Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як можна было яго не заўважыць?» Дачка памерлага на будоўлі БелАЭС кранаўшчыка расказала падрабязнасьці сьмерці бацькі


Будаўніцтва БелАЭС, архіўнае фота
Будаўніцтва БелАЭС, архіўнае фота

Родныя Івана Быхоўскага не аспрэчваюць афіцыйнай прычыны сьмерці.

«Бацьку знайшлі толькі раніцай»

13 жніўня Алеся Быхоўская разам зь іншымі сваякамі езьдзіла ў Астравец. Яна кажа, што да афіцыйнай вэрсіі сьмерці бацькі пытаньняў не ўзьнікае. Першапачатковая прычына — праблемы з сэрцам. Па словах дзяўчыны, яна размаўляла з начальнікам бацькі. Той пацьвердзіў, што цела памерлага сапраўды знайшлі толькі раніцай у памяшканьні душавой.

«Вось да гэтага ўжо ў нас ёсьць пытаньне, як такое магло адбыцца? — гаворыць Алеся Быхоўская. — Там паўсюль камэры ўсталяваныя, шлягбаўмы. Як яго можна было не заўважыць? Гэта не звычайная будоўля, там ёсьць сыстэмы кантролю. Чаму ніхто абход тэрыторыі не зрабіў, чаму не заўважыў, што бацька застаўся на тэрыторыі будоўлі АЭС?».

Па словах Алесі, у той вечар Іван Быхоўскі скончыў працу разам з калегамі. Яны даяжджаюць на месца будоўлі арганізавана, на аўтобусе. Памерлы карыстаўся ўласным аўтамабілем, які прастаяў ноч на паркоўцы ля АЭС. Пасьля зьмены ніхто з калег не заўважыў адсутнасьці кранаўшчыка. Цела памерлага знайшлі рабочыя зь іншай зьмены, якія прыехалі на будоўлю раніцай.

Родных памерлага на тэрыторыю будоўлі Астравецкай АЭС не адвозілі, яны ня бачылі месца, дзе памёр Іван. Яго дачка дапускае, што калі б бацьку знайшлі ня раніцай, а ўвечары 12 жніўня, яму можна было б дапамагчы.

Інфармацыя пра сьмерць кранаўшчыка на будоўлі Астравецкай АЭС зьявілася тэлеграм-канале Nexta ў аўторак 13 жніўня. Паводле яе, цела бацькі, які быў супрацоўнікам адной з арганізацый-падрадчыкаў, знайшлі іншыя рабочыя раніцай у аўторак. На месца выехалі супрацоўнікі сьледчай групы. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

«Мы не змаглі дазваніцца бацьку»

Як стала вядома Свабодзе, загінуламу 53 гады, ён працаваў у арганізацыі менскай «Белэлектрамантажналадка», жыў у Чысьці Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. У яго трое дарослых дзяцей. НА будоўлі Беларускай АЭС ля Астраўца Іван Быхоўскі працаваў апошнія два гады. Працай быў задаволены, на ўмовы не скардзіўся.

Свабодзе ўдалося пагаварыць з дачкой памерлага Алесяй. Паводле дзяўчыны, пра бяду сям’я даведалася раніцай 13 жніўня.

«Мы званілі бацьку самі ўчора, але не змаглі дазваніцца, — расказала яна. — А сёньня раніцай на нумар маёй сястры пазванілі з Астраўца і расказалі пра ўсё. Цяпер мы едзем у астравецкую лякарню. Падрабязнасьцяў пакуль ня ведаем, нічога канкрэтнага нам не сказалі. Бацька працаваў на будоўлі АЭС, але не скардзіўся на працу. Усё было нармальна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG