Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — адзін з усясьветных лідэраў цкаваньня ў школах


Выпадак з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе ўзрушыў беларускае грамадзтва. Але выглядае, што ўзрушыў не таму, што ён абсалютна ўнікальны і беспрэцэдэнтны, а наадварот — таму што ён звыклы, шырока распаўсюджаны.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя з апублікаванай летась «Ацэнкі сытуацыі з гвалтам у дачыненьні да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь» — дакумэнту, падрыхтаванага шэрагам дзяржаўных устаноў Беларусі пад эгідай UNICEF — Дзіцячага фонду ААН.

Паводле апытаньня, праведзенага ў межах падрыхтоўкі «Ацэнкі», агрэсію з боку адміністрацыі навучальных установаў і/або з боку настаўнікаў зазналі 7,1% навучэнцаў 5–7 клясаў інтэрнатных установаў, 8,6% навучэнцаў 5–7 клясаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі (да якіх належыць і 15-я школа Гомля, дзе адбыўся інцыдэнт) і 26,7% навучэнцаў 8–11 клясаў інтэрнатных установаў.

8,6% школьнікаў, якія зазналі ў школе агрэсію з боку дарослых, — гэта вялікі адсотак, і ён не дазваляе лічыць інцыдэнт у гомельскай школе выключным.

Але, паводле справаздачы, значна большыя памеры мае школьны гвалт з боку саміх навучэнцаў. У школе дзеці цкуюць дзяцей значна часьцей, чым настаўнікі дзяцей.

У «Ацэнцы» (гл. стар. 17) адзначаецца: «Кожнае другое дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і два зь пяці навучэнцаў ва ўстановах прафэсійна-тэхнічнай адукацыі зазналі гвалт у школьным асяродзьдзі».

Пры гэтым, паводле «Ацэнкі», пра «цкаваньне (булінг) з боку аднагодкаў і старэйшых дзяцей паведамілі 53,3% навучэнцаў 8–11 клясаў інтэрнатных установаў; 60,1% 5–7 клясаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі і 82,1% навучэнцаў 5–7 клясаў інтэрнатных установаў».

Гэтыя дадзеныя па Беларусі варта параўнаць з дадзенымі зь сёлетняй справаздачы UNESCO «Што стаіць за лічбамі: спыненьне школьнага гвалту і булінгу».

У справаздачы прыводзяцца зьвесткі па 165 краінах сьвету і асобных тэрыторыях. На жаль, зьвестак па Беларусі ў ёй няма. Але варта прывесьці дадзеныя па суседзях Беларусі і некаторых іншых важных краінах сьвету (гл. Annex 2. Prevalence of students who reported being bullied, by sex, age and most common types and drivers of bullying, by country or territory, стар. 60–67).

Доля школьнікаў, якія паведамілі пра булінг адносна іх, у %

Краіна

Агулам

Сярод дзяцей 9–10 гадоў

Сярод падлеткаў 15 гадоў

Літва

54

49

40

Латвія

50

54

41

Расея

43

48

47

Украіна

38

32

Польшча

30

28

26

ЗША

28

44

20

Нямеччына

23

43

19

Вывучэньне дадзеных па ўсіх 165 краінах і тэрыторыях паказвае, што ў пераважнай большасьці гэтых дзяржаўных адзінак узровень школьнага булінгу складае менш за 50%. Аднак у рэгіёне Беларусі ў дзьвюх краінах — Літве і Латвіі — ён больш высокі. У сьвеце вышэйшы ўзровень школьнага булінгу толькі ў яшчэ дзьвюх краінах — у Турэччыне (55%) і ў Зымбабвэ (65%).

Паводле цытаванай вышэй «Ацэнкі сытуацыі з гвалтам у дачыненьні да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь», гвалт рознага кшталту ў беларускай школе зазнае кожны другі навучэнец.

Параўнаньне гэтых дадзеных з дадзенымі справаздачы UNESCO па іншых краінах паказвае, што Беларусь — адзін з усясьветных «рэкардсмэнаў» па распаўсюджанасьці булінгу ў школах.

Калі інцыдэнт з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе быў драмай, то падвойнае забойства ў стаўпецкай школе — трагедыяй. З прычыны таго, што суд над забойцам быў закрыты, грамадзтва ня ведае матываў забойства. Ёсьць шмат чутак, у тым ліку і пра тое, што забойца раней цярпеў булінг. Ці мела гэта месца насамрэч — невядома і, магчыма, ніколі ня будзе вядома.

Аднак статыстыка школьнага гвалту сьведчыць пра тое, што яго ўзровень у Беларусі высокі. Што стаіць за лічбамі — такі загаловак мае справаздача UNESCO. За лічбамі — псыхалягічныя і фізычныя траўмы, пакуты дзяцей, а часам і агрэсія, ажно да забойства — сябе ці іншых, часам ні да якага гвалту не датычных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG