Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім патлумачыла, чаму ня будзе балятавацца ў дэпутаты ў Менску


Алена Анісім, архіўнае фота
Алена Анісім, архіўнае фота

Дзейная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім будзе балятавацца ў парлямэнт на новых выбарах, якія маюць адбыцца сёлета ў лістападзе. Пра гэта яна 12 ліпеня сказала Свабодзе.

«Некаторыя мае сябры зараз раяць вылучаць сваю кандыдатуру ў адной зь менскіх акругаў. Маўляў, тут сабраць неабходную тысячу подпісаў выбарнікаў у сваю падтрымку значна лягчэй, чым у вёсках. Але я такога не хачу. Пераканалася, што ў рэгіёне працаваць цікавей. Тут бачыш сваіх выбарнікаў наўпрост. І хоць я жыву ў сталіцы, у мяне ёсьць максымум магчымасьцяў рэгулярна зь імі бачыцца, што і адбываецца», — кажа Алена Анісім.

Сёлета яна будзе зноў вылучацца па Стаўпецкай выбарчай акрузе № 70. На такое рашэньне паўплывала і пасада старшыні ТБМ, прызнаецца спадарыня Анісім:

«Мне цікава працаваць у рэгіёнах, бо тут бачна, як на ўсё рэагуюць мясцовыя ўлады. Тут я магу падтрымаць нашых шараговых сябраў і празь беларускую мову рэтрансьляваць сваё бачаньне разьвіцьця краіны. Таму гэты варыянт для мяне лепшы».

Займалася 217 справамі сваіх выбарнікаў

Алена Анісім кажа, што праца яе як дэпутата ў парлямэнце шырока асьвятлялася. Але значна меней вядома пра справы ў акрузе. «Цягам свайго дэпутацтва я як магла спрыяла кожнаму свайму выбарніку», — падкрэсьлівае Анісім:.

«Я здолела дамагчыся, каб маці з трыма дзеткамі атрымала субсыдыю на жыльлё. Зусім маладзенькую сям’ю з маёй дапамогай зьнялі з уліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Маладому спэцыялісту паспрыяла ў атрыманьні кватэры. Ёсьць наступныя лічбы. Я стала дэпутатам у лістападзе 2016 году. За гэты час, без уліку 2019 году, я займалася 217 справамі сваіх выбарнікаў. Гэта толькі тое, што зафіксавана пісьмова. А былі ж і вусныя звароты».

Стаўленьне мясцовых уладаў зьмянялася

Алена Анісім бачыла, што спачатку кожны яе зварот успрымаўся ў штыкі.

«Мясцовыя начальнікі чамусьці лічылі, што зварот любога выбарніка да дэпутата — гэта скарга на іх. Даводзілася тлумачыць і пераконваць, што дэпутат выступае ў такіх сытуацыях як пасярэднік паміж выбарнікам і начальнікам. Я заўжды казала, што шукаю магчымасьць, як разруліць той ці іншы канфлікт, а не знайсьці вінаватага. І трэба сказаць, што раённае начальства мяне паступова пачало разумець, і мы знаходзілі рашэньне шэрагу праблемаў, хоць яны і не былі простымі», — кажа дэпутатка.

Цікавыя навіны Анісім даведваецца на футболе

Алена Анісім кажа, што стараецца не прапусьціць ніводнага матча футбольнага клюбу «Гарадзея», які ўдзельнічае ў чэмпіянаце Беларусі.

«Я яшчэ са школы любіла спорт. Калі жыла ў інтэрнаце БДУ, шмат часу праводзіла на стадыёне. На жаль, на той час жаночы футбол ня быў папулярным, а то я, магчыма, і стала б футбалісткай. Але цікавасьць да гэтай гульні засталася. І цяпер, калі „Гарадзея“ гуляе на сваім стадыёне, я стараюся не прапусьціць ніводнага матча. І сама атрымліваю задавальненьне, і часта на трыбунах атрымліваю такую інфармацыю, пра якую б нідзе ў іншым месцы не даведалася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG