Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль цісьне. Мераем пагрозу інтэграцыі Беларусі з Расеяй у градусах


Інтэграцыя Беларусі з Расеяй — гарачая тэма перадвыбарчага 2019 году. Мы сабралі прыклады таго, як Крэмль цісьне на Беларусь. А аналітык Арцём Шрайбман ацаніў градус пагрозы інтэграцыі ад 1 да 100. Дарэчы, пры 100 градусах вада ўжо кіпіць.

«Усе мае ацэнкі не перавышаюць 50, таму што ўсе гэтыя прыклады — гэта, зразумела, моцны ціск на Менск, але яны пакуль і блізка ня здольныя зламаць тыя карэнныя інтарэсы беларускай улады, якія перашкаджаюць інтэграцыі па расейскім сцэнары. Умоўна кажучы, для небясьпекі на ўзроўні 90-100 Аляксандру Лукашэнку павінны пагражаць ваеннай сілай, поўнай эканамічнай блякадай або агрэсіўным умяшаньнем ва ўнутраную палітыку краіны. Усё, што адбываецца цяпер, можа раззлаваць Менск, прымусіць яго ўступіць у перамовы, але ня здацца і нават не пачынаць сур’ёзна думаць, каб здацца. Беларускі аўтарытарны арэх пакуль нашмат мацнейшы за зубы, якія яму паказалі».

6 сьнежня 2018 году

На сустрэчы чальцоў ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка публічна спрачаецца з Уладзімірам Пуціным наконт цаны на расейскі газ для Беларусі. Лукашэнка заўважае, што Беларусь плаціць зашмат, але Пуцін называе яшчэ большую цану — 200 даляраў (цяпер $127-129).

«Вядома, трэба імкнуцца да ўніфікацыі, але для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі», — кажа прэзыдэнт Расеі.

Хоць размова тычыцца саюзьнікаў па ЭАЭС, ад гэтага моманту слова «інтэграцыя» набывае новы сэнс у стасунках Расеі і Беларусі.

Градус пагрозы: 30

«Пуцін вярнуў у публічны дыскурс тэму інтэграцыі. Тады яшчэ не было ясна, што гэта новая пазыцыя Расеі і цяпер усё саступкі будуць зьвязвацца з інтэграцыяй. Але Менску ўпершыню намякнулі, што ягоныя запатрабаваньні вышэйшыя, чым тое, на што, на думку Масквы, Беларусь мае права».

13 сьнежня 2018 году

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у Берасьці згадвае пра існаваньне саюзнай дамовы і прапануе два варыянты інтэграцыі Расеі і Беларусі:

«Кансэрватыўны» — гэта значыць пакінуць усё, як ёсьць.
І «прасунуты» — выканаць нарэшце саюзную дамову ад 1999 году, што азначае адзіную падатковую, цэнаўтваральную і тарыфаўтваральную палітыку. Гэтую падзею фактычна назвалі «ультыматумам». Бо Мядзьведзеў сказаў, што кампэнсаваць страты ад расейскага «падатковага манэўру» Крэмль можа толькі ў адказ на «агульную мытню, суд і валюту».

Градус пагрозы: 50

«Гэта пікавы момант усяго працэсу да гэтага часу — інтэграцыйны ўльтыматум заяўлены афіцыйна. Стала ясна, што гэта ня проста эмоцыя Пуціна. Расея падвысіла стаўкі так, як яшчэ не павышала іх за апошнія 17 гадоў — у 2002-м Пуцін сказаў пра „мух і катлеты“, але тэма хутка сышла на нішто».

4 красавіка 2019 году

Міхаіл Бабіч (на той момант амбасадар Расеі ў Беларусі, але цяпер ужо не) кажа, што канкрэтная цана на газ для Беларусі разглядаецца ў комплексе ўсіх інтэграцыйных пытаньняў.

А менавіта — стварэньня адзінага газавага рынку, адзінага рынку нафтапрадуктаў, рынку энэргетыкі, а таксама стварэньня роўных умоў гаспадараньня.

Градус пагрозы: 30.

«Гэта быў першы раз, калі газ зьвязалі з інтэграцыяй. Гэта пашырыла поле шантажу, хоць тады было яшчэ не на 100% ясна, ці ідзе гаворка аб ацэнцы сытуацыі Бабіча, ці гэта перамоўная пазыцыя яго начальства. Пазьней выявілася, што другое».

20 чэрвеня 2019 году

Уладзімер Пуцін выказваецца пра рэалізацыю саюзнай дамовы.

«Гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж. Але там, праўда, шмат элемэнтаў аж да стварэньня саюзнага парлямэнту, увядзеньня адзінай валюты і г.д.», — кажа прэзыдэнт Расеі.

Калі гэта не адзіная дзяржава, то што гэта?

Градус пагрозы: 20

«У гэтай заяве не было нічога пагрозьлівага, Пуцін паўтарыў даўнюю пазыцыю: мы не аб’ядноўваемся ў адну краіну, але ў дамове ёсьць яшчэ пункты, якія можна выканаць. Да Менску ў гэтых словах не выставілі канкрэтных патрабаваньняў, гэта агульная расстаноўка сьцяжкоў і спроба супакоіць „алярмістаў“».

24 чэрвеня 2019 году

Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт заяўляе, што беларускі бок «палітызуе» рашэньні пра забарону на ўвоз беларускай прадукцыі ў Расею.

Данкверт кажа, што забарона — «звычайная праца», хоць ведае, што Аляксандар Лукашэнка блізка да сэрца ўспрымае кожны такі выпадак. Пазьней кіраўнік Беларусі яшчэ раз згадае, што прадукцыя 80 беларускіх прадпрыемстваў забароненая для ўвозу ў Расею.

«Калі мы так адзін з адным строім дачыненьні, то пра якую агульную валюту і аб’яднаньне дзяржаваў можна размаўляць?» — сказаў Лукашэнка.

Градус пагрозы: 0

«Гэты аспэкт спрэчкі не павышае імавернасьць інтэграцыі, хутчэй наадварот, злуе Лукашэнку і дае Менску яшчэ адзін аргумэнт, каб ад інтэграцыі адбівацца. Маўляў, якое можа быць аб’яднаньне, пакуль у вас Данкверт нашы прадукты блякуе».

26 чэрвеня 2019 году

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведамляе, што выдзяленьне дзяржаўнага крэдыту на 630 мільёнаў даляраў Расея зьвязвае з інтэграцыйнымі працэсамі.

«Міністар фінансаў Сілуанаў (Антон Сілуанаў, міністар фінансаў РФ. — РС) шмат разоў казаў, што калі мы выйдзем на агульным мэханізм інтэграцыі, то будзем вырашаць пытаньне крэдытнага ўзаемадзеяньня ў больш шырокім фармаце», — кажа Ермаловіч.

Градус пагрозы: 10

«Беларусі цяжка знайсьці газ і нафту ў іншых месцах, давядзецца размаўляць з Расеяй. Але грошы мы пашукаць у сьвеце можам, гэта не крытычная рэч. Вось і гэтым разам бяруць крэдыт у Кітаі. Так, Масква ўцягнула ў інтэграцыю яшчэ і крэдыты, але гэта наўрад ці заахвоціць Менск здацца, а хутчэй падштурхне да дывэрсыфікацыі і ўмацаваньня ў думцы, што Расея — ненадзейны крэдытор».

8 ліпеня 2019

Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Козак заяўляе, што размаўляць пра пастаўкі газу і тое, як будзе выглядаць рынак газу, можна будзе толькі пасьля перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў.

Градус пагрозы: 40

«Пацьвердзілі красавіцкія словы Бабіча, гэта яшчэ адно значнае павышэньне ставак. Газ таксама стаў рычагом шантажу. Беларусі патрэбна дамова аб газе да канца году, і яна будзе вымушана абмяркоўваць гэтую тэму, яе немагчыма будзе адфутболіць на потым або раьвярнуцца і пайсьці па газ да кагосьці іншага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG