Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Росатом“ зрабіў злачынства». Эколяг зь Северадзьвінску пра аварыю на сакрэтным палігоне


На пахаваньні супрацоўнікаў «Росатома», якія загінулі падчас выпрабаваньняў на палігоне ў Архангельскай вобласьці. Сараў Ніжагародзкай вобласьці, 12 жніўня
На пахаваньні супрацоўнікаў «Росатома», якія загінулі падчас выпрабаваньняў на палігоне ў Архангельскай вобласьці. Сараў Ніжагародзкай вобласьці, 12 жніўня

Расейскі гідрамэтцэнтар праз шэсьць дзён пасьля інцыдэнту паведаміў: у дзень выбуху, 8 жніўня, зафіксавана перавышэньне гама-выпраменьваньня ў 16 разоў. Мясцовая ўлада гаворыць, што нічога сур’ёзнага не адбылося, а жыхары скардзяцца на інфармацыйны вакуўм. З моманту здарэньня прайшоў амаль тыдзень. Да гэтага часу незразумела ні што выбухнула, ні якая шкода нанесена навакольнаму асяродзьдзю.

Жыхарам вёскі Нёнокса, якая знаходзіцца побач з палігонам, дзе 8 жніўня адбыўся выбух, рэкамэндавалі пакінуць населены пункт, патлумачыўшы нейкімі работамі на вайсковым абʼекце. Пазьней расейскія інфармагенцтвы напісалі: вайскоўцы адмянілі захады, дзеля якіх плянавалася эвакуацыя.

Жыхары Северадзьвінску кажуць, што да гэтага часу ня ведаюць, што адбылося і наколькі маштабным быў выкід радыяцыі. Пра магчымую экалягічную шкоду з «Настоящим временем» пагаварыў эколяг зь Северадзьвінску Аляксей Клімаў.

— Раскажыце, што з морам, ці можна там, умоўна кажучы, зьбіраць марскую капусту, лавіць рыбу?

— Я як грамадзкі эколяг Северадзьвінску кажу ўсім: рыбу лавіць ня трэба ў Дзьвінскай затоцы Белага мора. Можна зьбіраць грыбы і ягады. Я бяру гэтую адказнасьць на сябе, таму што мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, МНС нам не даюць дакладнай інфармацыі. На жаль, гэта так.

— Таму вы асьцерагаецеся, што гэта можа быць забруджана?

— У мяне няма лябараторных дасьледаваньняў нейкіх забруджваньня Дзьвінскай затокі Белага мора, але я бачу, што тое, што адбылося, пакуль не дазваляе нам лавіць марскую рыбу. Грыбы, ягады можна зьбіраць.

— Ці зразумела, якія ізатопы наогул трапілі ў атмасфэру?

— Так, цяпер гэта ўжо зразумела. Гэта праект «Буревестник», гэта ізатопы, якія выпраменьваюць. Гэта значыць, ня тыя ізатопы, якія забруджваюць тэрыторыю, а тыя, якія часова павышаюць радыяактыўны фон.

— І вы ўпэўнены, што гэта быў «Буревестник», правільна я зразумела вас?

— «Буревестник» — гэта праект прыблізна 1975 году, адначасова пачалі распрацоўваць СССР і ЗША. Мы прыкладна тут былі аднолькавыя. Я гэтую тэму вывучаў з 1993-га па 2000 год, тройчы быў у Амэрыцы. І, дарэчы, я, карэнны северадзьвінец, упершыню на атамных падводных лодках, на атамных станцыях, на месцах пахаваньня радыяактыўных адкідаў пабываў у Амэрыцы.

— Вы ў адным з сваіх інтэрвію заявілі, што падобныя выпрабаваньні наогул павінны быць спыненыя. Чаму?

— Ня спыненыя, яны ня могуць быць спыненыя. Яны павінны працягвацца, таму што вайна — гэта наша ўсё, біч нашай цывілізацыі — гэта вайна. І мы павінны працягваць узбраеньне. Але ў нас ёсьць шыкоўныя палігоны ў Карскім моры, у Баранцавым моры — вось давайце там. Але не за 30 кілямэтраў ад гораду Северадзьвінску. «Росатом» зрабіў злачынства. Гэтае слова я бяру на сябе, гэта маё слова. Гэта было злачынства.

— Вы маеце на ўвазе, што выпрабаваньні праводзіць трэба, але далёка ад населеных пунктаў.

— У нас 185 тысяч чалавек, у Архангельску — 350 тысяч чалавек. Вы што робіце? Вам што, мала Баранцавага і Карскага мора? У нас там шыкоўныя месцы. Вы белых мядзьведзяў ганяйце, але ня нас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG