьціслаў, дзе схавалася рэшта войска ВКЛ, і вярнуліся ў Маскву.

Яшчэ праз два гады вайна паміж Масквой і ВКЛ скончылася, і ўсё гэта так і магло застацца толькі абзацам на старонцы падручніка гісторыі. Калі б у 2012 годзе ня быў знойдзены адзін з 7000 беларускіх ваяроў, якія загінулі звыш 500 гадоў таму.

Знаходка

Андрэй Радкоў, архіўнае фота
Андрэй Радкоў, архіўнае фота

«У канцы лета 2012 году я працаваў у музэі гісторыі Магілёва, — расказвае выпускнік гістарычнага факультэту БДУ Андрэй Радкоў. — Тады ж нам паведамілі, што мясцовыя жыхары знайшлі фрагмэнты рыцарскіх латаў. Не было вядома, пры якіх абставінах знайшлі і як. Паведамілі проста пра сваю знаходку ў краязнаўчы музэй. Ігар Марзалюк потым туды прыяжджаў, ацэньваў тыя фрагмэнты». Неўзабаве Марзалюк (гісторык, цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў. — РС.) разам з дайв-клюбам «Марскі пэгас» праводзіў у Віхры раскопкі.

Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

«Дасьледаваньні дапаўняюць знойдзеную кірасу ўнікальным шаломам-салядай з падбароднікам і напатылічнікам тыпу амар, шпорамі, акамянелай рукавіцай і дзясяткамі фрагмэнтаў кальчугі, — расказвае пра вынік раскопак у сваім фэйсбуку дырэктар магілёўскага музэю Аляксей Бацюкоў. — У выніку знойдзены комплекс дасьпеху становіцца выключным па сваім музэйным і культурна-гістарычным значэньні для Беларусі і Ўсходняй Эўропы наогул. Адрэстаўраваны і закансэрваваны ў 2014 годзе дасьпех быў разьмешчаны ў асноўнай экспазыцыі Музэю гісторыі Магілёва».

Тут жа ўзьнікла першая загадка. Амсьціслаўцы Сяргей Е. і Зьміцер В. сказалі музэйнікам, што былі толькі сьведкамі работ нелегальных чорных капальнікаў. Маўляў, капальнікі знайшлі ў рацэ Віхры рыцара — латы.

«У нас да іх вэрсіі адразу ўзьнікла шмат пытаньняў, — працягвае Андрэй. — Тым больш што на адным з форумаў зьявілася фота гэтай кірасы з просьбай апазнаць і ацаніць. Даведацца, колькі гэта каштуе. Я калі прыехаў на месца, то высьветлілася, што гэтыя людзі, Сяргей Е. і Зьміцер В., сапраўды займаюцца пошукам з мэталадэтэктарам, зь іншымі прыладамі для падводнага пошуку. Расказалі вельмі шмат цікавых рэчаў пра свае знаходкі, пра іншае».

Так выглядалі парэшткі дасьпехаў пасьля знаходкі
Так выглядалі парэшткі дасьпехаў пасьля знаходкі

Сытуацыю ўскладняла тое, што навукоўцы пра парэшткі рыцара даведаліся прыкладна праз паўгода пасьля іх знаходжаньня. Увесь гэты час парэшткі ляжалі закапаныя на беразе Віхры.

Зьнікненьне мяча

«Вясной 2013 году я прыехаў на месца знаходкі, — расказвае Андрэй Радкоў. — Трэба было адшукаць на беразе ракі Віхры фрагмэнты касьцей рыцара. Аказалася, што ўнутры знойдзеных латаў былі і парэшткі загінулага. Іх пасьля знаходжаньня проста прыкапалі на беразе ракі.

А акрамя гэтага, да нас у музэй трапіла інфармацыя, што разам з кірасай і касьцямі быў таксама знойдзены рыцарскі меч. І вось пра гэты меч Сяргей Е. і Зьміцер В. нікому нічога афіцыйна не паведамлялі. А меч сапраўды быў знойдзены, ягонае фота ўжо хадзіла сярод калекцыянэраў і чорных капальнікаў з прапановай набыць старажытную зброю. На фота меч адпавядаў пэрыяду, калі загінуў абаронца Амсьціслава».

Фота таго самага мяча, якім абаронца Амсьціслава змагаўся з маскоўскімі акупантамі
Фота таго самага мяча, якім абаронца Амсьціслава змагаўся з маскоўскімі акупантамі

Здымак курсаваў у вузкіх колах калекцыянэраў і да музэйнікаў трапіў ад іх. Кошт, за які ўладальнікі былі гатовыя прадаць рыцарскі меч, тады яшчэ не абмяркоўваўся.

«Прыехаў я на месца, адзін са сьведак па памяці прыгадаў прыблізна месца, дзе былі закапаныя парэшткі рыцара, — працягвае Андрэй. — Імаверная плошча пошукаў была каля паловы квадратнага кілямэтра, нейкім цудам мы змаглі адшукаць дакладнае месца, дзе закапалі косьці рыцара. Яны ў пакеце былі проста закапаныя, чэрап не захаваўся, толькі тое, што было ў закрытым панцыры кірасы. Яна памерам недзе 60 см у вышыню і 45 у шырыню. І там унутры косткі змаглі захоўвацца на працягу гэтых пяці стагодзьдзяў».

Музэйнікі сьцьвярджаюць, што па вонкавым выглядзе кірасы і мяча можна вызначыць час іх вырабу. Супаставіўшы яго, навукоўцы былі перакананыя — яны маюць справу менавіта з парэшткамі ўдзельніка бітвы 4 лістапада 1501 году. І гэта была ня першая падобная знаходка.

У 1890-х гадах на ўскрайку сучаснага Амсьціслава шмат знаходак ужо было зроблена, рыбакі даставалі фрагмэнты латаў і косткі сеткамі. Аднак знаходка 2012 году ўсё ж асаблівая. Можна дакладна вызначыць, што знойдзеныя латы эўрапейскага ўзору. А гэта даказвае, што загінулы быў рыцарам ВКЛ, абаронцам Амсьціслава ад нашэсьця з Масквы. Неўзабаве пасьля знаходжаньня парэшткі рыцара перапахавалі ля Замкавай гары з вайсковай пашанай. Гэта адбылося летам 2013 году, падчас рыцарскага фэстывалю. Арганізацыю цырымоніі ўзялі на сябе мясцовыя ўлады.

Заява ў міліцыю

«Ну і вось косьці мы знайшлі, а мяча няма, — працягвае расказваць Андрэй. — Дамовіцца зь мясцовымі жыхарамі не атрымалася. Яны ў прыватнай размове прызналіся, што меч быў. Але што зь ім цяпер, як яго набыць і ў каго, пра гэта ніхто нічога не сказаў.

Мне нічога не заставалася, як зьвярнуцца ў Амсьціслаўскі РУУС, напісаць заяву па факце незаконных раскопак і зьнікненьня артэфакта зь верагодным продажам за межы краіны. У міліцыі вельмі зьдзівіліся. Яны прыехалі на месца, а ў машыне ляжыць скрынка з-пад абутку, поўная касьцей. Напісаў заяву. Але ў выніку атрымаў паведамленьне, што праведзена праверка і агучаныя мной факты не знайшлі пацьверджаньня».

Па словах Радкова, яго і калег па музэі ў той момант ахапіла расчараваньне. Маўляў, вось так блізка быў гэты меч, але яго не ўдалося адразу па гарачых сьлядах знайсьці. Разам з тым музэйнікі былі ўпэўненыя, што меч раней ці позна недзе зьявіцца. У іх быў фатаздымак і вусныя прызнаньні жыхароў. Заставалася чакаць, пакуль зброя дзе-небудзь «ўсплыве». І гэта адбылося ў 2015 годзе.

Меч адразу пасьля знаходкі і яго пазьнейшыя фота з інтэрнэт-аўкцыёнаў
Меч адразу пасьля знаходкі і яго пазьнейшыя фота з інтэрнэт-аўкцыёнаў

«Празь некалькі гадоў зьявілася інфармацыя, што меч купіў грамадзянін Расеі, і ён гатовы прывезьці яго назад у Амсьціслаў за пэўнае ўзнагароджаньне, — працягвае расказваць дэтэктыўную гісторыю Андрэй. — Усё гэта праз калекцыянэраў было, праз знаёмых. Дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў нават дамаўляўся з гэтым чалавекам пра сустрэчу, цэлы дзень чакаў у Амсьціславе, але нічога не атрымалася. Чалавек некалькі разоў казаў, што прыедзе. Потым зваў сустрэцца на тэрыторыі Расеі. А пасьля зусім прапаў».

Тады ж музэйнікі канчаткова пераканаліся, што меч абаронцы Амсьціслава быў вывезены ў Расею ці Ўкраіну. Схіляліся да першага варыянту. Да мяжы з усходнім суседам усяго некалькі кілямэтраў, да таго ж яна зусім адкрытая і амаль ніяк не кантралюецца.

Вяртаньне мяча ў Беларусь

Празь нейкі час Андрэй Радкоў звольніўся з магілёўскага музэю, пераехаў жыць у Менск. Заняўся справай, зусім не зьвязанай з профільнай адукацыяй. Аднак гісторыя абаронца Амсьціслава і яго зьніклага мяча на гэтым ня скончылася. У сьнежні 2019 году музэйнікі даведаліся, што зброю выставілі на адным з заходнеэўрапейскіх аўкцыёнаў.

«Мы ведалі, што наш меч неаднаразова прадаваўся на аўкцыёнах, — гаворыць Андрэй. — Але ніяк не ўдавалася яго перахапіць. І вось у сьнежні 2019 году меч зноў выставілі на адным з эўрапейскіх аўкцыёнаў, і мы своечасова даведаліся пра гэта. Я вам з тэхнічных прычынаў не магу назваць сам аўкцыён і краіну, дзе ён адбываўся. Меч трапіў на тэрыторыю Эўразьвязу. Як гэта ні дзіўна, але празь мяжу можна правезьці шмат чаго. Кампэтэнтныя органы займаюцца кантролем, аднак існуюць крымінальныя схемы перасячэньня мяжы, кантрабанда».

Выкупляць меч давялося за ўласныя сродкі, грошы былі патрэбны тэрмінова. Як ні дзіўна, дапамагчы вярнуць патрачаныя на меч 15 тысяч рублёў могуць беларускія праваахоўныя органы. Калі яны наноў пачнуць расьсьледаваць справу аб зьнікненьні мяча амсьціслаўскага рыцара і дакажуць крымінальны характар зьяўленьня зброі на заходнім аўкцыёне, апошні, магчыма, верне выплачаныя за меч грошы.

Чакаецца, што меч абаронцы Амсьціслава ад маскоўскіх войскаў прыбудзе ў Беларусь ужо 29 сьнежня. Экспэрты заходняга аўкцыёну пацьвердзілі, што зброя вырабленая на мяжы XV-XVI стагодзьдзяў і яна доўгі час знаходзілася ў вадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG