Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск як ахвяра ідзе на эшафот, і ўсё залежыць ад прысуду Масквы», — Павал Вусаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцуін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцуін, архіўнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Павал Вусаў. Ён лічыць, што Масква хоча вырашыць пытаньне зь Беларусьсю як мага хутчэй, тлумачыць, чаму Менск ужо амаль не супраціўляецца Крамлю, і заяўляе, што нават у гэтай сытуацыі грамадзянская супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.

Сьцісла

  • Крэмль будзе ціснуць на Менск да апошняга, каб закрыць тэму паглыбленьня інтэграцыі.
  • Калі з інтэграцыяй нічога не атрымаецца — для Масквы гэта будзе сур’ёзны геапалітычны правал. Яна прадэманструе сваю слабасьць.
  • Менск не ацэньвае сытуацыю стратэгічна. Менск выглядае як аб’ект інтэграцыйнага націску.
  • Грамадзянская супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.

Масква хоча вырашыць пытаньне зь Беларусьсю як мага хутчэй

— Менск і Масква стварылі працоўныя групы для ўзгадненьня пазыцыяў у справе інтэграцыі і прызначылі дэдлайн — 21 жніўня. Менавіта ў гэты дзень у Менск прыяжджае прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Як вы лічыце, ці варта чакаць абвяшчэньня нейкіх супольных рашэньняў, узгодненых пазыцыяў?

— Я думаю, у найбліжэйшыя дні могуць прагучаць заявы, зьвязаныя з аб’яўленьнем асноўных момантаў, пра якія вядзецца размова, стварэньнем ключавых інтэграцыйных аспэктаў — адзіная валюта, адзіны эмісійны цэнтар. Магчыма, сёньня мы пачуем ключавыя выказваньні наконт гэтага. Мяркую, Крэмль будзе ціснуць на Менск да апошняга, каб закрыць тэму паглыбленьня інтэграцыі.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Відавочна, што Масква сьпяшаецца з дадзеным праектам. Ад посьпехаў на гэтым кірунку будзе залежаць і далейшая стратэгія Крамля, што тычыцца пэрспэктываў для Пуціна. Для Масквы важна менавіта сёньня паставіць кропку ў ключавых пытаньнях. Гэта будзе мець сымбалічны аспэкт, зьвязаны з тым, што 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна.

— Няўжо вы разьлічваеце, што могуць быць аб’яўленыя ўзгодненыя пазыцыі па тых момантах, па якіх беларускі бок даволі пасьпяхова адбіваўся ўсе гэтыя гады і даваў зразумець, што ня пойдзе тут на нейкія саступкі — адзіная валюта, адзіная падатковая і мытная палітыка, нават адзіная візавая палітыка?

— Зьмяніўся падыход Расеі да інтэграцыйнага працэсу. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты падыход быў больш фармальны. А цяпер відавочна, што Крэмль жадае перавесьці «саюзны працэс» у практычную плоскасьць. Варта прыгадаць і ўчорашнюю заяву Пуціна, дзе ён ясна даў зразумець, што Масква накіраваная на пабудову паўнавартаснай «саюзнай дзяржавы». Што гэта такое — мы добра ведаем, калі прыгадаем, як выглядаў Савецкі Саюз.

Гэта прымушае мяне казаць, што Масква зацікаўленая ў вырашэньні гэтага пытаньня як мага хутчэй. Тым больш прагучалі ўжо заявы, што на 90 працэнтаў усе пагадненьні ўжо ўзгодненыя.

— Вы верыце ў гэтыя заявы? Можа, гэта была проста форма псыхалягічнага ціску на Менск? У гісторыі беларуска-расейскіх адносінаў такое здаралася ўжо ня раз, калі абвяшчаліся нейкія дамоўленасьці — а потым яны зрываліся. Пуцін нават указ падпісваў пра вайсковую базу, а базы так і няма.

— На жаль, раней не было вайны ва Ўкраіне, не было такой жорсткай канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам. Для Масквы цяпер «саюзная дзяржава» — гэта вельмі важны геапалітычны крок, гэта прасоўваньне геапалітычных інтарэсаў далей на Захад. Менавіта Масква ставіць умовы Менску, а не наадварот. Тое, што ўсё гэта трымалася ў сакрэце, сьведчыць, што Крэмль зацікаўлены ў тым, каб рэалізавалася ягонае бачаньне «саюзнай дзяржавы».

Калі ў выніку ўсяго гэтага нічога не атрымаецца — для Масквы гэта будзе сур’ёзны геапалітычны правал. Яна прадэманструе сваю слабасьць, і Менск атрымае больш дывідэндаў. І Масква ня можа гэтага дапусьціць, бо гэта будзе доказам для Захаду, што Расея слабая.

— З матывацыяй Масквы мы (прынамсі, у нашай размове) разабраліся. Але — што можа адказаць Менск? Ці ён павінен 1) пайсьці на жорсткую канфрантацыю, ці 2) спрабаваць зацягнуць перамовы, ці 3) у выбарчы год Лукашэнку важная ляяльнасьць Масквы, таму ён можа трошкі саступіць на паўгода-год?

— Для Беларусі ўвогуле лепей было б не ісьці на гэтыя перамовы. То бок Менск увогуле не ацэньвае сытуацыю стратэгічна, глядзіць на яе з кароткай пэрспэктывы. Вось мы зараз на паўгода сытуацыю забалбочам, а потым у нас узьнікне новае акно магчымасьцяў. Напэўна, гэты падыход і запанаваў, калі пайшла размова пра стварэньне гэтых групаў. Верагодна, Менск палічыў, што Расея будзе зацягнутая ў новыя канфрантацыйныя сытуацыі, і гэта адцягне ўвагу Крамля. У гэтым сэнсе беларускі бок прайграў.

Дзень Расеі ў Менску, 8 чэрвеня 2019. Дзяржсакратар «​Саюзнай дзяржавы»​ Беларусі і Расеі Грыгорый Рапота прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас Жанна Румас амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў
Дзень Расеі ў Менску, 8 чэрвеня 2019. Дзяржсакратар «​Саюзнай дзяржавы»​ Беларусі і Расеі Грыгорый Рапота прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас Жанна Румас амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў

Была магчымасьць зацягнуць гэты працэс — зьліць інфармацыю адносна таго, пра што вядуцца перамовы. Але нават тут Менск паводзіў сябе вельмі пасіўна. То бок Менск выглядае як аб’ект інтэграцыйнага ўзьдзеяньня. Бачна, што нейкіх рэсурсаў, каб адыграць і нешта супрацьпаставіць Маскве, — няма. І спадзяваньні пераносіліся не на нейкія ўласныя рэсурсы, а на чаканьне нейкіх зьнешніх фактараў, якія маглі б пераламіць сытуацыю. Але гэтых фактараў не зьявілася. І цяпер, на маю думку, Менск выглядае як ахвяра, якая ідзе на эшафот, і ўсё залежыць ад таго, які прысуд вынесе Масква.

Альбо Менск працягвае інтэграцыйныя працэсы з Расеяй, альбо выходзіць зь іх і дэнансуе дамоўленасьці аб саюзнай дзяржаве

— А чым вы патлумачыце гэтую пасіўнасьць? Раней, як мы памятаем, Лукашэнка дазваляў сабе вельмі «непасіўныя» паводзіны, нават пасьля 2014 году. Чаму апошнія паўгода-год беларускі бок асабліва «ня рыпаецца»?

— Скончыліся рэсурсы, перш за ўсё эканамічныя, каб утрымліваць сытуацыю ў краіне. Ня трэба забывацца, што ўся беларуская гаспадарка пабудаваная на расейскіх датацыях, расейскіх крэдытах і расейскім рынку. І за гэты час, пасьля Крыму, Менск нічога не зрабіў, каб нейкім чынам аздаравіць эканоміку, пераарыентавацца на іншыя рынкі, дывэрсыфікаваць энэргарэсурсы. Наадварот, пабудавалі атамную станцыю за расейскія грошы.

Ніякіх высілкаў не рабілася, каб абараніць эканамічны і стратэгічны сувэрэнітэт ад Расеі. Я ўжо не кажу пра стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і гэтак далей. Лукашэнка рабіў дэклярацыі, але за імі няма рэсурснай базы. У Маскве гэта разумеюць, і Менск паводзіць сябе як ахвяра.

Што застаецца? Пасьля 2014-га ўтварылася абсалютна ясная сытуацыя — альбо Менск працягвае інтэграцыйныя працэсы з Расеяй, альбо выходзіць зь іх і дэнансуе дамоўленасьці аб саюзнай дзяржаве. Што цікава — Менск ня ў стане зрабіць ані першага, ані другога — і з прычыны псыхалягічных, і палітычных момантаў. У выніку Беларусь зацягваецца ў вір, і нам застаецца назіраць, як мы губляем краіну.

— Магчыма, толькі назіраць — гэтага мала. Якраз у апошнія тыдні ў сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваецца, як незалежнае грамадзтва можа паўплываць на гэтыя працэсы. Ня толькі назіраць, але і спрабаваць умяшацца ў іх.

— Безумоўна, умяшацца варта, і гэта было б натуральным. Лукашэнка даўно б мог зрабіць з апазыцыі саюзьніка хаця б на гэты кароткі пэрыяд перамоваў з Расеяй. Гэтага ня толькі не было зроблена, але грамадзянская, дэмакратычная супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.

Калі б ён быў зацікаўлены ў тым, каб зацягнуць ці сарваць гэтыя перамовы, то былі б зробленыя дзьве рэчы. Па-першае, адбыўся б нейкі зьліў, пра што вядуцца гэтыя перамовы — можна было б проста даць адказ на пытаньні дэпутатаў Канапацкай і Анісім. І другое — даць зялёнае сьвятло апазыцыйным арганізацыям для правядзеньня мітынгаў і акцыяў у падтрымку палітычнай незалежнасьці. Дык нават гэтага не было зроблена.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG