Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта дашкольнікам сэкс-адукацыя


У беларускіх школах дагэтуль няма сэксуальнай асьветы — замест гэтага ў праграму плянуюць увесьці навучаньне падлеткаў сямейнаму жыцьцю (з расповедамі пра тое, што сэкс да шлюбу — гэта нешта кепскае). На вялікі жаль, табуяванасьць тэмы сэксу ў нашым грамадзтве доўга яшчэ будзе адгукацца зусім невясёлымі зьявамі.

Ад якаснай сэксуальнай асьветы падлеткі атрымліваюць шмат карысьці: яны менш рызыкуюць заразіцца захворваньнямі, якія перадаюцца полавым шляхам, радзей сутыкаюцца з падлеткавымі цяжарнасьцямі і маюць больш шанцаў на высокую якасьць (будучага) сэксуальнага жыцьця.

Але сэкс-адукацыя — гэта ня толькі навучаньне падлеткаў. Ёсьць адзін надзвычай важны фактар, які часта выпадае з фокусу ўвагі: сэксуальная адукаванасьць малодшых дзяцей дазваляе ім імгненна распазнаваць гвалт.

Сэксуальная асьвета — гэта ня толькі расповеды пра важнасьць прэзэрватываў і пра тое, што ня трэба саромецца свайго цела. Калі казаць пра малодшых дзяцей, дык сэкс-адукацыя — гэта перш за ўсё навучаньне таму, што ёсьць «добрыя» і «кепскія» дотыкі, што розным дарослым дазволена рознае, і што любым дарослым можна і трэба казаць «не», калі яны робяць нешта, што не падабаецца самому дзіцяці (абдымаюць, усаджваюць на калені, просяць зьняць нейкую вопратку і іншае).

І пакуль праціўнікі сэксуальнай адукацыі лічаць, што размовы з падлеткамі пра сэкс прыводзяць да разбэшчанасьці, ім практычна немагчыма патлумачыць, што пра сфэру сэксуальнага трэба размаўляць і з тымі дзецьмі, якія яшчэ толькі ходзяць у дзіцячы садок.

Безумоўна, там варта падбіраць мэтафары і падаваць інфармацыю так, каб яны разумелі, пра што ідзе гаворка, і каб гэтыя размовы былі для іх напраўду карыснымі, але чым раней пачаць тлумачыць малым, што ня ўсе дарослыя і ня ўсе абдымкі бываюць аднолькава добрыя, тым, бадай, лепей.

Падпалкоўнік міліцыі Алег Гарбачоў кажа: часам пра злачынствы супраць сэксуальнай недатыкальнасьці дзяцей не заяўляюць менавіта таму, што тыя праз уласны ўзрост не разумеюць, што адбылося нешта кепскае.

У якасьці прыкладу ён прыводзіць гісторыю аб тым, як мужчына запрашаў да сябе хлопчыкаў 9-12 гадоў, частаваў іх півам і цыгарэтамі і гвалціў іх. Пры гэтым злачынца тлумачыў, што сэкс паміж дарослым мужчынам і хлопчыкам — гэта нармальная зьява, і што праз гэта праходзяць усе юнакі. І хлопцы верылі.

Але хіба 9 і тым больш 12 гадоў — гэта той узрост, калі дзіця аб’ектыўна яшчэ ня можа распазнаць сэксуальны гвалт праз, умоўна кажучы, недастатковую разьвітасьць мозгу? Калі мы кажам пра дзяцей без спэцыфічных дыягназаў, дык адказ — «вядома ж, не».

Прычына, зь якой гэтыя хлопцы не разумелі, што іх фактычна гвалцілі — адсутнасьць у іх якой-кольвек сэксуальнай адукаванасьці.

Безумоўна, сама наяўнасьць ведаў пра сэксуальную недатыкальнасьць — яшчэ не гарантыя таго, што дзіця імгненна раскажа пра перажыты гвалт бацькам альбо іншым дарослым, якім давярае. Таксама гэта не гарантыя таго, што ён ці яна зможа супрацьстаяць пэдафілу і сказаць «не, я ня буду гэтага рабіць, бо гэта няправільна».

Але ж зь ведамі ў дзяцей будзе хоць нейкі шанец.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG