Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацтва ў сьметніцы, ваб жаночых грудзей, футбаліст-рэкардсмэн


Сем рэчаў, якія мы ўведалі за мінулы тыдзень

Работа, выкінутая мастаком у сьметніцу, усё роўна належыць яму

У Кёльне суд пакараў штрафам у памеры 1200 эўраў 50-гадовага беспрацоўнага за тое, што ён узяў некалькі эскізаў, выкінутых мастаком у сьметніцу як непрыгодных для далейшай працы. Паколькі сьметніца стаяла на панадворку мастака, суд палічыў, што гэта быў крадзеж. Выпадак трапіў у суд пасьля таго, як беспрацоўны спрабаваў прадаць эскізы як работы мастака.

Рэтраспэктыўная выстава Герхарда Рыхтэра ў Празе ў 2017 годзе
Рэтраспэктыўная выстава Герхарда Рыхтэра ў Празе ў 2017 годзе

Справа датычыла эскізаў 87-гадовага Герхарда Рыхтэра, аднаго з найбольш вядомых нямецкіх мастакоў сучаснасьці. У 2015 годзе адну з абстрактных карцінаў Рыхтэра прадалі за 46 мільёнаў даляраў.

Пісьменнасьць беларускіх школьнікаў на сярэднім узроўні

На мінулым тыдні былі апублікаваныя вынікі міжнароднага тэставаньня ведаў 15-гадовых школьнікаў паводле гэтак званай праграмы PISA (Programme for International Student Assessment). У тэстах, праведзеных у 2018 годзе ў 79 краінах, беларускія школьнікі ўзялі ўдзел упершыню.

Паводле вынікаў дасьледаваньня, за ўменьне чытаць і разумець Беларусь атрымала 474 балы. Сярэднім усясьветным узроўнем лічыцца 454 балы. Лідэр тут Кітай — 555, у Эстоніі 523, у Польшчы 512, у Расеі 479 балаў.

У матэматыцы Беларусь набрала 472 балы, сярэдні паказьнік — 459 (у Кітаю 591, у Эстоніі 523, у Польшчы 516, у Расеі 488).

У прыродазнаўчых навуках Беларусь мае 471 бал пры сярэднім 458. У Кітаю 590, у Эстоніі 530, у Польшчы 511, у Расеі 478.

Гіпотэза поўнага абледзяненьня Зямлі ўмацавалася?

У часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences of the United States of America зьявіўся артыкул, які тлумачыць, якім чынам магло захавацца жыцьцё на Зямлі тады, калі зямны шар, паводле гэтак званай гіпотэзы Snowball Earth, быў цалкам пакрыты лёдам.

Гіпотэза Snowball Earth («Зямля — сьнежны ком») сьцьвярджае, што недзе 720–630 мільёнаў гадоў таму зямля была поўнасьцю абледзянелая. Гэтая гіпотэза тлумачыць, напрыклад, зьяўленьне ледавіковых адкладаў у трапічных шыротах Зямлі. Але адначасова задае новую загадку: якім чынам пад лёдам, бяз доступу кіслароду, маглі існаваць жывыя арганізмы?

Згаданы артыкул, абапіраючыся на новыя досьледы ледавіковых адкладаў, тлумачыць, што жыцьцё захавалася дзякуючы раставаньню ледавікоў у прыбярэжных зонах сусьветнага акіяну: ледавікі ў гэтых зонах утрымлівалі бурбалкі паветра, у якіх быў кісларод патрэбны для падтрыманьня жывых арганізмаў у вадзе.

На што глядзім, калі глядзім на жаночыя грудзі?

На гэтае пытаньне паспрабавала адказаць група польскіх навукоўцаў, якая апублікавала вынікі свайго дасьледаваньня ў часопісе Plastic and Reconstructive Surgery. Аказваецца, галоўным чынам глядзім на споднюю частку жаночых грудзей — на смочкі і іх атачэньне, якое па-навуковаму называюць арэолам.

Навукоўцы папрасілі 100 чалавек — 50 мужчын і 50 жанчын — паўглядацца ў здымкі жаночых цыцак і ацаніць іх эстэтыку ды сымэтрыю. На здымках былі грудзі, якія адрозьніваліся памерам і формай, у тым ліку гэтак званай «ступеньню ападаньня». Дасьледнікі сачылі за тым, куды кіруецца зрок гледачоў, пры дапамозе кампутарна-лазэрнай апаратуры.

Найбольш вядомы чэскі пісьменьнік нарэшце атрымаў чэскае грамадзянства

Пісьменьнік Мілан Кундэра атрымаў чэскае грамадзянства — праз 40 гадоў пасьля таго, як у 1979 годзе ў яго адабралі чэхаславацкае. Аўтар «Невыноснай лёгкасьці быцьця» і «Кнігі сьмеху і забыцьця» быў пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства камуністычнымі ўладамі краіны пасьля эміграцыі ў 1974 годзе. Дакумэнт аб наданьні грамадзянства 90-гадоваму пісьменьніку ў яго парыскай кватэры перадаў амбасадар Чэхіі ў Францыі.

Мілан Кундэра
Мілан Кундэра

Першыя свае кнігі Кундэра пісаў па-чэску, але пасьля эміграцыі ён перайшоў у творчасьці на францускую мову. Кундэра належыць да найбольш перакладаных аўтараў у сьвеце — колькасьць перакладаў ягоных кніг, паводле чэскіх СМІ, перасягнула 3000.

Стары рокер не здаецца

74-гадовы брытанскі сьпявак і аўтар песень Род Стуарт, адна з найвялікшых зорак сусьветнай рок-музыкі, адзначае 50-годзьдзе сольнай кар’еры вялікім канцэртным турнэ. На гэтым тыдні музыка выступіў у Дубліне.

У мінулым месяцы зьявіўся новы альбом Рода Стуарта, на якім ён выконвае два дзясяткі сваіх колішніх гітоў у новай аранжыроўцы з аркестрам.

Ліянэль Мэсі паставіў прызавы рэкорд

Нападнік «Барсэлёны» Ліянэль Мэсі (32 гады) устанавіў сусьветны рэкорд, стаўшы шосты раз уладальнікам «Залатога мяча». «Залаты мяч» (фр. Ballon d’Or) — самая прэстыжная футбольная ўзнагарода, яна прысуджаецца футбалісту, які, паводле галасаваньня каля дзьвюх сотняў журналістаў з усяго сьвету, гуляў лепш за ўсіх цягам апошняга году. Партугальскі нападнік Крышціяну Раналду (34 гады, цяпер у «Ювэнтусе») атрымліваў прыз «Залатога мяча» пяць разоў.

Ліянэль Мэсі з шостым «Залатым мячом»
Ліянэль Мэсі з шостым «Залатым мячом»

Летась «Залаты мяч» упершыню ўручылі і жанчыне — атрымала яго нападніца францускага «Ліёну» і зборнай Нарвэгіі Ада Хегербэрг. Сёлета «Залаты мяч» атрымала 34-гадовая паўабаронца Мэган Рапіна, якая ў ліпені 2019 разам са зборнай ЗША заваявала тытул чэмпіёнаў сьвету ў жаночым футболе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG