Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстраная сытуацыя». Мы даведаліся, што стала з каровамі, жорсткія здымкі якіх шакавалі сацсеткі


Фота зьявіліся на старонцы «Иван Иванович» у сацыяльнай сетцы ok.ru
Фота зьявіліся на старонцы «Иван Иванович» у сацыяльнай сетцы ok.ru

Фатаздымкі дохлых цялят і траўмаваных кароў з малочна-таварнай фэрмы ў Магілёўскай вобласьці ўзрушылі сацыяльныя сеткі. Свабода даведалася, ці праўдзівыя фота і што здарылася з каровамі.

Здымкі з каровамі ўпершыню зьявіліся ў «Аднаклясьніках» у акаўнце «Івана Іванавіча» яшчэ 19 ліпеня. У тэксьце да іх тлумачылася, што гэта каровы з малочнатаварнай фэрмы «Па́ршына» (Горацкі раён Магілёўскай вобласьці), якая належыць РУП «Вучгас Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі».

Работнік гаспадаркі: «Каровы дохнуць усюды»

Адзін з работнікаў гаспадаркі пацьвердзіў, што выкладзеныя фатаздымкі праўдзівыя. Паводле яго, «каровы дохнуць на ўсіх вялікіх комплексах, і ня толькі ў Паршыне».

«Гэта ж маса жывёл, — тлумачыць ён. — Калі вялікі статак гоняць на выпас, то траўмаваньне непазьбежнае. Комплексы ж не разьлічаныя, каб жывёлы пасьвіліся. А паколькі не хапае кармоў, а тыя, што ёсьць, няякасныя, то іх і гоняць здуру».

Кіраўнік гаспадаркі: здохлыя цяляты нашыя

Выканаўца абавязкаў дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандар Янковіч таксама прызнае, што фатаздымкі зь цялятамі зробленыя на комплексе.

«Яны ляжалі ў памяшканьні пасьля ўскрыцьця, — тлумачыць ён. — Двое памерлі неўзабаве, як нарадзіліся, бо былі слабыя. І яшчэ чацьвёра — мёртванароджаныя. Сфатаграфавалі іх з розных ракурсаў...».

Што да фота траўмаваных кароў, то суразмоўца ня стаў іх камэнтаваць, бо апазнаць кароў цяжка — бірак не відаць.

«Чалавеку, далёкаму ад жывёлагадоўлі, нязвыкла бачыць здохлых жывёл на фэрме»

Паводле Аляксандра Янковіча, калі чалавек не працуе ў жывёлагадоўчай галіне, то яму нязвыкла бачыць сьмерць жывёл на фэрме, таму такія фота выглядаюць сэнсацыйнымі.

«У нас 9 тысяч галоў жывёл, і рознае зь імі здараецца, — кажа ён. — І тое, што на фатаздымках, — гэта стандартная праца вэтэрынара. А вось сьмерць чатырох цялят — для нас экстранная сытуацыя. Усе матэрыялы адпраўленыя на дасьледаваньне. Да нас прыяжджалі прадстаўнікі розных службаў. Ёсьць пэўныя заўвагі да працы, але яны выпраўляюцца».

Аляксандар Янковіч сельгаспрадпрыемства называе найлепшым у раёне. Па яго словах, гаспадарка забясьпечаная спэцыялістамі і неабходнымі матэрыяламі для догляду жывёл.

Заатэхнік: «Незадаволеныя выкладваюць такое»

Галоўны заатэхнік Марына Чуешкава кажа: пабачыўшы фатаздымкі, кіраўніцтва зьвярнула ўвагу на гаспадарку. Паводле яе, фота не адлюстроўваюць таго стану, у якім утрымліваюцца жывёлы.

«У кожнай гаспадарцы ёсьць незадаволеныя людзі, якія выкладваюць падобнае», — тлумачыць яна зьяўленьне фота і запрашае наведаць комплекс.

Ранейшага дырэктара гаспадаркі Міхаіла Гулага 29 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ўхваліў на пасаду старшыні Кіраўскага раёну. У прыватных гутарках работнікі паведамілі, што фатаздымкі зьявіліся, калі ён яшчэ кіраваў сельгаспрадпрыемствам.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, за 2018 год здохла 85 тысяч галоў жывёлы. Такую лічбу ён назваў 25 ліпеня падчас візыту ў Веткаўскі раён і выказаў незадавальненьне ўзроўнем сьмяротнасьці жывёлы ў гаспадарках.

«Яшчэ раз паўтараю для ўраду і на будучыню: за падзёж жывёлы сядзеце ў турму, — прыгразіў Аляксандар Лукашэнка, адзначыўшы, што „яшчэ па-добраму“ размаўляе. — 85 тысяч, па-мойму, за мінулы год. Вы ўяўляеце, колькі б гэта было мяса?»

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

​​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG