Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Міхася Лынькова, які абагаўляў Купалу і крытыкаваў Броўку


Міхась Лынькоў, 1967 год
Міхась Лынькоў, 1967 год

30 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Міхася Лынькова. Свабода публікуе 10 нечаканых фактаў пра літаратара.

У самы пік рэпрэсій ён займаў кіраўнічыя пасады ў літаратурных абʼяднаньнях, дзяржаўным выдавецтве і часопісе, здолеў захавацца ня толькі фізычна, але і маральна. Нягледзячы на жорсткія правілы сацыялістычнага рэалізму, напісаў адзін з самых балючых і вострых твораў пра беларускую вёску 1930-х «На чырвоных лядах», за які на яго накінулася тагачасная крытыка — і Лынькоў быў вымушаны абарваць свой раман на паўслове. А вось у хрушчоўскую адлігу тварыць па-мастацку пераканаўча ён ня змог.

1. Бедаваў, што беларускім пісьменьнікам не хапае шырокіх ведаў і ўнутранай культуры

Пра гэта Лынькоў выказваўся ў 1934 годзе на Першым зьезьдзе савецкіх пісьменьнікаў.

«Што перашкаджае нам і перашкаджала больш шырокаму выхаду на ўсесаюзную творчую арэну? /... / мы бываем часам вельмі калючымі, непрыгладжанымі, каравымі. Нам не хапае яшчэ тэарэтычнага асэнсаваньня свайго творчага вопыту, часьцяком не хапае і шырокіх, рознабаковых ведаў, глыбокага... разуменьня нашай рэчаіснасьці, сапраўднай культуры».

Міхась Лынькоў, Янка Відук (Скрыган) і Ілары Барашка на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. З фондаў БДАМЛМ
Міхась Лынькоў, Янка Відук (Скрыган) і Ілары Барашка на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. З фондаў БДАМЛМ

2. У сталінскія часы ставіў Янку Купалу ў адзін шэраг з Сэрвантэсам, Суіфтам і Гётэ

У 1944 годзе Лынькоў пісаў: «Ёсьць у мастацкай літаратуры такія творы, якія ўзьнімаюць чытача на крыльлі і ўзносяць яго на сьветлыя вяршыні бясьсьмертнай паэзіі чалавека, паэзіі яго адвечнага розуму і пачуцьцяў... Да такіх твораў мы адносім... „Фаўста“ Гётэ, „Гулівэра“, „Дон Кіхота Ламанчскага“... Да такіх твораў належаць і „Адвечная песьня“ Янкі Купалы, яго паэма „Яна і я“...»

3. Быў непасьлядоўны ў сваіх поглядах на беларускую літаратуру

У пачатку 30-х пісьменьнік зазначаў: «Мы ня мелі ў нашай літаратуры дэкадансу, мы ня мелі асаблівых фармалістычных напрамкаў, амаль што ня мелі ў ёй аматараў чыстага мастацтва, голага эстэцтва». Але адразу пасьля вайны, у 1945-м, з насьцярогай пісаў, што «часам наша літаратура носіць пэўныя адзнакі шкодных нам, варожых фармалістычных уплываў».

Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Віталь Вольскі, Максім Танк. 1969 г. З асабістага фонду М. Танка ў БДАМЛМ
Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Віталь Вольскі, Максім Танк. 1969 г. З асабістага фонду М. Танка ў БДАМЛМ

4. Крытычна ставіўся да Петруся Броўкі

Гэта было нават бачна ў афіцыйных артыкулах Лынькова. Напрыклад, у 1945 годзе ў афіцыёзным тэксьце «Літаратура народа» Лынькоў зь цеплынёй піша пра Глебку і называе яго паэтам «разумным і глыбокім», захоплена пра Пімена Панчанку («...узрос і дзіўна расьцьвіў арыгінальны талент маладога паэта Пімена Панчанкі...»). Броўка быў адзіным, каго ён дазволіў сабе пакрытыкаваць, сказаўшы, што «...зразумела, ня ўсе творы Броўкі аднолькавыя па сваіх мастацкіх якасьцях...».

Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў
Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў

5. Яго дзіцячую аповесьць баяліся друкаваць у 1930-я гады

Пра тое, што дзіцячую аповесьць Лынькова «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышоў» баяліся друкаваць у 1930-я гады, з іроніяй пісаў у 1938-м Міхась Клімковіч.

«Кажуць, што выдавецтва два гады вагалася: ці абнародаваць Мішкавы прыгоды, ці пачакаць, пакуль выйдзе том грамадзянскай вайны, прысьвечаны паходу Чырвонай Арміі на Варшаву, каб праверыць, у якім палку, пад якім камандаваньнем і па якому маршруту ішлі храбры ваяка Мішка і яго слаўныя таварышы на Варшаву. Гэтыя ваганьні выдавецтва, пры добрай перадачы іх „у асобах“ самому мядзьведзіку, — маглі б прыбавіць у яго рэпэртуар пару досыць цікавых нумароў, зь якіх заўсягдатаі яго тэатру — чырвонаармейцы — пасьмяяліся б здаровым сьмехам».

6. Яго аповесьць «Міколка-паравоз» упікалі за гістарычную недакладнасьць

Той жа Міхась Клімковіч адзначаў: «Якія ж недахопы ў гэтай аповесьці? Перш-наперш некаторыя прыкрыя памылкі, агаворкі, якія ідуць ад няўважлівасьці аўтара. На Міколкавай хаце (загоне) ён вывеў крэйдаю: „20 чалавек, 8 коней“. Такія надпісы зьявіліся ў вайну, а Міколкава хата была зьнята з колаў далёка да ваеннага часу, і такога надпісу на ёй быць не магло. У другім месцы — Міколка вызваляе ўначы бальшавікоў: Павел падае яму сыгналы — падымае руку. На справе гэтага, вядома, быць не магло, бо ня толькі Міколка, але і немец заўважыў бы Паўлавы сыгналы».

7. На пачатку 1930-х быў несправядлівы ў крытыцы

Напрыклад, цяжка пагадзіцца зь Міхасём Лыньковым, калі ён у 1932 годзе крытыкуе сьмелую аповесьць Платона Галавача «Вінаваты»:

Платон Галавач
Платон Галавач

«Трэба сказаць, што аповесьць „Вінаваты“ ня мела яшчэ выстарчальнай марксысцкай крытыкі... У чытача ўзьнікае спачуваньне да героя аповесьці, выключанага з партыі за тое, што бацька яго ў свой час быў ахраньнікам. Справа ня ў тым, вінават ці не вінават герой, ведаў ён пра мінулае свайго бацькі ці ня ведаў. Нават калі б ён і ня ведаў гэтага мінулага, то ніякім чынам не апраўдваецца ўвесь цёплы, спачувальны тон пісьменьніка да героя, тон, які выклікае сымпатыі да „пакрыўджанага“ партыяй чалавека».

8. Пры Брэжневу ганіў вульгарызатарскую крытыку пачатку 1930-х

У 1974 годзе Лынькоў пісаў: «Адным з буйнейшых недахопаў тагачаснай крытыкі... быў разгул вульгарнага сацыялягізму... Таленавіты пісьменьнік Кузьма Чорны доўгі час хадзіў у „папутчыках“, прычым у „папутчыках“ ня першай катэгорыі. Народных пісьменьнікаў Янку Купалу і Якуба Коласа некаторы час абвяшчалі прадстаўнікамі і апалягетамі дробнабуржуазнай, сялянскай ідэалёгіі. Няправільныя ацэнкі, аглабельная крытыка прыводзілі часам да таго, што вартая ўвагі і падтрымкі творчасьць таго ці іншага аўтара не заўважалася...»

Аркадзь Куляшоў і Міхась Лынькоў на Нарачы ў 1973-м
Аркадзь Куляшоў і Міхась Лынькоў на Нарачы ў 1973-м

9. Захапляўся псэўданімам аўтара «Паўлінкі»

«Відаць, не было, няма і ніколі ня будзе ў мастацкай літаратуры больш трапнага псэўданіма, як псэўданім Купала. Тут і вясна зь яе нараджэньнем жыцьця, зь яе радасьцямі і ўцехамі, зь яе сонечнай цеплынёй, сьветлымі марамі і спадзяваньнямі. І ў гэтым абаяльным слове ёсьць крышку ад старых-старых часоў, калі Купала несла яшчэ і функцыі культавага рытуалу...»

10. Лічыў Караткевіча адным з найбольш дасьведчаных беларускіх пісьменьнікаў

«Уладзімер Караткевіч — адзін з самых эрудзіраваных маладых пісьменьнікаў, які мае найбольшыя творчыя магчымасьці... У яго свая тэматыка, свой стыль, уласная адметнасьць. Ён любіць канкрэтныя гістарычныя факты з далёкай ці блізкай мінуўшчыны беларускага народа...»

Магіла Міхася Лынькова на Ўсходніх могілках
Магіла Міхася Лынькова на Ўсходніх могілках

Выкарыстаная літаратура

1. Михась Лыньков. Выступление на І всесоюзном съезде писателей СССР / Первый съезд советских писателей. М., 1934.
2. Міхась Лынькоў. Адвечная песня / Літаратура і жыццё. Мн., 1978.
3-4. Міхась Лынькоў. Літаратура народа // Альманах № 2, 1945.
5-6. М. Клімковіч. Аповесці для дзяцей М. Лынькова / Літаратура і мастацтва. Нядзеля, 6 студзеня 1938 г. № 3.
7. М. Лынькоў. За ваяўнічую партыйнасьць у пролетарскай літаратуры і мастацтве. За стварэньне сапраўднага вобразу бальшавіка // Літаратура і мастацтва. 26 лютага 1932 г. № 1.
8. М. Лынькоў. Падзея гістарычнай важнасьці // Полымя. 1974, № 7.
9. М. Лынькоў. На доўгія вякі // Полымя. 1972, № 7.
10. М. Лынькоў. Братэрская дружба. 1969 г. / Літаратура і жыцьцё. Мн., 1978.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG