Tinder для выбарнікаў

Tinder для выбарнікаў

Натхніўшыся папулярнай праграмай для знаёмстваў Tinder, мы задалі 12 кандыдатам у дэпутаты 10 аднолькавых пытаньняў. Каб пазнаёміцца зь імі бліжэй. Што думае пра гей-парады Андрэй Дзьмітрыеў, як ставіцца да сьмяротнага пакараньня Алег Гайдукевіч, чаму Валер Варанецкі выступае за беларускую мову, ці верыць у выбары Ірына Даўгяла? Даведайцеся больш пра тых, хто хоча кіраваць гэтай краінай.

Сьвятлана Лысенка,

23 гады, настаўніца матэматыкі і фізікі ў вясковай школе. Любіць фатаграфавацца, хоча вывучыць беларускую мову.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Найперш я дала веды вучням, я бяру ўдзел у адукацыйных праектах, мы з вучнямі пішам розныя навуковыя працы. — Ці верыце вы, што вас выберуць, а не прызначаць дэпутатам? — Я магу прысутнічаць на падліку галасоў, і я зраблю гэта. Тады буду ведаць гэта дакладна. Але мне хочацца верыць, што ў нас людзі выбіраюць дэпутатаў. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутаткай? — Хачу, каб палепшыўся ягоны дабрабыт. Усе пункты маёй праграмы дапамагаюць гэта зрабіць. Ён будзе жыць лепей, бо пункты маёй праграмы накіраваныя на паляпшэньне якасьці жыцьця.

Павінны быць крэдыты для дробнага бізнэсу, адміністрацыйныя працэдуры павінны быць спрошчаныя. Трэба прадаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, ад гэтага выйграе і дзяржава, і будучы ўласьнік прадпрыемства. Трэба павышаць інвэстыцыйную прывабнасьць, удасканальваць заканадаўча-нарматыўную базу, каб інвэстару было выгадна да нас прыходзіць. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй?— Не. Я хачу, каб Беларусь заставалася самастойнай краінай, бо ад такой інтэграцыі Беларусь будзе менш самастойнай, нам трэба захоўваць сувэрэнітэт. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Я вельмі добра стаўлюся да беларускай мовы, але кепска яе ведаю. Хачу вывучыць, ведаць яе дасканала. Гэта наша мова, таму трэба ўводзіць нейкае паглыбленае вывучэньне. Найперш трэба павялічваць колькасьць заняткаў у школах. Можа, уводзіць дадатковыя заняткі. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі?— Не, катэгарычна. Я з павагай стаўлюся да кожнага чалавека, але гэта не павінна рэклямавацца, не павінна быць нормай. Я разумею, што такія людзі ёсьць, але я супраць, каб яны выходзілі на вуліцу і дэманстравалі свой унутраны сьвет. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Думаю, не. Найперш трэба гаварыць. Бо калі дзіцяці паказваюць, што яно ня мае рацыі, з дапамогай сілы, дзіця пачынае закрывацца. Трэба знаходзіць патрэбныя словы, каб яно зразумела, у чым памыляецца. Да дзіцяці трэба дастуквацца ня сілай і ня крыкам. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Лічу, што трэба. Бываюць такія сытуацыі, калі для зробленага ўчынку сьмерць — замалое пакараньне, а вось калі чалавек усё жыцьцё за кратамі думае пра свой жахлівы ўчынак, гэта больш жорстка. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Трэба вывучаць гэтае пытаньне. Гэтым павінны займацца прафэсіяналы. Калі гэта пагоршыць здароўе людзей, то, зразумела, такіх аб’ектаў быць не павінна. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Кіраўнік дзяржавы ў нас, хутчэй, павінен быць мужчына. Я ніколі пра гэта не задумвалася, але, магчыма, пасьля задумаюся. Таму пакуль — не, не хацела б.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Андрэй Дзьмітрыеў,

35 гадоў, двойчы браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах як начальнік штабу кандыдата. Хоча разьвіваць правінцыю.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Правільна б было казаць пра акругу, дзе я балятуюся. Там мы летась зрабілі сьвята гораду ў Фаніпалі, дамагліся аўтобуснага маршруту, які ідзе ад Дзяржынска да Менску. Дамагаемся цяпер аўтобуса Фаніпаль — Менск. Зьбіраем подпісы за рамонт і пераабсталяваньне дзяржынскай лякарні.

Агулам па краіне «Гавары праўду» ладзіць ініцыятыву «Робім разам», якая мае дзясяткі здабыткаў. Напрыклад, у Акцябрскім раёне мы дамагліся набыцьця машыны хуткай дапамогі. — Ці верыце вы, што вас выберуць, а не прызначаць дэпутатам? — Сёньня я бачу велізарную падтрымку людзей. Мы сабралі паўтары тысячы подпісаў. Калі я стану дэпутатам, то менавіта дзякуючы галасам людзей, якія жывуць у Дзяржынскім раёне.

Калі мяне выберуць, я буду лічыць, што ўлада вырашыла не перашкаджаць голасу грамадзтва. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Зьявіцца нармальная дарога да ягонага дома і аўтобус, каб ён змог дабрацца ў Менск на працу. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Хопіць таго, што ёсьць сёньня, болей ня трэба. Трэба таксама і разабрацца ў тым, што ёсьць. Патрэбна рэвізія спраў, прагаворваньне інтарэсаў і Беларусі, і Расеі. Нам патрэбны добрыя сяброўскія стасункі, безь бюракратычных надбудоў. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — У кожнай вобласьці павінна быць беларускамоўная гімназія. Трэба дапамагаць бацькам, гатовым аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі ці групы, няхай іх там будзе 2–4 чалавекі, ня трэба крытэраў нейкіх лічбавых. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі?— Не. Сёньня гэта не пытаньне. Ад людзей гэта далёка, людзі кажуць пра заробкі, пра магчымасьць зьехаць працаваць у іншую краіну. Калі на ўсіх слупах у пасёлку Энэргетык вісяць аб’явы «Праца ў Польшчы» і ніводнай аб’явы «Праца ў Энэргетыку». Вось гэтыя пытаньні на сёньня важныя. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Я супраць фізычнага пакараньня. Я падтрымліваў законапраект супраць гвалту, гэта рост грамадзтва, калі мы адмаўляемся ад гвалту ў бок таго, што пачынаем вучыцца дамаўляцца. Нас вызначае тое, як мы паводзім сабе ў адносінах да слабейшых. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Дакладна трэба ўводзіць мараторый. Адмена сьмяротнага пакараньня не вядзе да росту злачыннасьці. Там, дзе магчымая судовая памылка, мы ня можам сабе дазволіць такую памылку. Для нас мараторый будзе азначаць магчымасьць лепш інтэгравацца ў сьвет. Гэта ўплывае на імідж Беларусі. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Нам варта непакоіцца. Мы ўсе памятаем Чарнобыль, дзе быў падман, які каштаваў жыцьця нават тым людзям, якія тады не нарадзіліся. Мы маем праблему з анкалягічнымі захворваньнямі. Мы ня можам цяпер паўплываць на яе запуск, але мы павінны зрабіць усё, каб ведаць нават пра мінімальныя парушэньні. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Я б хацеў стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, я за гэта змагаюся сёньня. Астатняе ўжо пасьля выбараў. Глябальна, на будучыню, мы павінны прыйсьці да парлямэнцкай рэспублікі, дзе прэзыдэнт будзе выконваць прадстаўнічыя функцыі, а парлямэнт будзе выбіраць урад, дзе ўлада будзе пераразьмеркаваная зьверху ўніз.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Алег Гайдукевіч,

18 гадоў адпрацаваў у міліцыі, узначальвае Лібэральна-дэмакратычную партыю. Зробіць усё, каб стаць дэпутатам.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Я на пасадзе старшыні партыі толькі месяц, з 21 верасьня. Але ўсё сваё жыцьцё я працаваў на карысьць Беларусі і Менску. 18 гадоў у праваахоўнай сыстэме. Лічу, што прынёс вялізарную карысьць для краіны. Працуючы ў партыі, я заўсёды адстойваў інтарэсы краіны. Куды ні прыеду, на Захад, на Ўсход, я заўсёды адстойваў інтарэсы Беларусі. — Ці верыце вы, што вас выберуць, а не прызначаць дэпутатам? — Я веру, што калі змагу стаць дэпутатам, то мяне людзі выбралі. Я заўсёды змагаўся і буду змагацца на любых выбарах. Лічу, што бяз гэтага ніколі нічога ня будзе. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — У нас грамадзкія прыёмныя адкрытыя ў кожнай вобласьці. У кожнай прымаюцца людзі. І я вось знарок зараз, сустракаючыся зь людзьмі, аналізаваў вынікі. І я вам скажу, што мы шмат каму дапамагаем. У бытавых рэчах у тым ліку. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Беларусі выгадная інтэграцыя і з Расеяй, і ў межах ЭАЭС, і ў АДКБ. Таксама нам выгадна разьвіваць стасункі з Эўрапейскім Зьвязам, з Блізкім Усходам, з Кітаем, з усімі краінамі ў сьвеце. Але важна, што ў любых інтэграцыйных праектах мы павінны жорстка адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Усе думаюць толькі пра сябе. Інтэграцыйныя працэсы нам выгадныя, пры ўмове адстойваньня сваіх нацыянальных інтарэсаў, сувэрэнітэту і незалежнасьці. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Я беларускую мову падтрымліваў і буду падтрымліваць. Гэта родная мова для мяне. Але я прыхільнік таго, каб былі дзьве дзяржаўныя мовы. Гэта робіць нас яшчэ больш моцнымі і больш багатымі. Ня трэба супрацьпастаўляць беларускую мову расейскай. Трэба ўсё рабіць зь любоўю. Любоў і яшчэ раз любоў. Беларускую мову трэба падтрымліваць, разьвіваць. Трэба, каб яна была. Мне падабаецца, калі гэта адбываецца неназойліва. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Нам не патрэбныя гей-парады. Гэтая праблема не хвалюе беларусаў. Я кожны дзень праводжу 2–3 сустрэчы з насельніцтвам. Ніхто не спытаў пра гей-парад, гэта нікому не цікава. Людзей цікавіць жыцьцё, заробкі, вучоба. Я ўвогуле ня вельмі разумею людзей, якія змагаюцца актыўна незразумела з чым, і тых, хто гэта прапагандуе. У нас у Беларусі няма зараз актуальнасьці гэтай тэмы, на мой погляд. Мне ўсё адно, хто з кім сьпіць. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Нельга. Я супраць таго, каб мы прымалі вось гэтыя законы, якія зараз прымаюцца ў шмат якіх краінах Эўропы. Але, зь іншага боку, я ніколі не разумеў, як можна біць слабых. Як можна біць дзяцей? Гэта няправільна. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Гэтае пытаньне нельга палітызаваць, людзі павінны вырашаць. Як чалавек, які часам чытае пра злачынствы, я прыхільнік сьмяротнага пакараньня. Калі я чытаў пра забойства 8-месячнага дзіцяці, у мяне рукі трэсьліся. Але як чалавек, які шмат гадоў адпрацаваў у праваахоўнай сыстэме, я ведаю, што наяўнасьць альбо адсутнасьць сьмяротнага пакараньня не ўплывае на злачыннасьць. Таму я лічу, што ў гэтым пытаньні рашэньне павінна быць за людзьмі. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Хай лепей атамная станцыя будзе на нашай тэрыторыі, чым побач зь ёй. Таму ўпэўнены, што нічога ў гэтым страшнага няма. Лепш атамная станцыя пад кантролем беларусаў, чым невядома каго. Атамная станцыя можа стаць яшчэ адным фактарам замацаваньня нашай энэргетычнай бясьпекі і большай незалежнасьці. Перакананы, што мы робім усё так, каб гэта было бясьпечна. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Я хачу стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і буду рабіць для гэтага ўсё. Партыя абавязкова прыме ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Але пра гэта больш падрабязна я буду гаварыць пасьля парлямэнцкай кампаніі.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Тацьяна Канеўская,

актывістка руху «Маці 328», удзельніца галадовак і акцый пратэсту.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Я — лідэр маці асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328. Дзякуючы нястомнай барацьбе з праваахоўнай і судовай сыстэмай нам удалося прыцягнуць увагу ўладаў, дамагчыся зьменаў у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу і дабіцца, каб асуджаныя па частках 2 і 3 артыкула 328 траплялі пад амністыю. — Ці верыце вы, што вас выберуць, а не прызначаць дэпутатам? — Я ня веру ў сумленнасьць выбараў. Але тое, што мяне зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, дае мне шанец адкрыта гаварыць пра праблемы асуджаных па артыкуле 328. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Я думаю, што ня толькі мой сусед, але і ўся краіна зажыве свабодна, і любы грамадзянін зможа выйграць суд супраць чыноўніка любога рангу. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Ні ў якім разе, Беларусь свабодная і незалежная. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Замест расейскамоўнай рэклямы на банэрах і ў крамах — тэксты на беларускай і ангельскай мовах. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Гей-парадаў я б не хацела, я веруючы чалавек, хрысьціянка, і для мяне гэта непрымальна. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Гвалт і пакараньне — гэта розныя рэчы, як і шлёпнуць і зьбіць. Тут галоўнае — не перагнуць палку. Мы ведаем, як у нас у краіне пішуцца законы, а потым іх ужываюць як кожны зразумеў. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Я супраць сьмяротнага пакараньня. Ніводзін чалавек на ўсёй плянэце ня мае права пазбаўляць жыцьця іншага. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Не скажу, бо я глыбока не заглыблялася ў гэтую тэму. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Не. Я магу больш прынесьці карысьці на сваім месцы.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Ільля Дабратвор,

38 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік, сябра партыі БНФ.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Я б ня ставіў сябе на першае месца, мы разам гэта робім. Нядаўна мы запусьцілі аўтобус рэйсавы. Дапамагаю разьвівацца Калодзішчам, дапамагаю людзям, якія да мяне зьвяртаюцца, чым змагу. Недзе гэта кансультацыі, недзе падказкі. Ну, так, як мог, так і змагаўся за незалежнасьць Беларусі. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Я нідзе не заклікаю галасаваць. Спадзяюся, што перамагу і ўлады зробяць выключэньне і зафіксуюць гэтую перамогу. Мінулым разам, калі я балятаваўся, мне зьнізілі адсотак да 20%. А фактычна я перамог на акрузе. Я іду з пасылам да ўлады — давайце падлічым галасы, я гатовы прайграць, калі гэта будзе празрыста. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — У мяне сусед адзін зь бізнэсоўцаў. Напэўна, будуць гарантыі, што ў нас будзе закон і законнасьць і яго не пасадзяць несправядліва ў турму як бізнэсоўца. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Канешне, не. Тыя, хто езьдзіць у Расею, гэта бачаць на свае вочы. У Расеі мы будзем жыць горш, чым Яраслаўская вобласьць, Валагодзкая вобласьць. Проста варта паглядзець на гэтае жабрацтва. Не кажу, што Эўразьвяз — найлепшае рашэньне, але гэта меншае зло, чым Расея. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — У першую чаргу буду паказваць сваім прыкладам, што варта гаварыць па-беларуску. На дэбатах я абраў беларускую мову. Акрамя свайго прыкладу, тут нічога і ня зробіш.

Калі глядзець на пагрозу незалежнасьці, якая цяпер існуе, то моўнае пытаньне адыходзіць на другі плян. Я не хачу размаўляць па-беларуску, але быць у складзе Расеі. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Мяркую, няхай гэта вырашаюць мясцовыя ўлады. Мне ён ніяк не перашкаджае. Калі я не прыхільнік, то проста не пайду на яго. Дэмакратыя — гэта роўныя ўмовы для ўсіх, і калі мы дазваляем усім, то чаму павінны быць выключэньні? Кажуць пра сямейныя каштоўнасьці, але колькі страт нанёс сем’ям алькаголь, напрыклад.

Але лічу, што простым людзям гэта мала цікава. Гэта ні на што не паўплывае. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Я для сябе вырашыў, што не. Можа быць нейкае іншае пакараньне. Цяпер мы жывём у такі час, калі зьявіўся інструмэнт — мабільная слухаўка. Навошта фізычны гвалт, калі можна забраць тэлефон? — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Ня мы далі людзям жыцьцё, і ня нам яго забіраць. Як ні круці, не павінна быць сьмяротнага пакараньня. Праблема яшчэ большая, мы робім забойцам таго, хто выконвае прысуд. Мы наогул робім масавае злачынства, бо ў ім удзельнічаюць: ахова, пракуроры, судзьдзя. Да таго ж, калі адменім сьмяротнае пакараньне, будзе выключаны момант памылкі. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— У нашай краіне ніхто ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы. Бізнэс не адчувае сябе ў бясьпецы, чыноўнікі, простыя жыхары. На фоне такога агульнага нэўрозу Астравецкая АЭС не выглядае вострай нагодай. Мы ў Беларусі не дарасьлі да нармальнага экаактывізму і вырашэньня экалягічных праблем.

Вунь партыя «Зялёных» высунула на выбары толькі некалькіх кандыдатаў. На першы плян мы гэтую праблему цяпер ня выцягнем. Нам застаецца маліцца Богу, каб гэта ўсё не бабахнула. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Каб ісьці ў прэзыдэнты, трэба добрая каманда. Наступны пасьля Лукашэнкі прэзыдэнт будзе самым непапулярным чалавекам у краіне. Я, напэўна, вось проста цяпер да гэтага не гатовы, яшчэ не дарос.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Вольга Краўцова,

28 гадоў, юрысконсульт, партыя «Зялёныя».

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Людзі зьвяртаюцца са сваімі праблемамі, лякальнымі, асабістымі, якія можна дапамагчы вырашыць юрыдычна. З апошняга, у Бараўлянах востра не хапае паліклінік. Не хапае талёнаў, людзі займаюць чаргу за некалькі гадзін да адкрыцьця.

Я вяла перапіску зь дзяржорганамі, калі мы новай паліклінікі дачакаемся. Падрыхтавала калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта, сабралі дастаткова подпісаў. Па выніку, нам нарэшце паведамілі, што да 2021 году будзе новая паліклініка. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Гэта мой першы досьвед, таму дакладна варта казаць пасьля выбараў ужо. Але мне хацелася б верыць, што будуць нейкія зрухі ў лепшы бок. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Упэўненая, што зьменіцца, бо як юрыст я заўжды дапамагаю людзям, якія зьвяртаюцца да мяне. Як звычайны грамадзянін я сутыкалася з адпіскамі, але калі буду дэпутатам, то буду мець права на дэпутацкі запыт. Больш якасна можна будзе весьці дыялёг з уладамі. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Я супраць інтэграцый, калі гэта абмяжоўвае хоць нейкім чынам права і законныя інтарэсы нашых грамадзянаў. Цяпер няма ў адкрытым доступе нейкіх плянаў і праграм гэтай інтэграцыі. Калі б я магла, я б вывучыла гэтыя дакумэнты, можна было б сказаць дакладней. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — З кожным годам расьце колькасьць людзей, якія выкарыстоўваюць беларускую мову. Трэба павялічваць колькасьць груп у дзіцячых садках, колькасьць клясаў у школах, дзе вучацца па-беларуску. Я б ініцыявала яшчэ шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, скіраваных на ўжываньне беларускай мовы. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Беларусы да гэтага яшчэ не гатовыя. Мне падаецца, што калі мы хочам заклікаць людзей да талерантнасьці, для гэтага трэба выкарыстаць момант, калі яны гатовыя да гэтага. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Не. У мяне ў самой дзіця, і я бачу, што калі ты зь ім гаворыш на роўных, ён хутчэй задумваецца над нейкімі рэчамі. Калі нават крычаць на дзіця, у яго ўключаецца мэханізм абароны. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Няма гарантыі, што прынятае рашэньне, — правільнае. Калі выканаць сьмяротны прысуд, нічога ўжо ня вернеш. Таму я супраць сьмяротнага пакараньня. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— У нас яшчэ не забыліся на наступствы Чарнобылю. Мне страшна, што на Астравецкай АЭС можа нешта адбыцца. Я б была ня супраць, калі б была на 100% упэўненая, што рызыкаў няма. Але рызыка ёсьць, таму я нэгатыўна стаўлюся да станцыі. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Калі б праз 10 гадоў спыталі, можа, адказ бы зьмяніўся. Але сёньня лічу, што прэзыдэнтам павінен быць чалавек вельмі граматны, якія мае свае праекты, як трэба весьці краіну, каб разьвівалася эканоміка. На сёньня я разумею, што ў мяне досьведу такога няма.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Алена Церашкова,

48 гадоў, лекарка-хірург, піша кнігі для дзяцей.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — 20 гадоў я працую сківічна-тваравым хірургам, аказваю дапамогу людзям з траўмамі твару, з зубным болем, з запаленьнямі. Шосты год я праводжу курсы «Мова нанова» для дзяцей малодшага ўзросту. Запрашаю далучацца да заняткаў, дарэчы. Я аўтар некалькіх дзіцячых кніжак, маю загадку нават узялі ў падручнік па беларускай мове за другі кляс. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Магу сказаць, што ладная частка грамадзтва прагаласуе за мяне, калі дойдзе да выбараў. Цяжка сказаць, ці буду я моцна пераважаць. Думаю, што на электаральную перамогу я магу разьлічваць. У нас людзі абіраюць дэпутатаў, але прызначаюць ня тых, каго людзі абралі. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Калі браць суседа-бізнэсмэна, то я буду падтрымліваць законы, якія спрашчаюць вядзеньне бізнэсу, якія зьніжаюць падатковую нагрузку. А таксама я буду галасаваць супраць дзяржаўных ідэй, як бы мацней падаіць бізнэс. Калі сусед — малады спэцыяліст, то буду лабіраваць праграмы, зьвязаныя з дадатковай прафэсійнай адукацыяй.

Калі мой сусед пэнсіянэр, то я за тое, каб мэдычная дапамога зыходзіла ад дзяржавы, і каб пэнсіянэраў не лічылі нахлебнікамі, а ставіліся да іх з павагай, бо яны дзесяцігодзьдзямі напаўнялі бюджэт Беларусі. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Беларусі трэба будаваць сваю зьнешнюю палітыку як нэўтральнай дзяржаве, так запісана ў Канстытуцыі. За любыя інтэграцыйныя працэсы трэба нечым плаціць. Недапушчальная плата — сувэрэнітэтам і незалежнасьцю. Ня трэба інтэгравацца зь нестабільнымі краінамі, а імпэрыі схільныя да пастаяннага пашырэньня. Але мы доўгі час будзем зьвязаныя эканамічна, таму патрэбныя празрыстыя праграмы ў інтарэсах Беларусі. Вельмі асьцярожныя крокі па супрацоўніцтве і ніякіх палітычных аб’яднаньняў. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Хачу, каб людзі ведалі родную мову. Гэтую праблему я буду ўздымаць пастаянна і спрыяць кожнай ініцыятыве. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — У Беларусі трэба падтрымліваць свабоду слова, сходаў, веравызнаньня і ўсе іншыя свабоды паводле Дэклярацыі правоў чалавека і ўсясьветнай практыкі. Ня бачу падстаў забараняць гей-парады, бо ня наша справа абмяжоўваць перакананьні людзей.

Лічыць, што пасьля параду нехта зьменіць сэксуальную арыентацыю, — наіўна і беспадстаўна. Большасьць навукоўцаў лічаць, што з гэтым нараджаюцца. Я таксама ня буду супраць, калі альбіносы ці кучаравыя пройдуць парадам, я ж ня супраць, калі на Каляды барадатыя мужчыны ходзяць парадам. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Не. У грамадзтве трэба культываваць думку, што гэта ня норма. Калі мы ня можам дамовіцца з уласным дзіцем, то гэтую праблему павінен вырашаць псыхоляг, а не папруга. Але трэба, каб гэта ня стала нагодай для нейкіх рэпрэсій. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Катэгарычна так. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Трэба баяцца хлусьні, бо мы ня маем доступу да інфармацыі. Калі праводзілася экспэртыза станцыі — чаго нам яе не паказваюць? Калі яна не праводзілася — ці мае дзяржава права адкрываць небясьпечны аб’ект? Пакуль мы ня ведаем праўды і ня маем мэханізмаў праверыць яе, — я супраць такіх экалягічна сумнеўных захадаў у любой сфэры. Мы ўжо маем досьвед, як з дапамогай станцыі зьнішчыць краіну. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Работа прэзыдэнта — нэрвовая і вельмі адказная. Калі ўспрымаць такую пасаду як тупік кар’ернага росту, туды варта імкнуцца. На дадзеным этапе няхай бы прэзыдэнтам быў адэкватны мужчына. Бо трэба прымаць жорсткія, непапулярныя рашэньні. Ці хачу я цягнуць сёньня такі груз? Улічваючы, што ў мяне вялікая сям’я, то хутчэй — не. Але калі раптам нехта з жанчын захоча ўзяць на сябе такую адказнасьць, то магу пажадаць посьпехаў.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Валер Варанецкі,

былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Я працую як старшыня міжнароднай камісіі парлямэнту, і галоўная мая задача — мацаваньне нашых інтарэсаў за мяжой, мацаваньне нашага аўтарытэту і іміджу на міжнароднай арэне. Я лічу, што гэта вельмі важна для ўсіх нас, таму што ад іміджу краіны залежыць і разьвіцьцё эканамічнае, інвэстыцыі і гэтак далей. Ня кажучы пра культурныя стасункі, паляпшэньне візавага рэжыму. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Упэўненасьці ў тым, што людзі прагаласуюць, абяруць, ня можа быць ні ў кога. У мяне таксама такой упэўненасьці няма. Але я працаваў усе гэтыя гады, каб мяне пераабралі. Працую і цяпер, падчас сваёй выбарчай кампаніі. Што тычыцца крытыкі беларускіх выбараў, то яна заўсёды можа быць. Але яна павінна быць канструктыўнай. Я шмат гадоў працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў АБСЭ і магу вам сказаць, што парушэньняў шмат і на выбарах у заходніх краінах. Робяцца справаздачы пра гэта. Але яны праходзяць, так скажам, як быццам між іншым. А вось парушэньням у іншых краінах аддаецца часам гіпэртрафіраваная ўвага. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — З усімі пытаньнямі, зь якімі да мяне зьвярталіся выбаршчыкі ў акрузе, я ўважліва працаваў. Стаўлюся да гэтага вельмі адказна, стараюся дапамагчы. Ім меркаваць, наколькі гэта атрымлівалася. Працую ў цеснай супрацы зь мясцовымі ўладамі, яны дапамагалі. Ня ўсё, магчыма, атрымалася. Але я спадзяюся, што людзі ацанілі. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Перш за ўсё трэба разумець, што Расея для нас — вельмі важны рынак. У нас больш за 50% гандлю прыпадае на расейскі рынак і краіны Эўразійскага зьвязу. Што тычыцца інтэграцыі, трэба разумець, што яна павінна быць заснаваная на свабодным рынку і канкурэнцыі. Мы павінны думаць перш за ўсё пра стварэньне роўных умоваў для нашых прадпрыемстваў. І такія адносіны мы павінны разьвіваць ня толькі з Расеяй, але і з Эўразьвязам, і з Украінай, і зь іншымі краінамі. Гэта паступовы працэс. Тут нельга забягаць наперад. Некаму хочацца грашовыя сыстэмы аб’яднаць, падатковыя, стварыць адзіныя кіраўнічыя органы. Але перш за ўсё трэба свабодны рынак стварыць. Калі гэта будзе зроблена, то працэсы будуць разьвівацца далей.

Што датычыць нацыянальнага, то яно павінна захоўвацца. Паглядзіце, у ЭЗ кожная краіна трымаецца сваёй мовы і культуры, адметнасьцяў жыцьця, якія стагоддзямі былі іх асаблівасьцю. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Гэтым пытаньням прысьвечаныя два пункты маёй праграмы. Яны датычаць вяртаньня ў Беларусь культурных каштоўнасьцяў і ўмацаваньня беларускай нацыянальнай культуры і ідэнтычнасьці. І, канечне, умацаваньня ролі беларускай мовы. Мова — гэта вызначальная частка беларускай культуры. Калі мы ня будзем умацоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, мы будзем слабець. З мовай зьвязанае адчуваньне павагі да сябе як да народу, адчуваньне патрыятызму. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Я ўпэўнены, што гэтыя рэчы непатрэбныя. Нашае грамадзтва традыцыйнае. За стагодзьдзі нашага існаваньня сфармаваныя традыцыйныя каштоўнасьці, свая культура, свой погляд на сьвет. Нам трэба берагчы свае хрысьціянскія каштоўнасьці. Ня трэба займацца прапагандай таго, што не належыць да нашых каштоўнасьцяў. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Я адкажу адразу — такое недапушчальна ні ў якім разе. Недапушчальна, калі мы хочам выхоўваць свабодных грамадзян і свабодных асобаў. Гэта вельмі важна, каб мы выхоўвалі асобаў. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Як мінімум нам трэба ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, я так лічу. Жыцьцё нам даецца Богам. Гэта хрысьціянскія каштоўнасьці. І толькі Бог можа гэтае жыцьцё адабраць. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Пытаньне будаўніцтва атамнай АЭС у Беларусі неадназначнае. Але калі мы хочам разьвівацца дынамічна, разьвіваць прамысловасьць, то трэба разумець, што патрэбныя энэрганосьбіты. І электрычнасьць грае тут важную ролю. Таму кожная краіна павінна паклапаціцца пра сваю энэргетычную незалежнасьць. Ці выбралі мы самы лепшы варыянт, то гэта пакажа жыцьцё. Вядома, мы зыходзім з таго, што Астравецкая АЭС пабудаваная па бясьпечнай тэхналёгіі. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Паверыце ці не, але амбіцый займаць крэслы і падвышацца па службовай лесьвіцы ў мяне няма. Я так выхаваны сваімі бацькамі, што люблю сваю краіну, свой народ, сваю дзяржаву. Я рады, што служу нашай беларускай сям’і. Магчыма, для некага гэта высокія словы, а для мяне гэта жыцьцё. Я рады служыць свайму народу.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Юры Ганцэвіч,

фэрмэр з Гомля

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Па прэзыдэнцкай праграме разьвіцьця аграэкатурызму я пабудаваў дом на вадзе, аграсядзібу, яхту — то бок стварыў умовы для адпачынку людзей у гэтай краіне, каб людзі не зьяжджалі за мяжу, каб заставаліся адпачываць тут. Мне толькі кавалачка зямлі не хапіла для сталага месца дысьлякацыі — і так мой бізнэс загібеў, праз чыноўнікаў, якія не далі мне зямлі. Цяпер я займаюся фэрмэрствам, прадаю людзям лішкі маёй прадукцыі — сыр, малако, забясьпечваю іх натуральнымі прадуктамі. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Не, ня веру. Адзінае, можа, прэзыдэнт пачуе мой голас і падтрымае мяне, таму што па тэлевізары я бачу, што прэзыдэнт падтрымлівае калгасьнікаў і фэрмэраў. І ў прызначэньне мяне я таксама ня веру. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Палепшыцца? У суседзяў яно не палепшыцца, а пагоршыцца. Таму што яны і цяпер мне нічога добрага не жадаюць. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Мне ўсё адно. Калі чалавек жыве тут і працуе, то яму таксама ўсё адно — ці будзе СССР, ці БССР, ці яшчэ як па-іншаму краіну назавуць. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Мы нарадзіліся з руска-беларускай мовай, мы і ўжываем такую мову — руска-беларускую. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Не патрэбен нам гей-парад. Яго можа і па тэлевізары паглядзець. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Думаю, што можна — калі яны заслугоўваюць. На сёньняшні дзень дзеці некіраваныя. Ёсьць такія дзеці, што ў іх ужо ў генах закладзена, што іх ніяк не перавыхаваць, трэба біць. Сёньня ні настаўнік, ні бацька ня мае права біць дзяцей. Дзіця бачыць, што яно абараняецца законам, — і на галаву пачынае лезьці. Трэба вярнуць старую традыцыю нашых дзядоў — біць драўлянай лыжкай у лоб. Не, траўмы галавы ня будзе і дурнем ня стане. Ніхто з нашых продкаў дурнем ад гэтага ня стаў. Мяне ня білі, бо я ведаў, што нельга рабіць, — і не рабіў. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Сьмяротнае пакараньне адмяняць ня трэба. Калі чалавек гэтага заслугоўвае — варта расстраляць. А калі вось забіў міліцыянта — то за што яго забіваць? Можа, міліцыянт сам яго справакаваў? Сьмяротнае пакараньне варта пакінуць, толькі трэба правільна яго прымяняць. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— 50 на 50. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— …

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Яўген Шаўко,

39 гадоў, змагаецца за правы людзей з інваліднасьцю.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Каля 20 гадоў я займаюся разьвіцьцём сацыяльнай сфэры ў галіне правоў людзей з інваліднасьцю. Посьпехаў хапае. Мы прасунуліся ў сфэры аховы здароўя, у частцы правоў жанчын з інваліднасьцю на нараджэньне дзіцяці.

У сфэры безбар’ернага асяродзьдзя мы шмат гадоў дабіваліся, каб усе новыя дамы былі з пандусамі, усе новыя пешаходныя пераходы цяпер паніжаныя, добраўпарадкаваныя для людзей з інваліднасьцю. Карысьць тут і іншыя людзі атрымліваюць: раварысты, маці з каляскамі. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Хочацца верыць, што я змагу перамагчы дзейнага дэпутата, які цяпер ідзе на другі тэрмін. Цяжка сказаць, ці каціруе грамадзтва кандыдата з інваліднасьцю. Ці сумленныя ў нас выбары? На гэта я змагу адказаць пасьля кампаніі. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — У мяне ёсьць канкрэтныя пляны. Трэба спрашчаць у сфэры аховы здароўя рэгістрацыю лекаў і мэдыцынскай тэхнікі. У нас ёсьць экспэртыза ў ахове здароўя, гэта цяжкая працэдура, калі любыя лекі павінны праходзіць экспэртызу і выпрабаваньні. Гэта каштуе грошай, што адбіваецца на кошце. Фірмы, якія б змаглі прыйсьці на наш рынак, ня хочуць сюды ісьці, бо рынак невялікі, людзі небагатыя, а трэба яшчэ плаціць за сэртыфікат, за экспэртызу.

Мая формула: дапамога ўсім, і суседу ў тым ліку, калі гэтую схему зь лекамі спросьцяць. Трэба бясплатна заканадаўча замацаваць адно ЭКА для параў, якія сутыкнуліся з праблемай завесьці дзяцей. Каля 40% бясплодзьдзя ў парах — гэта мужчынскае бясплодзьдзе. Трэба займацца мужчынскім здароўем. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Мы ня бачым дакумэнтаў, пра якія гавораць. Я за інтэграцыю з усімі суседнімі краінамі, пытаньне ў выгадзе для краіны. Каб нам было выгадна інтэгравацца з ЭЗ і выгада была б бачная, я быў бы за інтэграцыю зь імі. Каб нам была выгадна інтэграцыя з Расеяй, калі б выгада была бачная, я б быў за гэта. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Я за тое, каб пашыраць мову, але ў лайтавым, не кардынальным рэжыме. Ня трэба адразу пераводзіць усе школы на беларускую мову. Я б дапамагаў тым фірмам і арганізацыям, якія сёньня робяць сваю рэкляму па-беларуску. Няхай для іх будуць нейкія датацыі, субсыдыі. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі?— На сёньня пакуль гэта не своечасова. Гэтае пытаньне палітызаванае, радыкальнае. Да гэтага павінны быць нейкія рухі ў пляне асьветы людзей. А ня проста раз — і правялі. Лепш зрабіць умовы, каб у школах вяліся заняткі па сямейных адносінах. Каб там уздымаліся пытаньні дарослага жыцьця. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Я супраць такога пакараньня. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Нам неабходна пакінуць гэтую меру як экстранную для самых жахлівых сытуацый, але зрабіць адтэрміноўку на 15–20 гадоў да выкананьня прысуду, каб выключыць момант судовай памылкі. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Хочацца спадзявацца, што гэта бясьпечна, і я, напрыклад, у гэта веру. Зь іншага боку — станцыя ўжо ёсьць, яе ня выкінеш. Закрыць яе — абсурд, бо яна ўжо збудаваная. Я чуў гэтыя размовы пра закрыцьцё, але гэта палітычная гульня. Трэба было пра гэта гаварыць раней. Туды ўкладзеныя велізарныя грошы. Калі хто ведае, як яе зачыніць, няхай скажуць, як. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Не. Я сябе ня бачу ў гэтым статусе.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Ірына Даўгала,

кіраўніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы гомельскага аблвыканкаму.

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Мы памянялі фарматы правядзеньня фэстываляў. Гэта вельмі клясна, людзі гэта добра ўспрымаюць. Мы шмат увагі аддавалі гісторыка-культурнай спадчыне. Гэта тэма, якой шмат гадоў аддаём увагу. Рухаем тэму ў Юравічах, калегіюм езуітаў. Вельмі рада таму, што шмат гадоў стаяла тэма па Дому кнігі ў Рагачове — і мы ў 2016 годзе ўсё ж зрушылі гэта. У моладзевай палітыцы шмат, моладзевую раду стварылі. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — У мяне шмат апанэнтаў, са сваімі праграмамі і пунктамі гледжаньня. Я лічу, што час пакажа, ці выйграю я выбары. Трэба ўвязвацца ў бой і верыць у перамогу. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Акрамя сур’ёзных кірункаў сацыяльна-эканамічнага пляну, трэба зьвяртаць увагу і на дробныя пытаньні. Ёсьць глябальныя пытаньні, але трэба і сваім выбаршчыкам дапамагаць. Я хадзіла па кватэрах, зьбірала подпісы. І мне чалавек сказаў, што ў яго дах цячэ ў пад’езьдзе. Мы ўключыліся, дапамаглі адрамантаваць. Вось і ўсё. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Як гэта гаворыцца — не паскарайце падзеі. Жыцьцё ідзе сваім ходам і ўсё расстаўляе на сваё месца. Але ёсьць непарушныя рэчы. Сувэрэнітэт краіны павінен заставацца сувэрэнітэтам краіны. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Я вам скажу адно — ня трэба ламаць дзіды. У нас па Канстытуцыі дзьвюхмоўе, але самае цудоўнае, калі чалавек ганарыцца сваёй мовай. Адно другое не павінна выцясьняць. Ні ў якім разе нельга дзейнічаць жорсткім спосабам. — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Вы ведаеце, тут я дазволю сабе быць катэгарычнай. Я чалавек абсалютна традыцыйны, нармальны. Вось для чаго гэтыя парады? Я не разумею іх прызначэньня. Прабачце, калі мужчына і жанчына кахаюць адно аднаго, яны ж не выходзяць на вуліцу крычаць, што яны вось такія традыцыйныя. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Зноў жа фізычнае пакараньне фізычнаму пакараньню ня роўна. Адна справа, калі вось так, як адбываецца зьбіцьцё дзяцей — гэта ненармальна. Іншае, калі пляснуў дзіця эмацыйна… Гэта можа быць, я ня бачу нічога, напэўна. У мяне дарослы сын, унучка расьце. Але ў цэлым я лічу, што нават з самага малога ўзросту трэба дамаўляцца зь дзіцем. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? —Тут адназначна адказаць нельга. Калі нейкага канкрэтна ўзятага чалавека не закрануў боль і бяда, то вельмі цяжка пра нешта гаварыць. Некалі я таксама спрабавала нават для сябе вызначыць, зразумець — трэба ці не. Але калі адбываюцца злачынствы, якія зашкальваюць, сэрыйныя забойствы, то цяжка адназначна сказаць, адмяняць ці не адмяняць. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Жыцьцё не стаіць на месцы. Як і любыя тэхналёгіі. Краіна ня вораг сама сабе. Перад тым як запускаць падобную вытворчасьць, я лічу, тут меры бясьпекі будуць ужо адпаведнымі. Я лічу, што запуск АЭС — гэта разумны, узважаны крок. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Я пра гэта не задумвалася. Я заўсёды кажу, што кожны чалавек мае сваю дарогу. Магчыма, таму, што я жанчына. Я адбылася як маці, як кіраўнік, як жонка, як бабуля. Пра тое, каб стаць прэзыдэнтам, я ніколі ня думала. Мне цікава тое, чым я займаюся. Я веру ў тое, што я раблю.

Вярнуцца да галоўнай старонкі

Юлія Ганісеўская,

валянтэрка Чырвонага Крыжа, маці 4 дзяцей

— Што добрага вы зрабілі для людзей на сваім цяперашнім месцы? — Мне складана адказаць на першае пытаньне, таму што яго трэба задаваць непасрэдна людзям, якія мяне атачаюць. Два гады я працую валянтэрам-пошукавікам у складзе пошукава-выратавальнага атрада «Сімуран» і валянтэрам у атрадзе хуткага рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. У сваім родным мікрараёне «Паўднёвы» мне ўдалося стварыць супольнасьць у вайбэр-чаце, дзе мы разам з жыхарамі вырашаем праблемы нашага раёну. Напрыклад, зарыбілі возера, за што атрымалі непрыемнасьці.

Проста пагугліце маё прозьвішча, і вам шмат цікавай інфармацыі пра мяне выдасьць інтэрнэт. Адзінае, чым я сапраўды ганаруся, — гэта наш новы дзіцячы садок. Пасьля выхаду гэтага артыкула губэрнатар Гомельскай вобласьці праз тыдзень знайшоў на яго грошы ў бюджэце, і нам яго пабудавалі літаральна за шэсьць месяцаў.

У дадзены момант я зьбіраю подпісы на новую школу ў нашым раёне. Жыхары нашага раёну таксама дапамагаюць са зборам подпісаў. Ужо ёсьць тысяча подпісаў, і мы спадзяёмся яшчэ сабраць. — Ці верыце вы, што вас абяруць, а не прызначаць дэпутатам? — Я ня веру, што мяне могуць сапраўды выбраць усёй Навабеліцай. У мясцовыя саветы ад нашага мікрараёну — цалкам магчыма. Тут я цалкам пазнавальная асоба, а для астатняй акругі я практычна незнаёмая. — Як палепшыцца жыцьцё вашага суседа, калі вы станеце дэпутатам? — Калі вы чакаеце ад мяне фантастычных учынкаў, напрыклад, як імпічмэнт прэзыдэнту або чароўныя эканамічныя рэформы, то наўрад ці я апраўдаю вашы чаканьні. Я проста не разьбіраюся ў эканоміцы і ня ведаю працэдуры зьмены ўлады. Але я не адна. Са мной у камандзе працуюць добрыя людзі і спэцыялісты сваёй справы. Калі яны прыдумаюць добры законапраект, то я з задавальненьнем паспрабую яго «працягнуць» у парлямэнт. Калі ў дэпутата ці дэпутатаў будзе ідэя зладзіць імпічмэнт Лукашэнку — абавязкова падтрымаю.

Адзінае, што я магу дакладна даць людзям, сваім выбаршчыкам, — гэта 50% свайго заробку дэпутата: стварыць дэпутацкі фонд і ў яго ўносіць штомесяц 50% свайго заробку. Так будзе сумленна і справядліва, таму што я лічу заробак дэпутатаў незаслужана высокім. Раз на шэсьць месяцаў людзі самі, шляхам адкрытага галасаваньня, будуць вырашаць — на што гэтыя грошы трэба будзе выдаткаваць. Магчыма, на рамонт лавачак у нашай акрузе, а можа, хопіць гэтых грошай на рамонт у басэйне на Ленінградзкай. Паверце, мае словы ня носяць папулізму, гэта не перадвыбарчыя «пячэнькі». Дый калі я раптам прайду ў парлямэнт, то свае абяцаньні я ж давала публічна. — Ці трэба Беларусі інтэгравацца з Расеяй? — Інтэграцыя з Расеяй у мяне, як і ў звычайнага беларуса, выклікае трывогу, тым больш яшчэ ніводнага дакумэнта афіцыйна не было апублікавана, у якіх апісаныя пляны і праекты той самай інтэграцыі. Ёсьць страх, што наша краіна проста страціць сваю незалежнасьць, будзе паглынутая Расеяй, стане гэткім прыдаткам-рэзэрвацыяй для нашай суседкі. Я не эканаміст, не экспэрт у гэтай справе, таму больш падрабязнага адказу не магу вам даць. — Што вы зробіце для пашырэньня беларускай мовы? — Беларуская мова, дакладней, яе статус, становішча ў нашай краіне — мяне прыгнятае. Мне вельмі сорамна, што я сама і мае дзеці ёй не карыстаемся ў штодзённым жыцьці. Памятаю, на пачатку 90-х мая малодшая сястра вучылася ў інтэграцыйнай клясе па паглыбленым вывучэньні беларускай мовы. У яе ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове. Нават матэматыка і маляваньне. Але потым рэзка ўсё зьмянілася. Увялі сілком русыфікацыю ў краіне, і мая сястрычка вельмі пакутавала праз сваю «гаворку». Над ёй зьдзекаваліся ў школе. За яе родную мову, за «гэканьне» і «шоканьне». Яна вельмі моцна тады аб гэтым перажывала. Да гэтага часу Надзя ня любіць успамінаць тыя школьныя гады. Гэтак жа мне незразумела — чаму бацькі павінны праз пэтыцыі патрабаваць беларускамоўных груп або клясаў для сваіх дзяцей? Чаму ў нашых школах аддаецца больш гадзін на вывучэньне расейскай мовы і ангельскай, а на родную мову толькі пару гадзін у тыдзень? — Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі? — Назавіце мяне гамафобкай, скажыце, што я неталерантная сьцерва, але я ніколі ня буду ляяльная да сэкс-меншасьцяў. Я, напэўна, першая кіну памідор у натоўп напаўголых геяў, калі яны раптам наважацца прайсьці парадам па вуліцах майго гораду. Я абсалютна ня бачу ніякага ўціску прадстаўнікоў сэкс-меньшасьцяў у нашай краіне, таму няма чаго ім бегаць па вуліцах нашых гарадоў і крычаць пра гэта. Калі раптам геі захочуць стварыць пэтыцыю з просьбай правесьці свой парад, я тады ствару пэтыцыю аб дазволе параду бяздомных. А што? Геям можна, а бамжам не? Тым больш апошніх дакладна прыгнятаюць і яны амаль ніякімі правамі не валодаюць. — Ці можна фізычна караць дзяцей? — Фізычна дзяцей караць нельга, ніяк. Гэта я як маці 4 дзяцей кажу. Яны ж ня могуць абараніць сябе і даць здачы ў адказ. А вось пазбавіць іх салодкага ці камп’ютэра ў пакараньне — гэта гуманна. — Ці трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне? — Я за мараторый на сьмяротнае пакараньне, пакуль ня пройдзе тэрмін даўнасьці па злачынстве — ніякага расстрэлу. Дый мяркуючы па лічбах, суадносінах апраўдальных і абвінаваўчых прысудаў у нашай краіне, — ёсьць велізарная верагоднасьць судовай памылкі. Судзьдзі — яны ж звычайныя людзі. Будзе благі настрой у іх зранку — атрымай расстрэл. Тым больш у нашай краіне яшчэ ні разу не адмянялі расстрэльны прысуд. — Ці ўпэўнены вы ў бясьпецы Беларускай АЭС?— Як будуецца наша АЭС, я магу судзіць ужо таму, што яе будуюць працоўныя вахтавікі. Вось падумайце, хіба чалавек, які працуе па 15 сутак, па 12 гадзін без выходных, можа якасна зрабіць сваю працу? Адзінае, што АЭС ужо пабудавалі. І запуск абавязкова вось-вось адбудзецца. Таму неабходная незалежная міжнародная камісія, якая праверыць яе на поўную бясьпеку. — Ці хочаце вы стаць прэзыдэнтам Беларусі?— Прэзыдэнтам Беларусі я стану абавязкова. Не раней за 55 гадоў (жарт). Нікому не пажадаю цяжару. І наогул, я сыду з палітыкі, як толькі перарэжуць чырвоную стужку нашай новай школы. Так што нашым чыноўнікам трэба тэрмінова яе пачаць будаваць, а то я яшчэ шмат крыві зь іх вып’ю.

Вярнуцца да галоўнай старонкі