Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я ня выпіў за 17-е верасьня


Пэдэр Сэвэрын Крэер, «Сьвята мастакоў у Скагене» (1888)
Пэдэр Сэвэрын Крэер, «Сьвята мастакоў у Скагене» (1888)

Як я ня выпіў за 17-е верасьня

Неяк на пачатку 90-х быў на дні нараджэньня ва Ўладзімера Калесьніка, пісьменьніка, прафэсара Берасьцейскага ўнівэрсытэту, знаўцы заходнебеларускай літаратуры і жыцьця за Польшчай.

Калесьнік нарадзіўся ў 1922 годзе, 17 верасьня. Дата ўзьяднаньня Беларусі шчасьліва супадала з днём народзінаў, і ён прапанаваў тост стоячы — за гадавіну шчасьлівай падзеі!

Я паставіў кілішак і сеў. Мы толькі скончылі здымкі фільму «Дарога на Курапаты», і я ня мог піць за падзею, якая злучыла частку Беларусі, дзе не было Курапатаў, з той, дзе былі.

Госьці зьбянтэжыліся, але разам з гаспадаром выпілі. Спрэчку, якое зло зьлейшае, мы тады ня вырашылі.

А мне дагэтуль няёмка за сваю нявыхаванасьць.

Аляксандар Лукашук

***

Пінск, 1936
Пінск, 1936

Людзі, коні і туфлікі

У музэі Айчыннай вайны убачыў трыптых «Рыцар свабоды» — страшыдла кентаўр зь дзідай і на капытах. Глядзеў я на «вызваліцеля» і згадалася, як у верасьні 1939 году матуля, пакінуўшы дачку сябрам, рушыла з войскам у Пінск ствараць і рэдагаваць «Палескую праўду». Існуе, дарэчы, дасюль. Першы сход. Стары яўрэй наборшчык: «Мадам, я правільна зразумеў, што генэральная лінія партыі — гэта нібыта маставая?» — «Так, правільна». — «Але ж, мадам, па маставой ходзяць толькі коні. А людзі — справа і зьлева па тратуарах…».

Увечары маці прыдбала ў краме серабрыстыя туфлікі і сьцягнула з ног вайсковыя боты.

Так і хадзіла па пінскіх ходніках — у серабрыстых туфліках і шынялі.

Сяргей Ваганаў

***

Уільям Гогарт «Пасьля» (1731)
Уільям Гогарт «Пасьля» (1731)

«Усе мужыкі сволачы»

«Слухай, а давай з табой зробім гэта! — казала яна, лыпаючы наўмысна прыдуркаватымі вачыма. — Праўды, давай… Ты ж такі файны хлапец!».

Я не сьвяты, але мяне ніколі ня вабіў экстрэмальны дзявочы цынізм, тым больш — агідная зьнешнасьць.

Аднак, знайшоўся той, каго не зьбянтэжыла далікатнасьць прапановы — потым шукаў паратунку ў знаёмых студэнтаў-мэдыкаў, бо саромеўся зьвярнуцца ў дыспансэр. Пазьней я даведаўся, што такі ён быў не адзін. А пасьля яе прыяцелькі мне расказалі, што гэта была яе помста мужчынскай палавіне…

Напэўна, працуе цяпер чыноўніцай дробнага ўзроўню. А можа нават настаўніцай! C’est la vie, як той казаў. Альбо яшчэ гавораць: не судзі…

Сьцёпка Пярсьцёнак

***

Франсуа-Мары Фірмэн-Жырар «Гандлярка чатырох пораў году»
Франсуа-Мары Фірмэн-Жырар «Гандлярка чатырох пораў году»

Брукаванка

Прачытала, што ў Баранавічах на прывакзальнай плошчы разьбіраюць і вывозяць некуды брукаванку. І адразу ўспамін. Францыя. Парыж. Сьнежаньскі вечар пасьля спэктаклю «Скарбонка» ў Камэдзі Франсэз. Невялічкая кватэрка ў 16-й акрузе сталіцы. Я са сваімі спадарожнікамі ў гасьцях у Мары, студэнткі ўнівэрсытэту. У гаспадынькі дзень народзінаў. Мы павіншавалі яе сьціплымі падарункамі, прывезенымі зь Беларусі. І раптам яна дастае пакунак у белай атляснай паперы, разгортвае. А там — важкі прастакутнік вулічнага каменю.

«Сябры падаравалі. Брукаванку рамантуюць. Дык яны прынесьлі», — Мары прыціскае камень да грудзей, вочы сьвецяцца весялосьцю. Студыёзы, што зь іх возьмеш.

Мары, дзе зараз той шыкоўны аскепак сярэднявечча?

Марыя Шыманоўская

***

Гюстаў Кайбот «Парыская вуліца дажджлівым днём» (1877)
Гюстаў Кайбот «Парыская вуліца дажджлівым днём» (1877)

Сустрэчы на праспэкце

Загаварылі зь сябрам пра адзіноту ў вялікім горадзе.

— Была ў мяне на рабоце мэдсястра. — А сябра доктар у лякарні. — Усё ейнае жыцьцё было дом-работа. Кабета маладая, прыгожая, і… самотная. Аднойчы перад выходнымі яна пайшла ў цэнтар Менску. Кажа, «там столькі агнёў і людзей!»

Ішла, занураная ў думкі пра свой сумны лёс, і нават не заўважыла, што транспарт стаў на праспэкце. Раптам — бах! Дубінкай па галаве. Ачомалася ў аўтазаку. Людзі зь мітынгу. Суткі ў Жодзінскім СІЗА. На рабоце падстрахавалі, запісалі як адпачынак. Сустракалі, шкадавалі.

«Не шкадуйце, наадварот — я там з такімі цудоўнымі людзьмі пазнаёмілася!».

Севярын Квяткоўскі

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Рубрыка «100 словаў» працуе цяпер крыху інакш, чым раней. Сьвежы тэкст зьяўляецца штодня, ад панядзелка да пятніцы, на старонцы «Толькі пра літаратуру» ў Фэйсбуку; на выходных мы публікуем тэксты за мінулы тыдзень на сайце Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG