Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: Буду вылучацца на прэзыдэнта як кандыдат ад патрыятычных сілаў


Алена Анісім выступае на «Сьвяце Незалежнасьці» ў Менску 25 сакавіка 2018
Алена Анісім выступае на «Сьвяце Незалежнасьці» ў Менску 25 сакавіка 2018

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім расказвае пра свае паразы і перамогі ў парлямэнце, тлумачыць, за што перад ёй выбачаўся Аляксандар Лукашэнка, і заяўляе пра намер вылучацца на прэзыдэнцкіх выбарах.

Сьцісла:

  • Зацятых ворагаў я, спадзяюся, не нажыла — ня ставіла сабе такой задачы
  • Можна не пагаджацца з уладай, але ня быць унутры краіны ворагамі.
  • Трэба, каб патрыятычныя сілы мелі свайго прадстаўніка ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

«Свае шанцы на пераабраньне ацэньваю 50 на 50»

— Што вам далі 4 гады ў якасьці дэпутата Палаты прадстаўнікоў? Не шкадуеце, што пайшлі ў Палату? Які досьвед вы там здабылі, што ўспамінаецца самае важнае і яркае?

— Я не шкадую, што зрабіла такі крок і трапіла ў склад Палаты. Пераканалася, што гэта было правільна. Але яшчэ больш пераканалася, што калі б нас такіх у Палаце было болей — то можна было б зрабіць больш у прасоўваньні беларускай мовы, у дэмакратычным разьвіцьці нашага грамадзтва. Я пераканалася, што калі чалавек мае лідэрскія якасьці, павінен заяўляць пра сваё месца ў прыняцьці рашэньняў, у тым ліку праз удзел у парлямэнце.

— Што ўзгадваецца як самыя галоўныя паразы і перамогі? Вы казалі, што бывалі расчараваныя, калі дэпутаты не адгукаліся на вашыя ідэі і прапановы. На што разьлічвалі, што ня спраўдзілася?

— Магчыма, параза ў тым, што не ўдалося з ходу прабіць прыняцьцё законаў на дзьвюх дзяржаўных мовах. Але пачала працаваць экспэртная рада, якая гэтую справу давядзе да лягічнага канца. Гэта значыць, што законапраекты на беларускай мове будуць распрацоўвацца і падавацца. Будзе распрацаваны ўвесь пакет ужо прынятых законаў на беларускай мове.

Мне не ўдалося дамагчыся для маіх землякоў чыгуначнага прыпынку. Але затое яны атрымалі рэгулярныя аўтобусныя маршруты тры разы на дзень у раённы цэнтар. Гэта невялічкая, але перамога.

— Вы ўжо прынялі рашэньне наконт таго, ці будзеце яшчэ раз балятавацца ў Палату прадстаўнікоў? Як ацэньваеце свае шанцы?

— Маё рашэньне зноў вылучацца ў Палату знаходзіць падтрымку ў многіх людзей, у тым ліку зь недзяржаўнага грамадзкага сэктару. Бо яны хацелі б мець свайго прадстаўніка ў Палаце, каб прасоўваць свае законапраекты і каб уплываць на прыняцьцё новых законаў у палепшаным выглядзе. Я спадзяюся, што мая кандыдатура будзе падтрыманая і маімі выбарнікамі, а таксама сябрамі ТБМ.

Каляндар парлямэнцкіх выбараў у 2019 годзе
Каляндар парлямэнцкіх выбараў у 2019 годзе

На колькі я ацэньваю свае шанцы? Я чалавек сьціплы, таму кажу — 50 на 50. Больш упэўнена я казаць не магу, бо ніхто мне такіх гарантыяў не даваў. Я разумею, што калі зьбяру актыўную каманду, якая будзе актыўна дзейнічаць, сучаснымі мэтадамі, то шанцы павялічацца.

— Вы ўзгадалі выбарнікаў, грамадзкія аб’яднаньні. Але ёсьць яшчэ адна сіла — улада, якая грае вызначальную ролю ў тым, хто можа стаць дэпутатам. Ці ёсьць у вас нейкія сьведчаньні, «сыгналы» наконт таго, як ва ўладзе могуць паставіцца да вашага намеру зноў ісьці ў дэпутаты?

— Я так мяркую, што ва ўладзе ёсьць розныя людзі з рознымі прыхільнасьцямі. Зацятых ворагаў я, спадзяюся, не нажыла — ня ставіла сабе такой задачы. Многія, думаю, звыклі да таго, што я маю выразна акрэсьленую пазыцыю, я ад яе не адступаю. Пры гэтым я не хлушу і не зьбіраюся мець нейкія асабістыя выгады ад Палаты прадстаўнікоў.

Таму я думаю, што вялікага супрацьдзеяньня з боку ўладаў мне чакаць не даводзіцца. Але, магчыма, недзе ёсьць і мае таемныя ворагі, гэта ня выключана.

«Можна не пагаджацца з уладай, але ня быць унутры краіны ворагамі»

— Што за эпізод з выбачэньнямі ў ваш бок ад Лукашэнкі?

— Калі падчас апошняга пасланьня Аляксандар Рыгоравіч агаварыўся. Першы раз я не заўважыла, бо думала, што гэта адносіцца не да мяне. Але потым ён зноў зрабіў агаворку, назваўшы мяне Тацянай. Пасьля таго як размова ўжо скончылася, ён вяртаўся і, праходзячы міма мяне, падышоў і кажа — «Я памылкова назваў цябе Таняй, я ж ведаю, што цябе завуць Лена. Прабач». Паціскае мне руку, кажа: у мяне была дзяўчына ў маладосьці, таму я і агаварыўся. На што я кажу жартоўна — «Дык гэта што, я трапіла ў разрад вашых любімчыкаў?» — «Ну ня ворагаў жа».

Прэзэнтацыя законапраекту пра бел-чырвона-белы сьцяг. Алена Анісім. 2018
Прэзэнтацыя законапраекту пра бел-чырвона-белы сьцяг. Алена Анісім. 2018

Такі быў момант, у нейкай ступені паказальны. Аляксандар Рыгоравіч паказаў, што ён здольны прызнаваць нейкія свае хібы, калі на іх тактоўна ўказаць, здольны папрасіць прабачэньня. Я думаю, што ў гэтым эпізодзе я выйграла.

— Што скажаце тым праціўнікам удзелу ў выбарах, якія лічаць, што любы ўдзел — гэта гульня па правілах улады і што ён нічога не прыносіць?

— На гэта я адказала б так. Можам ня ўдзельнічаць, можам ня браць на сябе адказнасьць на такім высокім узроўні. Ну, не было б мяне ў Палаце прадстаўнікоў. Не было б таго, што ў парлямэнце ўвесь час хаця б адзін чалавек выступае па-беларуску. Не было б маіх выступаў у Радзе Эўропы адносна таго, што Беларусь увесь час знаходзіцца ня ў фокусе эўрапейскіх палітыкаў.

Ня ведаю, ці здолелі б мы ўвасабляць у жыцьцё ідэю Нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня. Напэўна, не была б створана экспэртная рада па заканадаўству на беларускай мове. Ня кажучы пра тыя «дробныя» справы, калі я як дэпутат спрыяла людзям у вырашэньні іхніх праблемаў.

Гэта невялікія, але крокі па дэмакратызацыі.

Па-другое, пайшоў працэс разуменьня таго, што можна не пагаджацца з уладай, але ня быць унутры краіны ворагамі. Бо калі мы становімся ворагамі, мы пачынаем паміж сабой ваяваць — і ў выніку можам згубіць краіну.

— Зь некаторых вашых ранейшых інтэрвію можна зрабіць высновы, што вашыя палітычныя пляны і амбіцыі прасьціраюцца далей за Палату прадстаўнікоў. Што вы задумваецеся і пра прэзыдэнцкія выбары. Ці можаце вы тут сёньня дакладна і напэўна сказаць. што вы зьбіраецеся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата?

— Апэтыт прыходзіць падчас яды. Мая дзейнасьць у Палаце прадстаўнікоў пераканала мяне ў тым, што трэба, каб патрыятычныя сілы абавязкова мелі свайго прадстаўніка ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Бо калі няма такога прадстаўніка, такога голасу — то гэтая частка грамадзтва не прэтэндуе на самы высокі пост. Гэта азначае, што грамадзтва ня мае патрэбы, каб ажыцьцяўляць уладу на самым высокім узроўні.

— Дык які ваш адказ на маё канкрэтнае пытаньне?

— І таму я зьбіраюся і ўжо пачынаю працаваць на тое, каб вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG