Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як рай для жанчын


Сёньня я згадала стары жарт: бабуля глядзіць навіны і плача, а калі ўнук пытаецца, што здарылася, яна адказвае, што хоча жыць у Беларусі. У той, якую паказваюць у навінах. А згадалася мне гэтая гісторыя, калі я ўбачыла, што паводле National Geographic Беларусь займае 38-е месца ў рэйтынгу краін, дзе жанчынам жывецца найлепш.

Калі я бачу, што нашую краіну ставяць на высокую пазыцыю праз розныя заканадаўчыя прафанацыі, мне становіцца агідна.

У гэтым выпадку краіны ацэньваліся паводле наступных парамэтраў: інклюзіўнасьць (удзел жанчын у эканамічным жыцьці краіны, а таксама нашыя сацыяльныя і палітычныя магчымасьці), бясьпека (пачуцьцё бясьпекі і распаўсюджанасьць гвалту), справядлівасьць (досьвед фармальнай і нефармальнай дыскрымінацыі). Рэч у тым, што цудоўнае беларускае заканадаўства дазваляе нам займаць такую высокую пазыцыю ў рэйтынгу, хоць рэальная сытуацыя ў краіне ня надта адпавядае таму, што напісана ў законах і пастановах.

Напрыклад, важны паказчык для такога кшталту сьпісаў — гэта прапорцыя жанчын ў органах улады. І ў нас з гэтым фармальна усё адносна някепска — у парлямэнце 33% месцаў займаюць жанчыны, а некаторыя сфэры ўвогуле лічацца жаночымі. Пры гэтым рэальная ўлада жанчын у парлямэнце (і самога парлямэнту) застаецца пад вялікім пытаньнем, а традыцыйна жаночымі лічацца тыя сфэры, дзе найменш грошай. Але фармальны паказчык выкананы, так што на міжнароднай арэне можна даваць прыгожыя справаздачы, а яшчэ і іншых павучаць, як дасягаць гендэрнай роўнасьці.

Гэта такое спэцыфічнае разуменьня гендэрных квот. Іх у Беларусі ўводзяць не для падтрымкі жанчын, а для паляпшэньня вобразу краіны ў такіх вось рэйтынгах. А вось ісьці на крокі, якія сапраўды далі б жанчынам больш магчымасьцяў, дзяржава не сьпяшаецца. Закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту так і не прыняты, а сьпіс забароненых для жанчын прафэсій так і не адменены.

Бо што будзе з афіцыйнымі дадзенымі па бясьпецы жанчын, калі мы будзем абаронены рэальным законам аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту? У першыя гады статыстыка значна пагоршыцца — жанчыны будуць часьцей зьвяртацца ў міліцыю, калі будуць ведаць, што ў гэтых зваротах ёсьць сэнс.

Цяпер жа міліцыю часта не выклікаюць на пабоі і пагрозы, бо, па-першае, міліцыянты могуць ня ставіцца да сытуацыі сур’ёзна, могуць жартаваць і абвінавачваць саму жанчыну ў тым, што яе пабілі.

Калі ў яе ёсьць непаўналетнія дзеці, уздымаецца пытаньне аб прызнаньні сям’і як той, якая знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, а агрэсару ў большасьці выпадкаў пагражае хіба што штраф. Які таксама давядзецца плаціць з сямейнага бюджэту. Пры шэрагу ўмоваў могуць выпісаць абарончае прадпісаньне, і агрэсару давядзецца сысьці з хаты на пэўны тэрмін, але і тут шмат падводных камянёў.

Карацей, жанчыны працягваюць не заяўляць у міліцыю на сваіх агрэсараў, бо баяцца, што зварот у праваахоўныя органы прынясе больш праблем, чым карысьці. Дзяржаве гэта дапамагае падтрымліваць свой сьветлы вобраз у міжнароднай супольнасьці.

Я, як тая бабуля, вельмі хачу жыць у Беларусі, якую паказваюць у навінах. І друкуюць у міжнародных рэйтынгах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG