Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмаграфічны партрэт беларусаў паводле перапісаў


Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2018
Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2018

Паводле перапісу 2009 году беларусы — тытульны этнас — складалі пераважную долю насельніцтва краіны — 83,7%. Гэта даволі высокі паказьнік, сярод суседзяў Беларусі толькі ў Польшчы гэты паказьнік вышэй (94% — перапіс 2011 году).

У Літве доля літоўцаў сярод насельніцтва краіны (83,4% — перапіс 2011 году) амаль такая ж, як і доля беларусаў у насельніцтве Беларусі, у іншых суседзяў доля тытульнага этнасу сярод насельніцтва краіны ніжэй, чым у Беларусі: ва Ўкраіне — 77,8% (перапіс 2001 году), у Расеі — 77,7% (перапіс 2010 году), у Латвіі — 62,1% (перапіс 2011 году).

Наступны графік паказвае, як паводле перапісаў мянялася доля беларусаў і асобаў з роднай беларускай мовай падчас перапісаў у Расейскай імпэрыі, на тэрыторыях Польшчы, якія зараз уваходзяць у склад Беларусі, БССР у складзе Савецкага Саюзу і Рэспублікі Беларусь. У трох зь перапісаў пытаньні задаваліся толькі пра нацыянальнасьць альбо пра родную мову.

* У межах тых уездаў Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Ковенскай, Ломжынскай, Магілёўскай і Менскай губэрняў Расейскай імпэрыі, якія зараз уваходзяць у склад Рэспублікі Беларусь; падчас імпэрскага перапісу задавалася толькі пытаньне пра родную мову

** У межах Беластоцкага, Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў Польшчы; падчас польскага перапісу 1921 году задавалася пытаньне толькі пра нацыянальнасьць, на графіку паказана разам доля беларусаў і "тутэйшых" (1.3%). На тэрыторыі Віленскага ваяводзтва перапіс 1921 году не праводзіўся, Ліга нацыяў прызнала далучэньне Віленскага краю да Польшчы толькі пасьля правядзеньне перапісу 1921 году.

***У межах БССР да далучэньня Заходняй Беларусі

**** У межах тых паветаў Беластоцкага, Віленскага, Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў Другой Рэчы Паспалітай, якія зараз уваходзяць у склад Рэспублікі Беларусь; падчас польскага перапісу 1931 году задавалася пытаньне толькі пра родную мову, на графіку паказаная разам доля асобаў з роднай беларускай і «тутэйшай» мовамі (19,3%)

Зьвяртае на сябе ўвагу нізкая доля беларусаў паводле польскага перапісу 1921 году. Аднак варта ўлічваць, што некаторыя часткі пазначаных ваяводзтваў не ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі.

Перапіс у БССР у межах 1926 году паказаў долю асобаў з роднай беларускай амаль такую ж, як і перапіс у Расейскай імпэрыі на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Наступны савецкі перапіс 1939 году паказаў невялічкі рост долі беларусаў і істотны — на 13 адсоткавых пунктаў — долі асобаў з роднай беларускай. Гледзячы па ўсім, гэта часткова было вынікам палітыкі беларусізацыі ў 20-х гадах.

Перапіс 1959 году, які праводзіўся ўжо ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь, паказаў амаль такія ж лічбы, якія паказаў перапіс 1939 на тэрыторыі БССР да далучэньня Заходняй Беларусі.

Наступствы далучэньня Заходняй Беларусі і Другая ўсясьветная вайна істотна зьмянілі насельніцтва Беларусі, але ў выніку прапорцыі беларусаў і асобаў з роднай беларускай засталіся тымі ж самымі.

Падчас трох наступных пасьля 1959 году савецкіх перапісаў назіралася зьніжэньне долі беларусаў сярод насельніцтва, за 30 гадоў зьніжэньне склала 3.2 адсоткавых пункты.

Зьніжэньне долі людзей з роднай беларускай было больш значным і склала агулам 13.3 адсоткавых пунктаў, палова гэтага зьніжэньня прыпала на 70-я гады — пэрыяд фарсіраванай урбанізацыі і індустрыялізацыі Беларусі.

Ужо першы перапіс 1999 году ў незалежнай Беларусі тэндэнцыю зьніжэньня долі беларусаў павярнуў у адваротны бок, у 1999 годзе доля беларусаў за адно дзесяцігодзьдзе вярнулася на ўзровень 1959 году. Доля перапісаных з роднай беларускай таксама павялічылася істотна, на 8 адсоткавых пунктаў, але вярнулася толькі на ўзровень гэтага паказьніку 70-х гадоў.

Апошні перапіс прадэманстраваў адначасова два рэкорды: доля беларусаў падчас перапісу 2009 году была самай высокай за ўсю гісторыю перапісаў на беларускіх землях. Адначасова доля асобаў, якія пазначылі беларускую як родную, была таксама ў пэўным сэнсе рэкорднай, толькі рэкордна нізкай — прыкладна такой жа яна была ў Заходняй Беларусі паводле польскага перапісу 1931 году.

Як выглядаў дэмаграфічны партрэт беларуса паводле апошняга 2009 году перапісу?

Беларусы былі адносна нераўнамерна разьмеркаваныя па рэгіёнах краіны. У Гарадзенскай вобласьці іх доля на 20% менш чым у сярэднім па краіне. Як было паказана ў аналізе дэмаграфічнага профілю палякаў Беларусі, гэта адбывалася за кошт даволі высокай долі палякаў сярод насельніцтва гэтай вобласьці.

Таксама беларусаў было менш, чым у сярэднім па краіне, у сталіцы. У чатырох абласьцях — Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай іх доля была вышэй за сярэднюю па краіне.

Беларусы былі не нашмат, але маладзейшыя, чым насельніцтва ў цэлым, сярод іх было крыху больш дзяцей і падлеткаў, а таксама моладзі да 30 гадоў, і крыху менш асобаў пэнсійнага ўзросту. У аналізах дэмаграфічных партрэтаў самых вялікіх этнічных меншасьцяў — расейцаў, палякаў, украінцаў і габрэяў — было паказана, што ва ўсіх іх узроставая структура была ссунутая ў бок старэйшых узростаў у параўнаньні зь сярэднімі лічбамі па краіне.

У беларусаў — наадварот. Невялікае адхіленьне ў бок больш маладых узростаў сярод беларусаў кампэнсавала больш значнае адхіленьне ў бок старэйшых узростаў сярод меншасьцяў. Справа ў тым, што беларусаў было ў 6 разоў больш, чым чатырох асноўных этнічных мяншыняў разам.

Той жа фактар уплываў і на суадносіны вясковага і гарадзкога насельніцтва; сярод беларусаў гэтыя суадносіны былі амаль такія ж, як і сярод усяго насельніцтва краіны.

Тое самае мела месца і адносна адукацыі; сярод беларусаў было крыху менш (на 1 адсоткавы пункт) асобаў з вышэйшай адукацыяй, і настолькі ж больш асобаў з пачатковай і базавай адукацыяй.

А вось паводле роднай мовы беларусы заўважальна адрозьніваліся ад сярэдніх па краіне паказьнікаў. Сярод іх было ўсё ж значна больш тых, для каго беларуская — родная, чым тых, хто назваў роднай расейскую. Ніводная трэцяя мова не зьяўлялася роднай для больш чым 1% беларусаў.

А паводле мовы хатняга ўжытку беларусы ад сярэдніх лічбаў па краіне практычна не адрозьніваліся; сярод іх было толькі крыху (на 3 адсоткавых пункты) больш беларускамоўных, чым сярод усяго насельніцтва, уключна з усімі этнічнымі меншасьцямі.

Графікі і табліца, якія прыводзяцца вышэй, зробленыя на падставе рэглямэнтных табліцаў Белстату па выніках перапісу 2009 году ( глядзі тут і тут), а таксама статыстычнага зборніку, выдадзенага Белстатам.

***

Падчас перапісу 2009 году доля беларусаў сярод насельніцтва краіны перавышала гэты паказьнік падчас усіх папярэдніх перапісаў, пачынаючы з 1897 году. За 112 гадоў колькасьць этнічных беларусаў, якія жывуць на беларускіх землях — ад адпаведных уездаў Расейскай імпэрыі да сучаснай Рэспублікі Беларусь — вырасла ў 1.4 разы, з прыкладна 5.5 мільёнаў да амаль 8 мільёнаў.

Падчас перапісу 2009 году беларусы паводле большасьці дэмаграфічных паказьнікаў нязначна адрозьніваліся ад паказьнікаў, сярэдніх па краіне — сярод іх было толькі не нашмат больш вяскоўцаў, моладзі, асобаў з нізкай адукацыяй, беларускамоўных. Даволі істотнае адрозьненьне было толькі паводле роднай мовы; сярод беларусаў доля тых, для каго родная — беларуская, была значна вышэй, чым сярод усяго насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG