Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Гараўскага патрабуюць калі не даверу, то ўвагі, — падпалкоўнік міліцыі


Юры Гараўскі
Юры Гараўскі

Ці можа верыць сэнсацыйным заявам Юрыя Гараўскага ў інтэрвію «Нямецкай хвалі» наконт палітычных зьнікненьняў у Беларусі ў канцы 90-х? Які палітычны рэзананс будзе мець гэтае інтэрвію, як паўплывае на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2020 годзе?

На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

— Мікалай, вы паглядзелі ролік «Нямецкай хвалі» — інтэрвію зь Юрыем Гараўскім, пачыталі інтэрвію зь ім — якое ў вас, як у прафэсіянала праваахоўных органаў, уражаньне, ці маеце сумневы ў праўдзівасьці і праўдападобнасьці таго, пра што Гараўскі кажа? Ці можна яму верыць?

— Я думаю, што так. Ён апавядае падрабязнасьці, якія лёгка праверыць, і гэта шмат пра што кажа. Калі чалавек кажа, што трупы закапалі, што машыну закапалі, і ён гатовы паказаць месца, калі называе прозьвішчы, і можна праверыць, ці сапраўды такія людзі служылі ў адпаведным падразьдзяленьні.

Гэта ўсё лёгка праверыць. І ёсьць падставы ўсё гэта праверыць пільна.

— Яго мова, яго апісаньні службовых узаемадачыненьняў — наколькі яны адпавядаюць вашаму досьведу працы ў праваахоўных органах?

— У розных падразьдзяленьнях яны складваюцца па-рознаму. Але яго апісаньне службовых узаемаадносінаў у мяне не выклікае недаверу. Што былі пасьля службы сумесныя шашлыкі, паходы ў лазьню — я цалкам гэта дапускаю. Там, у «СОБРы», ня так шмат людзей было, і маглі быць асабліва давераныя стасункі.

— А як вы ацэньваеце той факт, што чалавек толькі цяпер расказаў пра падзеі 20-гадовай даўніны? Яго тлумачэньне вас задавальняе?

— У жыцьці бываюць розныя дзіўныя выпадкі. Апавяду гісторыю з сваёй практыкі. Быў выпадак рабаўніцтва. Я акурат дзяжурыў і здымаў паказаньні пацярпелых і сьведкаў.
Прайшло гады 3-4, і прыйшоў чалавек, які прызнаўся ў гэтым рабаўніцтве. А не было ніякіх зачэпак, справа была абсалютны «глушэц».

Бываюць розныя абставіны. Можа, ён захацеў застацца на Захадзе, можа, ён пачуваўся ў небясьпецы нават на Захадзе.
Бо ў гэтай сытуацыі эўрапейскія праваахоўныя органы павінны правесьці расьсьледаваньне і забясьпечыць яго ахову.
Забойства палітыка — гэта цяжкое злачынства. Гэта фактычна тэрор.

Зразумела, не хапае дэталяў. Мне б хацелася зь ім паразмаўляць, бо тут важныя дробязі. Але некаторыя дробязі ён паведамляе.
Напрыклад, пра вусьцілку ў абутку Ганчара. Напэўна, радня ці блізкія знаёмыя могуць сказаць, ці была такая вусьцілка ў Ганчара.

— Наколькі для падобных структураў характэрна, што чалавек можа ў іх адслужыць, а потым фактычна зь іх сысьці? Калі ён кажа праўду, то выглядае, што яго проста кінулі, ніякага нагляду за ім не было. Але пры гэтым ён быў носьбітам вельмі выбуховай палітычнай таямніцы. Як жа гэтая сыстэма так спрацавала?

— Цяжка сказаць. Але, ведаючы нашую бязладнасьць, цалкам можна дапусьціць. Я б не рабіў канчатковых высноваў і хацеў бы, каб усё, сказанае ім, было праверана. Ня ведаю пра «СОБР», але ведаю шмат людзей, якія сыходзілі з міліцыі. І нікога гэта не хвалявала.
Я зьвярнуў увагу, што Гараўскі гаворыць вельмі спакойна. Думаю, што людзі кшталту Паўлічэнкі таксама вельмі спакойныя.
Мы ад спэцслужбаў чакаем нейкіх захадаў звышасьцярожнасьці, плянаваньня, стратэгіяў. Але часьцяком усяго гэтага няма.
Я ня ведаю Паўлічэнку, але, ведаючы людзей нашай праваахоўнай сыстэмы, я ня зьдзіўлены, што не прыглядалі за такім чалавекам.

Там цікавая гісторыя з «Хартыяй»: Гараўскі кажа, што спрабаваў перадаць ім інфармацыю, а Паўлічэнка яму пазваніў і сказаў гэтага не рабіць. Але ёсьць пытаньне, чаму не зрабілі ніякіх захадаў, калі ведалі, што Гараўскі хоча абнародаваць сваю інфармацыю. Ёсьць пэўныя супярэчнасьці. Але тое, што заявы Гараўскага патрабуюць праверкі, — без сумневу.

— Мікалай, цяпер вам пытаньне не як былому афіцэру міліцыі, а як дзейнаму палітыку. Які палітычны рэзананс будзе мець гэтае інтэрвію Гараўскага «Нямецкай хвалі», асабліва цяпер, калі да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — менш за год? Гэтая тэма была адной з ключавых на выбарах 2001 году, яна прысутнічала і ў 2010 годзе як адзін зь сюжэтаў фільму «Хросны бацька». Зараз таксама будзе?

— Безумоўна, будзе. Стане зразумела, ці гэта пакуты сумленьня, ці спроба гарантаваць сабе бясьпеку, ці спроба паўплываць на вынікі выбараў. Дадае аптымізму той чыньнік, што гэты чалавек знаходзіцца не ў Расеі ці Казахстане. Ён знаходзіцца ў ЭЗ, і ён даступны спэцыялістам, якія могуць з высокай доляй імавернасьці сказаць, ці кажа ён праўду.

Нехта можа сказаць, што гэта правакацыя, каб перанакіраваць грамадзкі інтарэс на гэтую тэму. Зь іншага боку, ён у ЭЗ, ён даступны для сьледчых, для экспэртаў, псыхолягаў.

Рэзананс ягоныя заявы будуць мець. Хаця, мяркую, мала людзей у Беларусі, якія былі б упэўненыя, што Паўлічэнка, Лукашэнка і ўся яго каманда недатычныя да тых забойстваў.

Відавочна, што гэта дзяржаўнае злачынства. Пытаньне — як гэта даказаць.

Я як супрацоўнік крымінальнага вышуку думаю, што нешта ў гэтым ёсьць. Гэта заслугоўвае прынамсі ўвагі, калі не даверу.

А тое, што гэта прагучала перад выбарамі, — ня выключана, што яго неяк стымулявалі, каб ён менавіта цяпер пра гэта распавёў. А мо гэта проста супадзеньне.

Тое, што ён кажа, можна праверыць. Паглядзім на рэакцыю нашых праваахоўных органаў, на рэакцыю Канюка, Сьледчага камітэту. Яны абвязаныя гэта расьсьледаваць, атрымаўшы такія дадзеныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG