Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве Шарамета

абноўлена

Сьледчыя каля машыны, у якой загінуў Павал Шарамет, 20 ліпеня 2016
Сьледчыя каля машыны, у якой загінуў Павал Шарамет, 20 ліпеня 2016

Сёньня Нацыянальная паліцыя Ўкраіна назвала падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета. Пакуль агучылі першыя імёны, але сьледчыя не выключаюць, што кола выканаўцаў і арганізатараў у часе далейшага расьсьледаваньня будзе пашырана.

Сьледзтва спынілася на тым, што асноўным матывам забойства журналіста стала «дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне». У той жа час пакуль не адкідаецца і расейскі сьлед гэтым злачынстве.

Хто фігуруе ў справе

  • Андрэй Антоненка, які, паводле сьледзтва, закладаў выбухоўку пад аўтамабіль Паўла Шарамета — музыка, добраахвотнік, які да сёньняшняга дня служыць кантрактнікам у Сілах спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Вядомасьць яму прынесла песьня «Тихо прийшов, тихо пішов», якая стала нефармальным гімнам Сілаў спэцыяльных апэрацый. Дапамагаў у здымках дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных украінскаму войску. Два гады таму атрымаў адзнаку Міністэрства абароны Ўкраіны «За спрыяньне Ўзброеным сілам Украіны» і адзнаку прэзыдэнта «За гуманітарны ўдзел у Антытэрарыстычнай апэрацыі». На момант прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, Антоненка яшчэ ня быў затрыманы і заявіў журналістам аб сваёй недатычнасьці да забойства Паўла Шарамета. Музыку-добраахвотніка прыйшлі падтрымаць ягоныя сябры і саслужыўцы.
Андрэй Антоненка падчас ператрусу ў ягонай кватэры, 12 сьнежня 2019
Андрэй Антоненка падчас ператрусу ў ягонай кватэры, 12 сьнежня 2019
  • Юлія Кузьменка, якая, паводле сьледзтва, дапамагала Андрэю Антоненку закладаць выбухоўку пад аўтамабіль Паўла Шарамета і ўжо затрыманая — лекар-хірург. Яна ачольвае адно з аддзяленьняў Навукова-практычнага цэнтру дзіцячай кардыялёгіі і кардыяхірургіі. Яна была мэдыкам у часе падзей на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве ў 2013-2014 гадах і валянтэркай у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Мае прэзыдэнцкую адзнаку «За гуманітарны ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі», уладальніца валянтэрскай прэміі «Эўрамайдан SOS 2016». Летась яна трапіла ў рэйтынг 100 найбольш уплывовых ва Ўкраіне жанчын паводле вэрсіі часопісу «Фокус».​
  • Яна Дугар (на сайце МУС Украіны яе прозьвішча часам пішуць як Дугаль)— валянтэрка, вэтэранка антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле сьледчых, яна рабіла выведку каля месца забойства Паўла Шарамета і фатаграфавала камэры назіраньня.
  • На прэсавай канфэрэнцыі 12 сьнежня таксама называліся муж і жонка Ўладзіслаў і Іна Грышчанкі — добраахвотнікі, якія ваявалі ў складзе батальёну «Правы сэктар». Сьледзтва не ўдакладніла іхныя функцыі ў забойстве журналіста. Яны былі затрыманыя адпаведна 24 верасьня і 5 лістапада паводле падазрэньня ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці. Але ўласьнік машыны сам заўважыў выбуховую прыладу. Пазьней прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка ўдакладніў, што Грышчанкам афіцыйна не абвешчана падазрэньне ў забойстве Шарамета, але «яны будуць правярацца на гэта».

«Патрыятызм ператварыўся на здраду»

Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў зьвярнуў асобную ўвагу на тое, што ўсе названыя асобы на цяперашні час зьяўляюцца падазраванымі: «Украінскае грамадзтва павінна дакладна ўсьведамляць, дзе тая мяжа, за якой патрыятызм ператвараецца на здраду сваёй краіны або на злачынства. Гэта складаная размова. І яшчэ заўвага — гаворка ідзе аб выстаўленьні падазрэньня грамадзянам, якія на думку сьледзтва, ёсьць фігурантамі справы. Паводле закону, яны будуць адстойваць сваё права ў судзе, а мы будзем адстойваць абвінавачаньне».

Да высноваў аб датычнасьці гэтых грамадзян да забойства сьледзтва прыйшло пасьля апрацоўкі вялікай колькасьці матэрыялаў — больш як 800 дакумэнтаў, у тым ліку апэратараў мабільнай сувязі, допытаў 3700 асобаў, 47 экспэртыз. Апроч таго, былі «адпрацаваныя» 577 будынкаў і 4300 кватэр. «Прааналізавана 80 мільёнаў тэлефонных злучэньняў і 44 тысячы абанэнтаў. Дасьледаваныя відэазапісы з 221 камэры зьнешняга назіраньня. У прыватнасьці, пацягласьць некаторых запісаў дасягала двух месяцаў», — паведаміў намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Яўген Коваль.

Паводле яго, сьледчыя вывучылі 35 злачынстваў, аналягічных забойству Паўла Шарамета па мэтадах іх арганізацыі і ажыцьцяўленьня.

У той да час, сьледчыя пакуль так і не змаглі адказаць на пытаньне, хто быў замоўнікам і арганізатарам забойства журналіста.

«Мусім ведаць замоўнікаў»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які таксама прысутнічаў на абвяшчэньні вынікаў расьсьледаваньня справы Шарамета, падзякаваў сьледчым за працу:

«Імаверныя забойцы сёньня затрыманыя. Шмат адказаў, дзякуй Богу, мы сёньня атрымалі. Але ёсьць яшчэ адно пытаньне — хто замоўнік? Я ўпэўнены, што адказ на гэтае пытаньне знойдуць наступным разам. Я вельмі хачу верыць, што гэта будзе трэцяя, апошняя сустрэча з нагоды гэтай вельмі гучнай справы Паўла Шарамета. Вельмі ня хочацца, каб гэта было такім, ведаеце, у двукосьсі, "сэрыялам". Для нас гэта прыярытэтная справа. На жаль, такіх спраў яшчэ шмат у нас».

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка у сваю чаргу дадаў, што забойства Паўла Шарамета уваходзіць у катэгорыю тых спраў, якія вельмі складана расьсьледаваць, улічваючы што злачынства было зроблена тры з паловай гады таму:

«Я хацеў бы адзначыць важную ролю сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў, якія далі матэрыялы сваіх расьсьледаваньняў. Хачу пацьвердзіць, што на пэўных этапах сьледзтву сапраўды чыніўся сыстэмны супраціў. У нас ёсьць разуменьне, хто гэта рабіў. Не выключаю, што ў будучыні некаторыя з гэтых асобаў будуць фігурантамі расьсьледаваньня».

Паводле кіраўніка паліцыі, сёньня абнародавалі толькі частку доказаў, сабраных сьледзтвам. У той жа час ён заклікаў тых, хто мае дадатковую інфармацыю, перадаць яе сьледчай групе. «Мы гатовы забясььпечыць такім грамадзянам бясьпеку і канфідэнцыйнасьць», — заявіў Ігар Кліменка.

На акцыі памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2019
На акцыі памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, ліпень 2019

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Кіеўская рада сёньня ўхваліла рашэньне аб прысваеньні сквэру ў цэнтры Кіева, непадалёк ад будынку Службы бясьпекі Ўкраіны, імя Паўла Шарамета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG