Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не вінаваты». 5 «дзірак» у справе, з прычыны якіх апраўдалі галоўнага інжынэра МЗКЦ


Андрэй Галавач
Андрэй Галавач

19 ліпеня Першамайскі раённы суд Менску апраўдаў па ўсіх выстаўленых абвінавачаньнях галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэя Галавача.

З маёмасьці Галавача зьнялі арышт, самога яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду, узяўшы падпіску пра нявыезд зь Менску на час, пакуль апраўдальны прысуд ня ўступіць у сілу. Гэта адбудзецца праз 10 дзён, калі пракуратура не абскардзіць вырак. Пасьля суду дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў не адказаў на пытаньне, ці будзе прысуд апратэставаны, і ўвогуле адмовіўся ад камэнтару.

Андрэя Галавача абвінавачвалі ў атрыманьні хабару ў вялікім памеры і злоўжываньні службовым становішчам — нібыта ён атрымаў больш за 190 тысяч даляраў і 35 тысяч эўра ў якасьці ўзнагароджаньня за спрыяньне інтарэсам бізнэс-структураў, якія супрацоўнічалі з МЗКЦ. Але віны галоўны інжынэр заводу ніколі не прызнаваў. За 4 гады, праведзеныя пад вартай, Андрэй Галавач прайшоў праз 8 судоў, у тым ліку яму ўжо выносілі апраўдальны прысуд у лютым 2018 году, але зноў завялі крымінальную справу па 430 артыкуле аб карупцыі.

«Гэта для мяне не сюрпрыз, я верыў і спадзяваўся на апраўданьне. Відаць, справядлівасьць у нашых судах усё ж існуе», — сказаў сёньня па вызваленьні Андрэй Галавач. І выказаў спадзеў, што гэтым разам на яго зноў крымінальную справу не завядуць.

Апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу вынесла судовая калегія на чале з судзьдзёй Першамайскага раённага суду Сьвятланай Чараповіч.

Абаронцы Аляксей Швакаў і Алена Варанко, камэнтуючы апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу, сказалі, што верылі ў такі вынік працэсу, бо абвінавачаньне не грунтавалася на законных доказах, і падчас судовага сьледзтва гэта стала відавочна.

Андрэй Галавач каля суду
Андрэй Галавач каля суду

З прычыны якіх «дзірак» у справе апраўдалі Андрэя Галавача?

1. На працэсе так і не дапыталі ключавых сьведак меркаванага хабарніцтва Андрэя Галавача. Гэта прадстаўнік расейскай фірмы «Металинк» Андрэй Ханавін, а таксама прадпрымальнікі Рыбкіна і Кісялёў. У сваіх паказаньнях на сьледзтве яны сьцьвярджалі, што давалі Андрэю Галавачу хабар за тое, што той дапамагаў у прасоўваньні іхніх бізнэс-інтарэсаў, але на суд не прыехалі. Высьветлілася, што раней сьледзтва вызваліла іх ад перасьледу па падазрэньні ў іншых злачынствах. Андрэй Галавач і ягоныя абаронцы называлі паказаньні ключавых сьведак неканкрэтнымі, супярэчлівымі і нават хлусьлівымі ды наракалі на тое, што ў іх не было магчымасьці дапытаць сьведак. Таксама адвакаты зьвярталі ўвагу суду на лісты сьледчых, з дапамогай якіх тыя карэктавалі паказаньні сьведак у бок, патрэбны сьледзтву.

2. На працэсе відавочна правісла пытаньне пра тое, якую ж матэрыяльную шкоду нанёс сваімі дзеяньнямі Андрэй Галавач Менскаму заводу колавых цягачоў, калі нібыта злоўжываў сваім службовым становішчам на пасадзе галоўнага інжынэра. Суму меркаванай шкоды ў судзе так і не назвалі, і пераканаўчых доказаў з боку сьведак таксама не прагучала. Між тым у падтрымку Андрэя Галавача падпісаліся больш за 2 тысячы супрацоўнікаў заводу.

Менскі завод колавых цягачоў
Менскі завод колавых цягачоў

3. Не пацьвердзілася заява прадстаўніка абвінавачваньня, што ў Андрэя Галавача нібыта знайшлі 88 тысяч даляраў, а таксама што ён валодае дзьвюма кватэрамі ў Менску і загарадным домам. Абаронца падсуднага Алена Варанко падчас судовых спрэчак гэтыя зьвесткі абвергла.

«Бок абароны мяркуе, што дзяржаўны абвінаваўца агаварыўся адносна 88 тысяч даляраў ЗША. Бо ўсе знойдзеныя ў Галавача грошы падрабязна апісаныя ў матэрыялах справы. Гэта 20 тысяч даляраў, якія знайшлі падчас вобшуку, 31 тысяча рублёў на рахунку, крыху болей за 6 тысяч эўра, крыху болей за 1 тысячу даляраў ЗША».

Пракурор Юры Шарсьнёў ня стаў спрачацца з адвакатам падчас судовых спрэчак, адмовіўся ён ад камэнтару адносна памеру маёмасьці Галавача і пасьля суду. Абаронцы згадвалі, што Галавач атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, доўгі час займаў высокааплатную пасаду і што падатковая інспэкцыя не знайшла ў Галавача перавышэньня расходаў над прыбыткамі.

4. У лютым 2018 году суд апраўдаў Андрэя Галавача па 35 эпізодах хабару, але па іншых эпізодах на галоўнага інжынэра МЗКЦ адразу завялі новую крымінальную справу, кропку ў якой паставілі толькі сёньня. Пра эпізоды, якія сталі падставай для новага абвінавачаньня, заявілі сьведкі Рыбкіна і Голубеў. Але, як высьветлілася на судзе з дакумэнтаў справы, іхнія заявы былі напісаныя нібыта яшчэ ў 2016 годзе. Чаму ж гэтыя эпізоды не ўвайшлі ў справу, разгляд якой быў скончаны ў лютым 2018 году? Абаронцы Галавача выказалі ў судзе меркаваньне, што насамрэч заявы зьявіліся ў іншы час, і паставілі пад сумнеў іх праўдзівасьць. Як бачым, суд у гэтым пытаньні таксама не паверыў сьледзтву.

5. Ня толькі не было даказана атрыманьне Андрэем Галавачом у 2015 годзе 60 тысяч даляраў хабару ў менскім «Гранд кафэ», але і не было абвергнута тлумачэньне Андрэя Галавача наконт знойдзеных у яго падчас вобшуку 20 тысяч даляраў. Андрэй Галавач сьцьвярджаў, што гэта доўг ягонаму нябожчыку бацьку, які быў вернуты яму як сыну ўжо пасьля таго, як бацька памёр. Чалавека, які прынёс грошы, паводле Галавача, ён ня ведае. Між тым сьледзтва заявіла, што гэта частка хабару за кантракт ад 2012 году. Паводле сьледзтва, усяго ў пакунку, які Галавачу нібыта перадаў бізнесовец Кісялёў у менскім «Гранд-кафэ», было 60 тысяч даляраў. Грошы нібыта былі ў пачках па 10 тысяч са штампам маскоўскага банку «Интеркоммерц». Дзьве такія пачкі знайшлі ў доме Галавача падчас вобшуку. Але знайсьці сьляды гэтых грошай у названым банку сьледзтву не ўдалося, а ў судзе абвінаваўцу не ўдалося даказаць непраўдзівасьць словаў падсуднага пра вяртаньне яму 20 тысяч.

Андрэй Галавач
Андрэй Галавач

Андрэй Галавач на просьбу карэспандэнта Свабоды вярнуўся да гэтай гісторыі, калі выйшаў сёньня на волю. Вось ягоныя словы:

«Калі бацька ўжо паміраў, а ён усе жыцьцё працаваў, ужо фактычна паміраючы, распавёў, што яму вінныя грошы. Але я асабліва не цікавіўся і, па шчырасьці, забыў пра іх. А потым, ужо пасьля сьмерці бацькі, да нас прыйшоў чалавек, кур’ер, які перадаў пакет, на ім было пазначана прозьвішча. Калі мяне затрымлівалі, я адразу сказаў, што гэта тое, што назьбірана нашай сям’ёй». Паводле Андрэя Галавача, знайсьці чалавека, які перадаў 20 тысяч, ён не спрабаваў, бо ня меў пра яго ніякіх зьвестак.

Чым адметная справа Андрэя Галавача

  • Былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Галавача затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году. Асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі па новым абвінавачаньні.
  • Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзілі за службовае злоўжываньне. Па гэтым абвінавачаньні Андрэя Галавача таксама апраўдалі.
  • На працэсе ў Першамайскім раённым судзе Галавача абаранялі старшыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Веры Арэшкі, і адвакатка Алена Варанко.
  • На адвакатку Галавача Веру Арэшку завялі крымінальную справу паводле арт. 407 КК па абвінавачаньні ў раскрыцьці зьвестак з крымінальнай справы трэцім асобам — тады, калі яна прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача.
  • Ужо ў час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет «Вальтэр» mod. 1938 (Р.38), а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю Вера Арэшка ня мае. На адвакатку завялі справу і за гэта, паводле ч. 2 арт. 295 КК.
  • Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG