Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пэрыядычны пост падаўжае жыцьцё


Сакрэт доўгага жыцьця можа хавацца ня ў тым, што вы ясьце, але ў тым, калі вы ясьце. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Тэйлар Лупаў.

Пэрыядычнае галаданьне або абмежаваньне ежы практыкуецца са старажытных часоў у многіх рэгіёнах сьвету. Гэтая практыка зьвязана з рэлігіяй, але апошнім часам навукоўцы сьцьвярджаюць, што яна мае і вялікую карысьць для здароўя.

Страта вагі

Каб атрымаць найбольш карысьці ад пэрыядычнага галаданьня, трэба зразумець, што больш важна тое, калі мы ямо, чым тое, што мы ямо. У прынцыпе, заўсёды трэба трымацца здаровай дыеты, якая ўключае ў сябе гародніну, посны бялок і суцэльнае збожжа.

лёгкі стрэс, зьвязаны з галаданьнем, прыносіць арганізму такую самую карысьць, як і фізычныя практыкаваньні

Сёньня існуе шмат варыянтаў пэрыядычнага галаданьня або абмежаваньня ежы. Некаторыя зь іх прадугледжваюць абмежаваньне спажыванай энэргіі да 500 калёрый у дзень два разы на тыдзень. Іншыя заклікаюць адмовіцца ад ежы на 24 гадзіны адзін або два разы на тыдзень. А ёсьць і такія, што абмяжоўваюць сам час прыняцьця ежы да 8 гадзінаў кожны дзень, пакідаючы 16 гадзінаў на галаданьне.

Прычыны карысьці пэрыядычнага галадаваньня да канца лекарам няясныя. Нехта мяркуе, што лёгкі стрэс, зьвязаны з галаданьнем, прыносіць арганізму такую самую карысьць, як і фізычныя практыкаваньні. Іншыя кажуць, што абмежаваньне ў ежы запускае мэханізм самааздараўленьня клетак.

Таксама важна, што абмежаваньне спажываных калёрый павялічвае імунітэт і здольнасьць арганізму процістаяць хваробам.

Ну і вельмі важна, што пэрыядычнае галаданьне дапамагае зьнізіць вагу і пасьпяхова змагаецца з атлусьценьнем.

Здароўе сэрца

Якраз залішняя вага ўплывае найболей на здароўе сэрца і выклікае высокі ціск.

І, аказваецца, пэрыядычнае галаданьне таксама вельмі пазытыўна ўплывае на сэрца. Ёсьць ужо цэлыя дасьледаваньні, якія паказваюць, што людзі, якія пэрыядычна галадаюць, маюць больш здаровую сардэчна-сасудзістую сыстэму.

Адносна мэханізму гэтага мэдыкі таксама спрачаюцца. Некаторыя лічаць, што галаданьне зьніжае ўзровень дрэннага халестэрыну, а таксама запаленьня і ўстойлівасьці да інсуліну.

Павелічэньне працягласьці жыцьця

Дасьледаваньні паказваюць, што абмежаваньне калярыйнасьці ежы станоўча ўплывае на працягласьць жыцьця. Мэханізм гэтага да канца таксама пакуль няясны. Лічыцца, што галаданьне змагаецца з эфэктамі старэньня на клетачным узроўні.

Абмежаваньне калярыйнасьці ежы і пэрыядычнае галаданьне зьніжае пашкоджаньне ДНК, паскарае выпрацоўку камлёвых клетак і абараняе клеткі мозгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG