Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ад пачатку году патраціла амаль 600 мільёнаў даляраў на выплаты замежнага доўгу


Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 траўня склаў 43,7 млрд рублёў, або 34,8% да ВУП, паведамляе Міністэрства фінансаў. У студзені–​красавіку 2019 году ён зьменшыўся ў параўнаньні з пачаткам 2019 году на 3,8%.

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 траўня — 16,7 млрд даляраў. З пачатку году ён зьнізіўся на 1,3%, на выплаты яго ў студзені–красавіку Беларусь патраціла 588 млн даляраў.

За гэты час урад Беларусі ўзяў новыя пазыкі на 299,6 млн даляраў (257,4 млн даляраў у Расеі; 28,2 млн — у Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР); 7 млн — у Экспартна-імпартнага банку Кітаю; 7 млн — у Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця).

Унутраны дзярждоўг на 1 траўня — 8,5 млрд рублёў (на 4,3% менш у параўнаньні з пачаткам году).

Рост сумарнай дзяржаўнай запазычанасьці запаволіўся: калі за 2018 год яна вырасла на 7,6%, то за 2017 год — на 14,1%, за 2016 год — на 12,5%, за 2015 год — аж на 66,4%, за 2014 год — на 28,2%, за 2013 год — на 19,6%.

Агулам Беларусь у 2019 году павінна накіраваць на выплаты па дзярждоўгу больш за 8,7 млрд рублёў (зь іх 5,8 млрд — на замежную запазычанасьць, 2,9 млрд — на ўнутраны дзярждоўг).

Аднак, згодна з ацэнкамі Міжнароднага валютнага фонду, калі Расея не кампэнсуе Беларусі нэгатыўныя наступствы падатковага манэўру ў нафтавай галіне, дзярждоўг краіны ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве вырасьце да 70% ВУП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG